Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Кнігі пра Беларусь і дзіцячыя часопісы павінны быць у кожнай сям’і

Кнігі пра Беларусь і дзіцячыя часопісы павінны быць у кожнай сям’і

4 лютага 2019, 21:41 Мова 108
Кнігі пра Беларусь і дзіцячыя часопісы павінны быць у кожнай сям’і

Уладзімір Ліпскі – аўтар больш як сямідзесяці кніг прозы, публіцыстыкі, казак для дзяцей, грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. 40 гадоў пісьменнік ўзначальвае рэдакцыю часопіса “Вясёлка”. Гэтай даце была прысвечана літаратурная вечарына, якая адбылася10 студзеня ў Тэатры юнага гледача ў Менску. Выстава твораў пісьменніка і выпускаў “Вясёлкі”за розныя гады разгорнута ў Нацыянальнай бібліятэцы. Уладзімір Ліпскі распавёў пра гісторыю стварэння часопіса.

 

 

– Уладзімір Сцяпанавіч, Вы – лаўрэат спецыяльнай узнагароды “За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы” ў 2015 годзе. Раскажыце, калі ласка, як закладаліся  традыцыі ” Вясёлкі”.

– Традыцыі заклаў класік дзіцячай літаратуры Васіль Вітка. У красавіку 1957 года разам з прыроднай вясёлкай з’явілася і зямная. Мы стараемся рознымі яе колерамі ўздзейнічаць на душу дзіцяці, закранаць яго сэрца і розум. Мы ідзём да нашых чытачоў з мастацкім, літаратурным словам. Роднае слова, беларуская мова – вось на чым трымаецца наша “Вясёлачка”! Мы выхоўваем у дзяцей аснову асноў – павагу да сваёй зямлі і любоў да тых людзей, якія за руку вядуць іх па жыцці. Мы хочам зацікавіць дзіцёнка, каб ён ведаў, што было да яго, схіліць да яго радаводу, каб ён навучыўся чытаць, думаць, разважаць, каб ён палюбіў сваю зямлю і людзей, якія робяць яго жыццё шчаслівым. Нам важна паказаць дзецям прыроду, асяроддзе, у якім яны жывуць.

Кароткі час рэдактарам часопіса была Еўдакія Лось, потым яго ўзначальваў Анатоль Грачанікаў, а я – чацвёрты за ўсе 60 гадоў. Мы стараемся друкаваць усё лепшае, што ёсць ў дзіцячай літаратуры. Прэмію імя Васіля Віткі мы прысуджаем за лепшы твор года. За мінулы год яе лаўрэатамі сталі Анатоль Аўласенка і Мар’ян Дукса.

– Напэўна, “Вясёлка” узгадавала не адно пакаленне таленавітых майстроў пяра?

 – У нас працавала эліта дзіцячай беларускай літаратуры, пачынаючы ад Сяргея Грахоўскага, Эдзі Агняцвет, Рыгора Барадуліна, Паўла Місько. З часопісам супрацоўнічалі Мікола Чарняўскі і Мікола Маляўка, Раіса Баравікова і Алена Масла, Анатоль Зэкаў. Мы захоўваем у “Вясёлцы” высокую планку літаратурнага майстэрства па сёняшні дзень. З “Вясёлкі” вырастае ўся дзіцячая літаратура. З Раісай Баравіковай мы выдалі кніжку ў выдавецтве “Харвест” пра Бусю, які жыве на Беларусі.

Віка Трэнас – паэтка і выдатны літаратурны рэдактар.Член рэдкалегіі педагог Ірына Буторына распрацавала 50 урокаў, якія бацькі могуць праводзіць па “Вясёлцы”. Сяргей Зуёнак, сын паэта, фа-таграфуе птушак, мы размяшчаем здымкі і вершы, распавядаем дзецям пра птушак у кожным нумары.

У гэтым годзе мы распачалі новы праект “Я тут жыву”. У студзеньскім нумары ёсць цікавая гульня-вандроўка па краіне, дзе звязаны шляхамі ўсе гарады Беларусі ад А да Я. У наступным нумары мы будзем друкаваць гербы розных гарадоў.

Тры гады таму я стварыў часопіс ” Буся” для дашкольнікаў, прызначаны для дзіцячых садкоў. Слоўнік, бусява кнігарня, размалёўка – усе рубрыкі цікавыя для дзетак. Будзе лепш, калі часопіс будзе ісці па падпісцы. Тады яго пагартаюць мама і тата, бабуля, старэйшыя дзеці.

Белпошта прапануе 130 выданняў для дзяцей па краіне, у тым ліку, камерцыйных, і амаль усе яны на рускай мове. Беларускамоўнымі з’яўляюцца толькі “Вясёлка”, “Буся” і  “Бярозка”. Таму мы раім іх выпісваць усім бацькам у краіне, якія зацікаўлены ў выхаванні дзяцей з роднай мовай.  Разам з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне” мы намецілі выдаць сто кніжак “Вясёлкі”.  На часопіс працуюць два дзясяткі мастакоў, пачынаючы ад Сяргея Волкава.

 

 

– Уладзімір Сцяпанавіч, родная мова перадалася Вам ад бацькоў ці настаўнікаў?

– Наша школа была беларуская, вясковая. Як хораша было вывучаць алгебру і геаметрыю, фізіку па-беларуску! Не ладзілася ў мяне толькі з рускай мовай. Вазьму і напішу дыктоўку па-нашаму, па шоўкаўскаму!

 Шоўкавічы – маленькая вёсачка ў Рэчыцкім раёне Гомель-скай вобласці, кругом лясы і балоты. У дзяцінстве я ведаў, дзе гняздуецца дрозд, дзе жыве кулік, якое ў птушак пер’е і ў каго ёсць рабацінне на яйках. Наш свет быў там, дзе поўзаюць жучкі і лётаюць стракозы, усе было натуральным і цікавым.

Нядаўна я напісаў апавя-данне  “Сем цудаў маёй вёскі”, і хлопчык на вечарыне чытаў яго. Першы цуд – людзі! Пра кожнага можна напісаць калі не кнігу, то нарыс. Другі цуд – буслянка каля дуба над сажалкай. Буслянаты гадаваліся разам з намі. Яшчэ адзін цуд – наша шоўкаўская дуброва, памерам у 30 гектараў. Яна пачыналася з нашага агарода. Рачулка, якая выцякае з нашых мясцін, праз Сведзь, Бярэзіну і Дняпро аказалася злучанай з Чорным мо-рам! Таксама цуд!

Так шчасліва атрымалася, што хаця ў мяне не было свайго дзяцінства, я ўсё свае жыццё прысвяціў дзецям.

Калі пачылася вайна, мне быў адзін год і адзін месяц. Партызанскі разведчык уляцеў у вёску на кані і загадаў: “Ратуйцеся, ідзе карны атрад!” Мама загарнула мяне ў посцілку, а астатнім загадала: “Чапляйцеся за мяне і пабеглі!” Бацька зняў абраз і ўзяў з печы чыгунок бульбы, ухапіў даёнку, каб падаіць карову, якая недзе пасвіцца, і накарміць увечары дзяцей. Усё астатняе кінулі. Шоўкавічы згарэлі да тла. Мы жылі ў лесе ў зямлянках, куранях ўсю восень, зіму, і толькі вясной вярнуліся на папялішча. Я плакаў, але мне было не шкада ні хаты, ні хлява, але было шкада цацак, якія згарэлі. Мама і бацька жылі для нас, яны былі нашымі выхавальнікамі і педагогамі.

– Узгадайце, калі ласка, як Вы пачалі пісаць апавяданні для дзецей. “Рыгоркавы прыгоды”, “Марынчына казка”- пра каго яны?

– Калі нарадзіўся наш сын Ігар, я вёў дзённік. Аднойчы да мяне прыехаў Паўлюк Прануза.-Валодзя, трэба аформіць тэксты ў апавяданні, – параіў ён. Я напісаў апавяданні “Рыгоркавы прыгоды” і аднёс іх Васілю Вітку. Яны былі надрукаваныя і пасля выйшлі асобнай кніжкай. А праз шмат гадоў мой сын Ігар, архітэктар, аформіў маю кніжачку ” Залаты домік”.

Марынка – мая дачка. Сын і дачка былі першымі чытачамі, а потым я пісаў і для ўнукаў. Кніжка “Антонік-понік” была прысвечана ўнуку. Сем гадоў я пісаў лісты ўнуку ад моманту, як ён нарадзіўся, і да таго, як пайшоў у школу. У іх – выраз любові і пажаданні ад усіх пакаленняў Ліпскіх, каб ён быў чалавекам! З лістоў атрымалася кніжка “Сонца над галавой”. Потым пачалі стварацца казкі. Па маіх казках і аповесцях быў пастаўлены спяктакль у Тэатры музычнай ка-медыі “Прыгоды ў замку Алфавіт”. Змей – хапун скраў некалькі літар алфавіту. Каралева-Лянота перашкодзіла дзецям хадзіць у школу. Але, урэшце, літары знайшліся, і прыгоды скончыліся добра.

За мінулы год я выступаў 70 разоў у розных гарадах, у шко-лах, бібліятэках. Я адчуў, што не хапае душэўнай кніжкі пра нашу Радзіму. Такія кніжкі павінны быць у кожнай сям’і, дзе ёсць дзеці, і ў школе. Зямелька наша пра-пітана слязамі, потам, крывёю. А мы выжылі, жывём і будзем жыць! Апошняя кніга “Мая Беларусь”, выдадзеная ў выдавецтве  “Адукацыя і выхаванне” ў супрацы з мастаком Віталём Дударэнкам ў 2018 годзе – подых маёй душы. Яна складзена з кароткіх тэкстаў у прозе:

 

 ” Мая Беларусь! Бачу цябе на Купаллі. Адчувае цябе  ў сваёй малой радзіме. Шукаю  ў гаючай ранішняй расе. Грэюся табой пад зоркамі ночы. Давай, дружа, узірацца ў нашу айчынную папараць-кветку ўлюбёнымі вачыма, натхнёным сэрцам, адкрытай насцеж душой, як гэта робяць паэты і рамантыкі, закаханыя і акрыленыя людзі. І тады адчуеш, што жывеш у зямным раі, дыха-еш водарам Айчыны, за якую палегла не адно пакаленне тваіх продкаў…”

Гутарыла Эла Дзвінская,

фота аўтара.

  1. Уладзімір Ліпскі ля вы-ставы яго твораў.

2,  Часопіс і кніга.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5447
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

31 ліпеня 2020, 19:5417
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
Далучайцеся да нас