25 сакавіка выйшаў першы нумар электроннага краязнаўчага гістарычна-літаратурнага часопіса “Нясвіжскія каеты”. Заснавальнік часопіса Нясвіжская раённая арганізацыя ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”. За год да гэтага нясвіжскія ўлады ў асобе начальніка ідэалагічнага аддзела былі папярэджаны пра выхад часопіса, ім было прапанавана супрацоўніцтва. Адказ быў: “Мы зробім самі, мы зробім лепш”. Канешне, нічога не зрабілі, а калі ТБМ выпусціла часопіс самастойна, то сустрэлі яго ў штыкі. Не спадабалася ўсё: ад загалоўка да складу рэдкалегіі. Таму, калі старшыня Нясвіжскай арганізацыі ТБМ звярнулася з просьбай дазволіць прэзентацыю ў музеі ці бібліятэцыі, то атрымала адмову. Адмова – узор яшчэ той слоўнай эквілібрыстыкі. Тры разы прачытаеш, а так і не зразумееш, што не так.

Таму 12 красавіка прэзентацыя адбылася ў офісе грамадскіх арганізацый у вузкім коле. Прысутнічалі сябры рэдкалегіі, некаторыя аўтары, краязнаўцы, якія не патрапілі ў першы нумар, але збіраюцца супрацоўнічаць з часопісам. Прысутнічалі, у тым ліку, старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Стаўпецка-Нясвіжскай акрузе Алена Анісім і намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік.
Падчас прэзентацыі былі разгледжаны ўсе рубрыкі часопіса, якія ўзніклі, і ўсе матэрыялы, змешчаныя ў першым нумары. Трэба сказаць, што 80 старонак А-4 для пачатку – у прынцыпе нармальна. Далей будзе чуць менш ці чуць больш, але фармат зададзены, гэта – не 20, і гэта – не 200 старонак, гэта – недзе 60-100.

Былі прапановы дадаць публіцыстыку, але пакуль гэтая прапанова не падтрымана. Падтрымана прапанова праспрабаваць даваць хроніку Нясвіжчыны, падаваць сур’ёзныя падзеі, якія маюць доўгатэрміновую перспектыву (скажам – пабудавалі новую царкву або хоць новую АЗС, але пабудавалі на многія гады).
Былі абазначаны тэмы другога нумара і тэрміны падачы матэрыялаў. Партфель другога нумара павінен быць сфармаваны да 31 траўня. Матэрыялы можна пасылаць на самыя розныя пошты сяброў рэдкалегіі, але адчынена і спецыяльная паштовая скрыня E-mail: kajety@list.ru.
На сёння часопіс можна знайсці на сайтах:
http//nslowa.by
http//pawet.net
http//belkiosk.by
http//kamunikat.org
Такім чынам першы нумар “Нясвіжскіх каетаў” у сусветнай павуціне. Шукайце, чытайце.
Яраслаў Грынкевіч.

