Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
100 дубоў для Жылкі

100 дубоў для Жылкі

25 красавіка 2019, 00:18 ТБМ 36
100 дубоў для Жылкі

І вось ужо ў дзеях і чынах,

У справах будзённых, людскіх

Я  ўзрушаным сэрцам няўпынна

Шукаць хараства не прыціх.

Уладзімір Жылка.

 

Кожная добрая справа, мабыць, таму і добрая, што заўсёды мае некалькі карысных складнікаў. Вось і тая, што адбылася нядаўна ў Гарадзеі, аб’ядноўвае розныя накірункі – эстэтычны і гаспадарчы, прыродалюбны і экалагічны, вы-хаваўчы, літаратурны, краязнаўчы… Спытаеце, а што ж за дзея такая?  – Адна з тых трох, якія па даўняй народнай завядзёнцы па-вінен зрабіць кожны чалавек, – пасадзіць дрэва.  Ды не абы-якое, а дуб – самае даўгавечнае на нашай зямлі, сімвалічна-сакральнае для беларусаў.

Вялікая сіла грамады ў простай статыстыцы: калі кожны пасадзіць хоць адзін дубок – атрымаецца дуброва. Так і сталася на гарадзейскім беразе нясвіжскай Ушы, непадалёк ад цукровага камбіната. Дзейная нямала гадоў шматфункцыянальная зона адпачынку “Ціхая затока”займела яшчэ адну мясцінку, дзе жыхары пасёлка цукравараў, вакольных вёсак і прыезджыя змогуць у затульнай цішыні бавіць вольны час, любавацца роднымі даляглядамі. 

Ініцыятарам і каардынатарам вялікай падрыхтоўчай работы выступіў Леанід Качановіч – гісторык, краязнавец, майстар па добраўпарадкаванні Гарадзейскай філіі ЖКГ, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыяналь-нага сходу Алены Анісім. Спадар Леанід удзячны кіраўніцтву і рабочым цукровага камбіната за разуменне і неаднаразовую дапамогу. Горача падтрымаў-ухваліў  ідэю, актыўна далучыўся да распрацоўкі эстэтычнай часткі праекта журналіст, эколаг, заснавальнік і аўтар шматгадовай каляндарнай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” Валер Дранчук, выканаў нават мастацкі план-накід агляднай пляцоўкі з берага ракі. Ад сяброў ТБМ прагучала  прапанова ўшанаваць дубровай імя Уладзіміра Жылкі. 14 ранніх гадоў паэта належаць Нясвіжчыне, маляўнічай вёсачцы Макашы, што ад Гарадзеі за некалькі кіламетраў па цячэнні Ушы. 14 гадоў –  гэта амаль палова жыцця нястомнага шукальніка красы і пекнаты, бо зямныя яго дарогі вымяраюцца няпоўнымі 33-ма гадамі.

 

У прызначаны дзень акцыя “100 дубоў для Жылкі”сабрала больш за паўсотню ўдзельнікаў. Прыйшлі-прыехалі, хто з рыдлёўкай, хто з вядром, адзінаццацікласнікі СШ № 2 г.п. Гарадзея са сваім класным кіраўніком, вучні спецшколы-інтэрната з настаўнікам, сябры Гарадзейскай і Карцэвіцкай суполак ТБМ, работнікі ЖКГ, гарадзейскія спартсмены-футбалісты, рабочыя камбіната, жыхары пасёлка. Прыехала павітаць грамаду і далучыцца да супольнай прыцы старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім.

– Як жа было не падтрымаць разумную і надзённую  ініцыятыву, – кажа яна, – як жа не парадавацца стваральнай актыўнасці людзей на карысць свайго краю! 

У выніку культурна-экалагічнай, краязнаўча -літаратурнай працоўнай  акцыі пасаджана акурат 100 дубоў. Кожны ўдзельнік жадаў ім прыжыцца, каб праз год у маладой дужасці галін, зялёных карунках свежай лістоты сустрэць 120-годдзе паэта-земляка (27 тра-ўня – гэта дзень нараджэння Уладзіміра Жылкі – дубы, хоць і познія дрэвы, але ўжо праступяць лісцем).

 

Сябры ТБМ заклікаюць  далучацца да акцыі “100 дубоў для Жылкі”.  Беларусы! Суайчыннікі! Саджайце прыгожыя і дужыя дрэвы ў гонар паэта, што спавядаў хараство як магутную ўратавальную сілу.

– – – – – – – – – – – – – –  –

З надзеяй на падтрымку ў школе № 2 г. п. Гарадзея парупіліся ўжо  закласці гадавальнік маладых дубкоў.

Старшыня Нясіжскай раённай арганізацыі ТБМ

Наталля Плакса.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1418
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас