Пазнаёміцца з каляднымі традыцыямі – спарава важная і неабходная для маладога пакалення. Інтэрактыўныя гульні, квэсты, падарожжы – усё гэта дапамагае сёння дзецям лепш пазнаёміцца з жыццём продкаў і зазірнуць у мінулае сваёй малой радзімы.
Напярэдадні старога Новага года, які адзначаецца з 13 на 14 студзеня, усіх ахвочых запрасіў у госці Лідскі замак. Менавіта ў сценах старажытнага помніка архітэктуры ХIV стагоддзя прайшоў тэатралізаваны калядны фэст. Стаць удзельнікамі насычанага тэатралізавана-абрадавага дзеяння, атрымаць зарад добрага настрою і пазітыву, пачаставацца прысмакамі мелі магчымасць усе лідзяне. Вучні 6 “Б” класа СШ № 11 разам з бацькамі і класным кіраўніком таксама вырашылі ўбачыць усё сваімі вачыма і стаць актыўнымі ўдзельнікамі свята.
Сярод магутных мураваных сцен работнікі культуры Лідчыны наладзілі сапраўдны “Калядны фэст”. Музыка, спевы, зімовыя забавы, пачастункі, прыемныя ласункі – усё гэта атрымалі вучні, якія актыўна ўдзельнічалі ў свяце.
“Калядны фэст” запрасіў на імправізаваную пляцоўку – у сялянскую хату, дзе гаспадар і гаспадыня чакалі гасцей. Першым з’явіўся бог зімы Зюзя. Ён пачаў пужаць, што падрумяніць усім шчокі, пасля – што сваёй булавой будзе біць па чароўным пні, і тады пачнуцца траскучыя маразы. Але потым, крыху падсілкаваўшыся прымакамі са святочнага стала, ён падабрэў, і ўсе адчулі, што мароз адступіў. Услед за беларускім Зюзям у хату завіталі калядоўшчыкі. Зарканоша нёс калядную зорку, якую пасля запальвалі ў хаце. Каза, якую прывялі калядоўшчыкі, тупаючы абяцала добры прыплод жывёлы ў гаспадарцы і багаты ураджай: “Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе каза хвастом, там жыта кустом”. Хітрая каза і ў скокі кідалася, і памірала, і ўваскарасала, пасля таго як гаспадары пачаставалі яе і калядоўшчыкаў прысмакамі. Цыганка прывяла мядзведзя, які танчыў пад бубен і смяшыў гледачоў. Дарэчы, цыганкі, натуральна, варажылі ўсім ахвотным, але пры ўмове “пазалаціць ручку”.
Пакуль адны гледачы слухалі звонкія песні, іншыя госці мелі магчымасць стаць удзельнікамі зімовых забаў, цікавых конкурсаў, вясёлых эстафет, каляднай гульні “Ката пячы”. Акрамя цікавых забаў, не абмінулі ўвагай вучні і выставу-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усе змаглі купіць сувеніры на памяць. Дзеці вадзілі калядны карагод вакол прыгажуні ёлкі і з такім жа задавальненнем глядзелі п’есу “Цар Ірад” лялечнага тэтра “Батлейка”.
Своеасаблівым сюрпрызам, які падарыў яшчэ больш добрага настрою, стала арт-прастора “Калядная” з удзелам творчых калектываў Лідскага раёна.
Задаволеныя, хоць крыху стомленыя, вучні атрымалі цудоўныя ўражанні, якімі доўга будуць дзяліцца з тымі, хто не змог наведаць “Калядны фэст” у гэтым годзе, але напэўна, захоча зрабіць гэта ў наступным годзе.
“Калядны фэст у Лідскім замку” ўжо стаў брэндавым мерапрыемствам для горада, бо дапамагае і бацькам, і дзецям дакрануцца да традыцый нашых продкаў, якія нельга забываць, а наадварот, трэба адраджаць і захоўваць.
Наталля Анашкевіч,
класны кіраўнік 6 “Б”
класа СШ № 11 г. Ліды.