Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Урокі мужнасці хору “Лёсы”

Урокі мужнасці хору “Лёсы”

12 лютага 2019, 09:07 Грамадства, Культура 24
Урокі мужнасці хору “Лёсы”

Імі кіруе святое натхненне, пранізлівая памяць і вялікая чалавечая еднасць. Творчы калектыў былых вязняў з Менска стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. На пачатку года хор “Лёсы” выступіў на тэлебачанні, яго чальцы мелі шэраг сустрэч у школах і грамадскіх арганізацыях. Менская габрэйская грамада запрасіла іх ушанаваць 27 студзеня Дзень памяці ахвяраў Халакосту.
Хор былых вязняў ” Лёсы” быў створаны ў 2004 годзе пры сярэдняй школе №137 імя П.М. Машэрава. Настаўніца гісторыі Людміла Шчэннікава з вучнямі-валанцёрамі пачала запісваць успаміны былых вязняў, на аснове ўспамінаў была створана кніга. Былыя вязні Першамайскага раёна сталіцы пачалі збірацца на рэпетыцыі хору ў школе. З канцэртмайстрам Аленай Наву-мчык яны развучвалі вядомыя ваенныя і беларускія народныя песні.
Дзеці вайны здолелі з’яднацца дзякуючы гістарычнай памяці пра цяжкое ваеннае мінулае і праявіць вялікую чалавечую салідарнасць адзін да аднаго. Разам адзначалі юбілеі і круглыя гадавіны вяселляў, дапамагалі прадуктамі харчавання, лекамі і мыйнымі сродкамі, падтрымлівалі сем’і інвалідаў і ляжачых хворых, падбадзёрвалі адзін аднаго.
Нітачка лёсу звязала Яўгенію Піўнявец з Менска са спецыялісткай па міжнародных связях з Майнца Герліндай Браўч. Немцы імкнуліся выправіць сваю віну перад беларускім народам. У 90-тыя гады стварылася “Нямецка-беларускае таварыства сяброўства Майнц-Менск.” Фраў Герлінда запрасіла групу былых вязняў з Беларусі наведаць аб’яднаную Германію. Яна ўсёй душой палюбіла пакутных мужчын і жанчын, якіх вайна пазбавіла дзяцінства, і імкнулася зрабіць як мага больш для іх.

– Памятаю, як у 2002 годзе мне прыйшла пасылка ад фраў Герлінды, поўная дабротнага адзення, – успамінае Яўгенія Міхееўна Вырвіна.
Дзейнасць хору была неверагодна плённай! За 15 гадоў яны некалькі разоў наведалі Германію, пабывалі ў Майнцы, Франкфурце. Хор выступаў у Чэхіі, Францыі, Галандыі, Бельгіі, Фінляндыі, Швецыі, Расіі. Хор спяваў у мэрыях, дамах састарэлых, школах. “Не – фашызму. Дзяцінства без вайны!”- такім быў іх дэвіз выступленняў і сустрэч на міжнародным узроўні. У 2017 годзе яны пабывалі ў Бухенвальдзе, калі адзначалася гадавіна вызвалення вязняў з гэтага канцлагера.
Некалькі гадоў таму ў французскім горадзе Арадуры яны падпісалі зварот да ўсіх народаў Еўропы з заклікам не дапусціць вяртання фашызму. З акцыяй “Не – фашызму. Дзяцінства без вайны!” яны будуць сустракаць сёлета 75-годдзе вызвалення Беларусі.
Фраў Герлінда Браўч была самотнай жанчынай. Яна так прыгарнулася ўсёй душой да беларусаў, так палюбіла нашых суайчыннікаў, што загадала пахаваць себе побач з беларускай сяброўкай. Некалькі гадоў таму прах Герлінды Браўч быў прывезены на Беларусь і пахаваны на Паўночных могілках, дзе быў усталяваны памятны знак.
Урокі мужнасці, якія хор “Лёсы” праводзіць у школах, пачынаюццца з пераклічкі:
– Я – Яўген Стасевіч, 13 гадоў, канцлагер Грос-Розэн, Нямеччына. Я – Жэня Дзегцярова, тры гады, канцлагер Азарычы. Я – Ганна Доўнар, пяць гадоў, Азарычы. Я -Тамара Папова, 900 дзён у блакадным Ленінградзе. Я – Мая Макарчанка, тры гады, Беларусь, аккупацыя.

Ім усім каля 80-90 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, немачы, яны працягваюць збірацца, спяваць, выступаць і дзяліцца ўспамінамі. Навошта? Каб людзі маладзейшага ўзросту памяталі ўрокі гісторыі, былі больш чалавечнымі і спагадлівымі, верылі ў лепшыя якасці беларусаў і здольнасць супольна перадольваць цяжкасці і крызісы.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
1. Хор былых вязняў “Лёсы”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4719
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0016
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5316
Далучайцеся да нас