Гомельскі гурт «Ягорава гара», што спалучае народныя песні і гучанне традыцыйных інструментаў з электроннымі сэмпламі, 11 студзеня адзначыць шасцігоддзе канцэртам. Дзень народзінаў святкуе таксама лідар гурта Ігар Архіпаў (сцэнічны псеўданім Ягор Паляшук). Музыка распавядае, як заснаваў праект у свой юбілей, не маючы ні спецыяльнай адукацыі, ні вопыту выступленняў.
— Чаму ў 50 год Вы раптам пачалі ствараць музыку, ды яшчэ ў стылі фольк?
— Менавіта тады пачаў слухаць замежныя гурты этнічнага накірунку, «Dead Can Dance», «Deep Forest». Зацікавіўся нашымі выканаўцамі таго ж стылю. Ведаў толькі «Палац», «Тройцу» і «Старога Ольсу». Узгадаў «Песняроў», якіх слухаў у юнацтве, яшчэ на вініле. Падумаў: «А што ў нас ёсць больш сучаснага?» Нейкага праекта, цікавага для моладзі, не знайшоў. Тады не было яшчэ гурта Pawa. Захацелася ствараць нешта актуальнае, пайшоў нейкі імпульс знутры. Сам здзіўляюся дасюль сваім памкненням рабіць музыку, як сам не музыка.
— Ці складана было без музычнай адукацыі?
— Сабраў музыкаў, і неяк пайшло. Але было складана, бо я сам не разумеў канцэпцыі. Набыў акустычную гітару, пайшоў у школу для дарослых. Займаўся паўтара месяца. У маладосці я граў ля пад’езда на гітары, так, тры акорды, гэтым мой музычны вопыт і абмяжоўваўся.
Ну і вось я пачаў рабіць песні, першую «Дубе», потым — «Проці бацькавых варот». Паказаў іх сябрам, ім спадабалася. Запрасіў вакалістку Наталлю Дуброву (цяпер ужо з «Ягоравай гарой» не выступае). Сталі нешта спрабаваць, з намі яшчэ дударка Валянціна Міронава з гурта «Млын сонца». Потым набыў вялікі бубен, што стаў адной з візітных картак «Ягоравай гары». Паглядзеў, што такі інструмент ёсць шмат у якіх народаў, павінны быў быць і ў нас, а «этнаграфічны» маленькі бубен з калатушкай — мабыць, яго трансфармацыя. Падумаў, калі ў нас быў такі бубен, то як гучалі пад яго песні? «Разбушуйце-ка вы, буйныя ветры» — спроба такой рэканструкцыі.
Мне вельмі падабалася гучанне сапелак, дудак, жалеек. Сам стаў нешта спрабаваць. Потым набыў гуслі ў музыкі і майстра Алеся Чумакова з гурта «Стары Ольса», ездзіў да яго займацца. Потым месяцы два займаўся па Скайпе з гусляром гурта Hvarna Максімам Анухіным з Санкт-Пецербурга. Ён не проста выконвае музыку, а робіць рытмічны малюнак, і ад гэтага гуслі гучаць цікава.
У Юрася Панкевіча, які тады толькі-толькі стаў рабіць праект Pawa, замовіў дуду і жалейку. Палічыў, што калі мы беларускі праект, трэба беларускія інструменты мець. Колавую ліру яшчэ набыў… Да «Ягоравай гары» далучылася вакалістка Ірына Глушэц, таксама грае на цымбалах. У мяне быў інструмент вытворчасці барысаўскай фабрыкі, спачатку на іх грала, потым Ірына замовіла сабе традыцыйныя, дыятанічныя цымбалы.
чытай больш