Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Эмануіл Іофэ: “Мяне цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі”

Эмануіл Іофэ: “Мяне цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі”

16 красавіка 2019, 07:52 Навука 39
Эмануіл Іофэ:   “Мяне цікавяць малавядомыя старонкі гісторыі”

Доктару гістарычных навук, выкладчыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка, прафесару Эмануілу Рыгоравічу Іофэ 20 сакавіка споўнілася 80 гадоў. За плячыма ў яго – адукацыя гісторыка, палітолага і сацыёлага, ён – аўтар 49 манаграфій  і  2050 публікацый пра знаных асобаў гісторыі і культуры Беларусі, дзяржаўных кіраўнікоў, сусветнавядомых навукоўцаў, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, выхадцаў з Беларусі.

Э.Р. Іофэ з’яўляецца чальцом  Беларускага саюза журналістаў і Міжнароднай арганізацыі беларусістаў, ён – акадэмік і член прэзідыюма Міжнароднай акадэміі вывучэння праблем нацыянальных меншасцяў. Энцыклапедыст, эрудыт, чалавек, поўны жыццёвай энергіі, дабразычлівасці і гумару, шчыра дзеліцца сваімі ведамі і навуковымі здабыткамі. У 2018 годзе прафесар Іофэ выступіў з дакладамі на 24 рэспубліканскіх канферэнцыях па пытаннях гісто-рыі, культуры, літаратуры. Яго артыкулы пра Алеся Чарвякова, Алеся Бачылу, Рыгора Бярозкіна, Адама Кіркора, Рыгора Рэлеса, Міхася Няхая друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Роднае слова”, “Беларуская думка”, “Дзеяслоў”, “Архэ”.

 

Шчаслівы бацька дзвюх дачок і дзядуля шасці ўнукаў радуецца іх жыццёвым крокам. Роднаму мястэчку Беразіно даследчык прысвяціў кнігу і цыкл нататкаў “Культурная Бярэзен-шчына”.

– Эмануіл Рыгоравіч, Вы нагадалі чытачам пра кампазі-тара Міколу Равенскага і мастакоў Іпаліта, Гілярыя і Апалінарыя Гараўскіх, якія нарадзіліся паблізу ад Вашай роднай мясціны. А што запомнілася Вам з дзяцінства?

– На беразе ракі Беразіны стаяў палац графа Патоцкага, знаходзіўся касцёл 1641 года. У будынку графскага палаца як раз знаходзілася школа. Я пайшоў у 1-шы клас 1 верасня 1946 года. Нарадзіўся я ў 1939 годзе. Калі пачалася вайна бацька знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Маскве. Маці была цяжарная трэццім дзіцём. Натоўп бежанцаў быў вялікі, нас з маці падабралі на машыну, і мы засталіся жыць. Мы былі ў эвакуацыі ў Тамбоўскай вобласці і ў Казахстане. Малодшы брат нарадзіўся 12 студзеня 1942 года.

З дзяцінства я любіў гістарычную літаратуру. Таму пасля заканчэння школы ў 1956 годзе я паступіў на гістарычны факультэт БДУ. У 1957 годзе ўдзельнічаў у асваенні Цаліны.

Адзін з маіх братоў Саул (Сева) стаў ганаровым дарожнікам Беларусі, ён – аўтар 8 паэтычных зборнікаў і гімна дарожнікаў, быў стваральнікам і дырэктарам музея дарог. Другі брат Навум быў памочнікам механіка ваенна-будаўнічага завода, унёс дзясяткі рацыяналізатарскіх прапановаў і быў узнагароджаны прэміямі.

– У Вас біблейскае імя. “Эмануіл” азначае “З намі Бог”. Ваш дзед ці тата знаёміў Вас з Бібліяй?

– Мой тата Рыгор Саулавіч быў вернікам, ён хадзіў у малітвенны дом, чытаў кадыш. Ён атрымліваў адукацыю ў хэдэры. Тата ваяваў у 1-ай коннай арміі ў часы Грамадзянскай вайны, а потым быў першым міліцыянерам у мястэчку Сяліба Бярэзінскага раёна (раней – Ігуменскага павета).

 

– Сёлета, калі мы адзначаем 100-годдзе БССР, актуальна Ваша кніга “От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР” і артыкул “Забытыя імёны кіраўнікоў БССР.” Вы пацвердзілі,  што з 19 старшынь урада БССР  у час палітычных рэпрэсій пяцёра загінулі (Жылуновіч, Чарвякоў, Адамовіч, Галадзед, Валковіч), з 23 адказных сакратароў ЦК КПБ трагічна загінулі 11 (Кнорын, Гамарнік, Гікала, Шаранговіч і іншыя).

– На канферэнцыі да 100-годдзя БССР я выступаў з дакладам: “Палітычная і дзяржаўная эліта БССР з 1919 па 1991 год”. Я знайшоў новыя матэрыялы пра Галадзеда, быў знаёмы з яго жонкай Верай Сцяпанаўнай Амельянчык і ўнучкай, па крупіцах збіраў матэрыял у архівах.

Мяне цікавілі малавядомыя старонкі жыцця Алеся Чарвякова, найперш, яго роля ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, прапагандзе беларускай мовы і літаратуры. З усіх кіраўнікоў Савецкай Беларусі даваеннага перыяду толькі Алесь Чарвякоў і Вільгельм Кнорын былі па прафесіі настаўнікамі. Чарвякоў стаў камісарам асветы ССРБ, намеснікам камісара асветы Літоўска-Беларускай ССР і быў ініцыятарам разгортвання культурна-адраджэнцкіх працэсаў, маторам беларусізацыі.

Згортаванне беларусізацыі ў 1929 годзе стала вынікам прамых і ўскосных сілавых дзеянняў звышінтэрнацыяналісцкай часткі партыі, якая ператварылася ў пануючую.

– Ваша вялікая заслуга – даследванне гісторыі яўрэйскага народа, якой Вы прысвяцілі шмат старонак. Да перабудовы гэтая тэма была закрытай, савецкая прапаганда палохала словам “сіянізм”.

– Гісторыя яўрэйскага народа налічвае больш чатырох тысячагоддзяў. Яна цяжкая: народ, які страціў дзяржаўнасць, быў расселены па свеце і пражыў больш двух тысячагодзяў удалечыні ад гістарычнай радзімы, праз дваццаць стагоддзяў захаваў індывідуальнасць і аднавіў сваю дзяржаву на старажытнай зямлі. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя, пакуль не прыйшлі гітлераўскія орды і не ператварылі Усходнюю Еўропу ў крэматорый для яўрэяў і іншых нацый, яна была ўнікальнай творчай пляцоўкай для многіх яўрэйскіх пісьменнікаў, артыстаў, філосафаў, вучоных, якія заслужылі сусветнае прызнанне. Я быў прарэктарам яўрэйскага ўніверсітэта і напісаў ў 1996 годзе першы падручнік па гісторыі беларускіх яўрэяў. Цяпер да мене звярнуліся з просьбай яго перавыдаць.

– У кнізе “Белорусские евреи, трагедия и героизм” Вы паказалі не толькі пакуты і  знішчэнне Вашых суродзічаў падчас Халакосту, але і распавялі пра тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на франтах вайны. У кнізе ёсць звесткі пра тое, што 50 сыноў яўрэйскага народа праяўлялі гераізм і мужнасць пры абароне Берасцейскай цвердзі, а 23 беларускія яўрэі атрымалі званні герояў Савецкага Саюза.

– У час вайны загінулі каля 20 маіх сваякоў. Я запісаў 100 інтэрв’ю з вязнямі гета, 55 з іх надрукаваў. Большасць вязняў, якія вырваліся на волю, прынялі актыўны ўдзел у партызанскім руху. Партызанскі атрад Фрыдмана, створаны на Гомельшчыне налічваў 360 чалавек. Ураджэнец Менска, тройчы Герой Сацыялістычнай працы Якаў Зяльдовіч у гады вайны працаваў над стварэннем супрацьтанкавых гранат, развіваў тэорыю гарэння пораху ў рэактыўных снарадах, што адыграла ролю ў стварэнні ” Кацюшы”.

Ураджэнец Магілёва інжы-нер-палкоўнік Якаў Шыфрын  быў дырэктарам падмаскоўнага завода абароннай прамысловасці № 4 па вытворчасці зянітных пушак.

 – Выхадцы з Беларусі былі прэзідэнтамі і прэм’ер-міністрамі дзяржавы Ізраль, лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру. У сваёй сумеснай кнізе з Вашай дачкой Вы напісалі пра Шымона Перэса, Менахіма Бегіна, Іцхака Рабіна.

– Я працаваў у архіве-музеі Яд-Вашэме ў Ерусаліме, у Нью Ёрку, Вашынгтоне, Кіеве, Вільні, Варшаве і іншых гарадах. Зараз я пішу кнігу пра гісторыю яўрэяў на Беларусі з Х стагоддзя па 2018 год. 

– Якое з Вашых даследванняў прынесла Вам найбольшае задавальненне?

– Самай каштоўнай сваёй кнігай я лічу “Абвер. Полиция безопасности и СД, тайная полевая полиция, отдел ” Иностранные армии – Восток” в западных областях СССР “, якая выходзіла ў 2007 годзе ў выдавецтве “Харвест”. Гэта першае выданне ў свеце аб нямецкай разведцы на тэрыторіі Беларусі з 1939 па 1945 гады. Кніга стваралася на падставе архіўных і музейных матэрыялаў Расіі і Беларусі, мемуараў кіраўнікоў нямецкіх і савецкіх спецслужбаў, разведчыкаў. Напярэдадні Другой сусветнай вайны разведка Трэццяга рэйха была самай моцнай і эфектыўнай. Кніга захоўвае інфармацыю пра дзейнасць нямецкіх спецслужбаў на тэрыторыі Беларусі ў 1939-1945 гадах супраць Чырвонай Арміі, мірнага насельніцтва, партызанаў і падпольшчыкаў. Абвер засылаў у Менскае антыфашыстскае падполле сваіх агентаў, якія накіроўвалі сваю дзейнасць на знішчэнне падпольных груп. Нацысцкія спецслужбы наносілі цяжкія ўдары канспірацыйным групам.

– Над якімі тэмамі Вы працуеце зараз?

– Мяне цікавяць невядомыя і малавядомыя старонкі нашай гісторыі. У мінулым годзе у мяне выйшла кніга “Шеф МГБ БССР Лаврентий Цанава, известный и неизвестный”. Я напісаў успаміны пра Веру Палтаран, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, майстра нарыса. У Цэнтры беларускай культуры, мовы і літаратуры я выступаў з дакладам пра ўклад яўрэяў у развіццё беларускага літаратуразнаўства, напісаў пра пісьменнікаў і крытыкаў, даю рэцэнзіі на многія кнігі. Я сябраваў з Янкам Брылём, сустракаўся з Янкам Запруднікам і Зорай Кіпель на навуковых канферэнцыях.

– У супрацоўніцтве з Рыгом Рэлесам Вы выдалі ў 2000 годзе кнігу “Лэхаім!”, у якую сабралі казкі, песні, прымаўкі, ане-кдоты сваіх суродзічаў з Усходняй Еўропы.

– Аднойчы Хрушчоў выклікаў галоўнага равіна. Ён параіў яму напісаць ліст у Амерыку і паведаміць, што ў СССР яўрэі жывуць добра. Равін зрабіў, як патрабаваў Хрушчоў, але дапісаў, што ў нас не хапае свечак і цукру. У ЗША прачыталі ліст і здагадаліся:  “Напэўна, яны жывуць не светла і не салодка!”

Гутарыла Эла Дзвінская,

фота аўтара і з архіва

Э.Р. Іофэ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4730
смак роднае мовы
Мова

смак роднае мовы

16 студзеня 2019, 15:1116
З днём нараджэння Данута Янаўна
літаратура

З днём нараджэння Данута Янаўна

13 снежня 2022, 21:3616
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1416
Далучайцеся да нас