Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Будслаўскі фэст – частка сусветнай духоўнай спадчыны

Будслаўскі фэст – частка сусветнай духоўнай спадчыны

10 красавіка 2019, 21:06 Грамадства, Культура 27
Будслаўскі фэст – частка сусветнай духоўнай спадчыны

31 сакавіка ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла адбылася святочная вечарына, прысвечаная ўключэнню Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Больш за 400 гадоў святыня ў Будславе прыцягвае да сябе сотні вернікаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Касцёл бернардынаў, пабудаваны ў 1783  годзе, абраз, як мастацкая і духоўная каштоўнасць, дзённыя і начныя набажэнствы, казанні святароў, пілігрымкі вернікаў, якія ідуць з розных гарадоў і мястэчак, працэсія, кірмаш мастацкіх вырабаў, фестываль каталіцкага і праваслаўнага друку, канцэрты моладзевых гуртоў, намёты і шчырыя размовы моладзі ля вогнішча – усе гэтыя з’явы ствараюць непаўторны каларыт штогадовага Будслаўскага фэсту.

Пра пабудову санктуарыя Маці Божай у Будславе і гісторыю цудатворнага абраза нагадаў прысутным  кандыдат гістарычных навук, пробашч Чырвонага касцёла, ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк.  Гэтай тэме ён прысвяціў навуковую працу ў час заканчэння вучобы ў Варшаўскай Тэалагічнай Акадэміі, і выдаў пазней асобную кнігу “Будслаўскі касцёл – святыня Беларусі”.

– У 1504 годзе  годзе вялікі князь Аляксандр перадаў гэтую мясцовасць з лесам ва ўладанне віленскім манахам-бернардзінам, – распавёў кс.-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. – Па рэках Сэрвачы і Віліі дрэвы сплаўлялі на будаўніцтва касцёла св. Ганны ў Вільні.

Абраз, напісаны ў духу італьянскага Рэнесансу,  быў подораны ў 1598 годзе папай Рымскім Кліментам VIII менскаму ваяводзе Яну Пацу. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану Ісаку Салакаю, які ў 1613 годзе падараваў яго Будслаўскаму манастыру бернардзінаў. На абразе – срэбны аклад  і карона з каштоўнымі каменнямі.

У гады Другой сусветнай вайны вернікі старэйшых пакаленняў выратавалі храм ад разбурэння. У савецкія часы святары спавядалі там толькі ноччу, схаваныя, служыць было немагчыма.

У часы перабудовы матулі і бацькі, якія захавалі веру, вярнулі належнае шанаванне Маці Божай. З 1989 года праявіўся сапраўдны пульс касцёльнага жыцця, аднавіліся пілігрымкі ў Будслаў, у наступныя гады працэсіі пашыраліся. У 2007 годзе мы правялі вод-ную пілігрымку на сямі лодках працягласцю 308 кіламетраў па тым шляху, па якім манахі сплаўлялі лес у Вільню. З тых часоў тысячы пілігрымаў зноў сцякаюцца ў Будслаў.

– Шчырыя споведзі, адпусты, ачышчаюць і прасвятляюць душы вернікаў. Супольная малітва на роднай беларускай мове аб’ядноўвае і мабілізуе народ, стымулюе развіццё культуры і турызму. З Будслаўскім фэстам мы будзем такім народам, якім Бог хоча бачыць нас! – прамовіў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. – Важна, каб усе адчулі, што на Беларусі ёсць такая святыня, якая прызнана ўсім светам!

6 гадоў таму пачалі ўзнікаць ініцыятыўныя групы, каб надаць сапраўднае шанаванне Будслаўскаму фэсту. Да мяне звярнулася Галіна Івуць і паведаміла пра збор дакументаў. Мы параіліся з прафесарам Уладзімірам Іосіфавічам Навіцкім і пачалі падрыхтоўку. З часам Міністэрства культуры правяло спецыяльнае паседжанне, некалькі гадоў ішла падрыхтоўчая праца.

Пра значэнне Будслаўскага фэсту распавяла Ала Барысаўна Сташкевіч, член Нацыянальнай камісіі  па справах ЮНЭСКА, старшыня фонду “Культурная спадчына і сучаснасць”.

– У 2003 годзе ЮНЭСКА прыняла Канвенцыю аб захаванні духоўнай спадчыны, якую падпісалі 175 краін, у тым ліку і Беларусь. У 2015 годзе Рэспубліка Беларусь прадаставіла пакет дакументаў, у якіх захоўвалася апісанне ўсіх каштоўнасцей Будслава і свята, якое праводзіцца штогод.

Тут прысутнічае  сярэднявечная гісторыя, абраз з’яўляецца узорам мастацтва і захоўваецца ў храме, адбываецца ўрачыстая рэлігійная цырымонія. Будслаўскі фэст – гэта тое, што нас адрознівае ад іншых народаў, што нас яднае, цэментуе нацыю, выхоўвае ў духу салідарнасці. Фэст можа паслужыць далейшаму развіццю культуры, росквіту народных рамёстваў, упрыго-жанню мясцовасці, паспрыяе ўстойліваму турызму.

Пра арганізацыйную працу распавяла куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Фёдараўна Івуць. Яна наведвала Францыю ў 2015 годзе і была запрошана ў культурны цэнтр пры беларускай амбасадзе ў Францыі. Спадарыня Галіна перадала спіс Будслаўскага абраза ў Храм трох свяціцеляў у Парыжы. Яна сустракалася з сакратаром Камісіі па нематэрыяльнай культурнай спадчыне ЮНЭСКА .

На Міжурадавым камітэце ЮНЭСКА, якое адбывалася  ў далёкай краіне Маўрыкій, 28 лістапада 2018 года было прынята канчатковае рашэнне аб уключэнні Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

На паседжанні Міжурада-вага камітэта ЮНЭСКА, якое адбывалася  ў далёкай краіне Маў-рыкій, 28 лістапада 2018 года было прынята канчатковае рашэнне аб уключэнні Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэры-яльнай культурнай сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Сведчаннем пра пешыя посныя пілігрымкі ў Будслаў, якія надаюць здароўя і бадзёрасці, падзялілася паэтка Ядвіга Іванаўна Рай, аўтарка кнігі “Малітва ў дарозе”. Пані Ядвіга ходзіць у пілігрымкі больш дзесяці гадоў і занатоўвае ўсе падзеі і ўражанні аб падарожжах да святыні.

З прывітаннем да грамады звярнуліся жыхаркі Будслава Ірына Пятровіч і Яніна Дземідовіч, якія штогод гасцінна прымаюць і сустракаюць пілігрымаў. Пані Яніна, якая працуе ў школе і выкладае беларускую мову і літаратуру, падзялілася сваім вершам пра Будслаўскую святыню.

 

МАЯ МАЛЕНЬКАЯ РАДЗІМА

О Будслаў! Родная мясціна!

Дзівосны край, славуты кут…

Будзь дабраславёнаю, часіна,

Як светлы цуд з’явіўся тут.

Як ахінула ласкай Божай

Зямельку гэту назаўжды

Святая Маці – воблік гожы

Яшчэ бліжэй нам праз гады.

Храм Апякункі Беларусі

Шляхі здаўна сюды вядуць,

Яму я нізка пакланюся,

Як святам вернікі ідуць.

Кранаюць купалы аблокі…

Ад святыні не адвясці вачэй.

Прыгожы, велічны, высокі,

Зірнеш на храм – і жыць лягчэй.

А Сэрвач сіняю істужкай

Віецца блізка каля ног,

Крылом махае бусел-птушка,

Мясціну гэту выбраў Бог.

 

З прыгожымі  спевамі выступілі Таццяна Дробыш і ўдзельнікі дзіцячай студыі “Неспадзянка”.

Госці вечарыны прагледзелі фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова пра Будслаўскі фэст і пазнаёміліся з выставай мастацкіх прац фатографа Віктара Ведзеня “Дарогі, якімі мы Бога шукаем” у дольняй зале касцёла.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас