Калі на зямлі ёсць людзі-паходні, якія асвятляюць шлях многім наступнікам, то, безумоўна, з такіх людзей — Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі (1918–1989), вучоны-лінгвіст, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, пісьменнік, фалькларыст.
Я добра ведаў Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Першы раз мы сустрэліся ў Берасці, калі ён завітаў да Уладзіміра Калесніка, свайго сябра і майго настаўніка. Бліжэй пазнаёміліся пасля майго пераезду ў Менск.
Нярэдка сустракаліся ў горадзе, гаманілі. Адзін аднаму дарылі свае кнігі з аўтографамі, пасылалі віншавальныя паштоўкі. Некалькі разоў быў я запрошаны да яго ў госці, ведаў жонку Сірафіму Андрэеўну, настаўніцу, не менш прыязную, чым гаспадар. Гэта была яго другая жонка, першую разам з дзіцем знішчылі гітлераўцы. Трагедыю юны воін перажываў цяжка і мужна. Ён і сам мог загінуць, бо ніхто на вайне не застрахаваны ад смерці. І раней, у 1939-м, ледзьве ацалеў, кінуты сталёвай рукою савецкай таталітарнай сістэмы пад Выбарг — ваяваць з фінамі. Бачыў процьму забітых, маладзенькіх, такіх, як і сам, байцоў. Гінулі яны не толькі ад куляў і асколкаў — забойцам часта аказваўся пасярод глыбокіх снягоў суровы паўночны мароз, якому іх выдаваў здраднік сон… Там Фёдару неяк пашанцавала, ён выйшаў з снежна-ледзяной труны, хоць і вярнуўся з той вайны цяжкапаранены і з абмарожанай пятою.
Фёдар Янкоўскі не проста партызаніў, ён стаў начальнікам баявой і агентурнай разведкі атрада «Грозны», што дзейнічаў супраць акупантаў на Меншчыне. Адважны разведчык рызыкаваў не раз жыццём сваім і баявых сяброў.
Сустракацца яму даводзілася з мноствам людзей. Трапляліся і гаваркія, прыхільнікі вострага слова, і ён нястомна занатоўваў трапныя і дасціпныя словы, словазлучэнні, прыказкі і прымаўкі, дыялогі, цікавыя гісторыі і зберагаў іх. У руплівага збіральніка народных скарбаў паступова назапашвалася багата каштоўных матэрыялаў, занатовак. Аднаго разу прафесар расказаў мне, як на Лагойшчыне, ідучы ў разведку ў час блакады ўвесну 1944 года, ён закапаў на палянцы між хвоек старонкі дзённіка і першы агульны сшытак народных выслоўяў і як мірным часам не раз ездзіў у тую мясціну, шукаў схаваны скарб, ды адшукаць не ўдалося.
Калісьці ў маладосці Фёдар Янкоўскі вызначыў свой жыццёвы арыенцір: «А ці ж акрэсліў, як далей ісці? Акрэсліў. Цвёрда і назаўсёды: на світанні ці на змярканні, золкаю ці ведранаю ноччу, хмурым ці сонечным днём — заўсёды і ўсюды жыццё маё будзе не дзеля кавалка хлеба; найгалоўнейшае, ад чаго не адступлюся, хоць апынуся ці ў акопах, ці ў шпіталі, хоць буду халодны і галодны, — маё роднае слова, родная натура вялікага краю, родная Беларусь. Вы — мая радасць і ўцеха, вы — мая скруха і боль, вы — маё шчасце, жыццё».
Як бачым, не адступіўся Янкоўскі ад галоўнай жыццёвай лініі, хоць зведаў пекла дзвюх войнаў, холад і голад, раненні і шпіталі, балючыя страты родных ды блізкіх. Беларускі характар выстаяў. Рукі ў чалавека не апусціліся, любоў да жыцця, да людзей і прага тварыць не зменшыліся. Сэрцам адданы роднаму слову не здрадзіў яму. Яго адданасць любімай справе, шчыраванне на грунце высокай адукацыі і культуры аказалася магутным рухавіком плённай навукова-творчай дзейнасці. Трыадзінства вучонага, пісьменніка і педагога сталася гарманічным і паспрыяла стварэнню жыццядайнае навуковай і літаратурнай спадчыны.
…Аднойчы з прыемнасцю даведаўся ў рэдакцыі «Народнай волі», што ласкавая гаспадыня рэдакцыйнай прыёмнай Ніна Міхайлаўна Лявончык (дзявочае прозвішча Пакладок) была студэнткаю Фёдара Янкоўскага. У Менскім педінстытуце ён выкладаў даволі складаную навуку — гістарычную граматыку беларускае мовы, і студэнтка Ніна Пакладок слухала яго лекцыі. Я запытаўся, якое было ў яе ўражанне ад неардынарнага выкладчыка, яго лекцыяў, ад першае сустрэчы з ім. Ясныя вочы Ніны Міхайлаўны, здавалася, яшчэ больш пасвятлелі, засвяціліся душэўным святлом. Адчувалася — гэта быў любімы выкладчык. Субяседніца пачала з таго, як ён выглядаў вонкава: невысокага росту, з чорнымі, як смоль, валасамі, густымі чорнымі бровамі. І з ямачкай на бародцы. З гладка зачасанага валосся адна пасмачка ў яго непакорна выбівалася наперад, і ён двума пальцамі левай рукі закідаў гэтую сярэдзінку чуба дагары; пад правай рукою, калі ішоў на заняткі ды з заняткаў, звычайна трымаў папачку з патрэбнымі матэрыяламі. Хадзіў павольна, трошкі нахілены ўперад.
Я не мог не пацікавіцца, як чытаў Янкоўскі лекцыі і які ён быў экзаменатар.
— Не чытаў ён, а прамаўляў, — сказала Ніна Міхайлаўна. — І такая стаяла цішыня, што калі б муха праляцела, было б чутно. Гэта быў чарадзей слова, майстар, умеў выкласці тое, чым дасканала валодаў. Студэнты вельмі паважалі і любілі Фёдара Міхайлавіча. І пабойваліся. Быў ён патрабавальны, любіў дакладнасць, дысцыпліну, парадак.
«Слова яго, шчырасць яго, вернасць яго можна браць у дарогу, як спрадвеку бярэцца хлеб». Так пранікнёна сказаў народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль пра вучонага-мовазнаўцу і празаіка Фёдара Янкоўскага.
У кнізе «Моўныя адзінкі і кантэкст» (1992), прысвечанай светлай памяці Настаўніка — прафесара Ф. М. Янкоўскага, ёсць артыкул Г. М. Малажай «Руплівы даследчык і выдатны педагог» з такімі радкамі: «Ф. М. Янкоўскі не быў кабінетным вучоным. Ён кожны дзень быў на людзях, з людзьмі, нават тады, калі дактары настойліва рэкамендавалі яму адпачыць ад «усяго». Але гэтае «ўсё» для Фёдара Міхайлавіча было яго жыццём, а ад яго «адпачыць» нельга». Вось якраз тая акалічнасць, што ён быў на людзях, з людзьмі, давала яму і безліч нявыдуманых герояў ды непрыдуманых сюжэтаў для мастацкіх твораў. У ягоных апавяданнях-мініяцюрах, абразках, эсэ, нарысах, эцюдах так шмат рэальнага жыцця, народнага характару, захапленняў і расчараванняў, радасці і болю. І скрозь аўтар выглядае арыгінальным, абсалютна непаўторным творцам, з яго бясконцымі моўнымі залацінкамі, адкрыццямі, а галоўнае — з яго ўменнем падачы хвалюючых падзеяў, здарэнняў, фактаў. Побач з людзьмі, прыгожымі душою, ён паказвае пустадомкаў, гнюсату, нелюдзяў. У кожным такім выразе чытаецца трапная характарыстыка. А з безлічы змястоўных прыказак і прымавак, ім сабраных у народзе, назаву хоць бы дзве, якія ніколі не страцяць актуальнасці: «Для халуя і ката адна падрыхтавана плата», «Адною рукою дае, а дзвюмя адбірае».
Не магу не падкрэсліць істотную рысу Янкоўскага: яго чалавекалюбства. Некалі ён занатаваў у сваім Глускім раёне пачутае: «Без людзей ні нараджацца, ні будавацца, ні паміраць». Гэтак проста і праўдзіва! Адзін з раздзелаў кнігі «Радасць і боль» (1995), перавыдадзенай ягонымі жонкай і дачкой, называецца: «Дарагія мае простыя людзі. Добра з вамі». Чытаю-перачытваю абразок «І за гарою пакланюся», перанесены з аднайменнае кнігі ў гэтае новае выданне. Цёпла на душы ад чалавечае дабрыні, увагі і людской удзячнасці. Гісторыя як бы вельмі простая. Ад Карэліч пад Нёман на легкавічку ехалі мужчыны — аўтар і яго сябра. Спыніла іх нечаканае: «На траве пры дарозе хлопчык. Ці то сядзіць, згорбіўшыся, ці то ляжыць. Каля дзіцяці — не ў ручках — вудка, побач — торбачка. Спыніліся, паглядзелі. Хворае, стагнала. Ручка на жывоціку. Калі неслі ў машыну, толькі нібы паказала, куды везці». І далей: «Сустрэла нас маці. Узяла з рук дзесяцігодачка. Стрымліваючы слёзы, сказала: — Я й за гарою вам пакланюся. Які вам дзякуй! Вялікі вам дзякуй, людцы».
Вярталіся мужчыны з нёманскіх берагоў праз чатыры дні. Завіталі ў двор, куды прывезлі таго рыбачка. Маці пазнала іх і клікнула з хаты Алеська, паказаць яго… Запрашала ў хату, у сад. А калі сядалі ў машыну, сказала зноў тое матчынае, шчырае, тое народнае, незабыўнае:
— Я й за гарою вам пакланюся.
Дадала:
— Гладкае вам дарогі.
А першая кніга мастацкай прозы Янкоўскага пачынаецца апавяданнем «Цёзка» — пра былога панскага парабка, каларытнага вусатага вясковага чалавека, з якім аўтар знаўся ў час ваеннага ліхалецця і які аднойчы памог разведцы. Дарэчы, калі ён даведаўся, што камандзір яшчэ і настаўнік, з таго дня ні разу не сказаў яму «ты». Фёдар Міхайлавіч сустракаўся з ім і пасля вайны. А ў снежні 1950-га аднаго разу, калі выкладчык выйшаў з аўдыторыі, яму сказалі: «Вас каля прафесарскай чакаюць». Так, там у натоўпе студэнтаў стаяў стары чалавек у доўгім кажусе, падперазаным шырокім саматканым поясам, з шапкаю пад пахаю і з доўгім ядлоўцавым пугаўём, на якім вісела чорная і на вузельчыках пуга. Барада была ўжо не рыжаватая — пабялела, вусы, як звычайна ўзімку, прыкметна пасекліся, парадзелі і паменшалі. Гэта быў пастарэлы цёзка Янкоўскага. Парукаўся ён, палез за пазуху і працягнуў капшук махоркі… Зазвінеў званок на лекцыю, і выкладчык папрасіў, каб дзед пачакаў толькі 50 хвілінак, а тады пагасцюе ў яго дома. А ён падвёў да вакна і паказаў: на двары інстытута, пад высокім гмахам, стаяла фурманка, чакаў нераспрэжаны конь.
— Не. Пабачыў во, што ў паны берацёся і чалавекам астаяцёся, дый патрухаю сабе на ноч гледзячы. Пакуль даехаў, пакуль знайшоў, пакуль дачакаўся — во і сцямнела. Ехаць.
Сустракаюцца ў творах Фёдара Янкоўскага і людзі знакамітыя. Не можа не ўразіць ягонае ўспрыманне легендарнага Рыгора Шырмы. Ужо самы пачатак апавядання палоніць і не адпускае, хоць карыстаецца аўтар звычайнаю моваю. За моўнаю прастатою бачыцца незвычайная ашчаднасць слова:
«Жалобны — на ўсёй Беларусі — дзень: не стала Якуба Коласа.
Я сустрэў Рыгора Шырму. Былі толькі два Шырмавы словы:
— Мы — асірацелі…
Сказаў, і сцяліся вусны. Ні слоў, ні пытання, ні ўздыхання.
Дарагі наш голубе Рыгор Шырма двума слоўцамі, толькі двума, усё сказаў: і хто нам Якуб Колас, і што ўсім нам, самому Рыгору Шырму, Коласава творчасць, Коласава дбайнасць, Коласава сіла.
Вялікі — пра вялікага».
Далей — самае істотнае. Пра Шырму, бліскучага прамоўцу ў паўнюткай інстытуцкай зале: яблыку няма куды ўпасці, пра каго б ці пра што б ні ішла гаворка — пра акадэміка Браніслава Тарашкевіча ці пра беларускую народную песню: «Аднолькава наструнена слухалі Рыгора Шырму і студэнты, і пяць дзясяткаў выкладчыкаў…» І яшчэ — пра тое, які непаўторны ўрок роднага слова праводзіў славуты народны артыст, як браў у рукі розныя кніжкі і зачытваў перад мноствам слухачоў недарэчныя выразы ў апрацаваных народных казках…
У 1977 годзе Фёдар Янкоўскі прывітаў народнага пісьменніка Янку Брыля публікацыяй: «Ідзе хораша, сумленна, смела». Ён, Фёдар Міхайлавіч, так умее нязмушана, натуральна, так хораша распавесці пра асобу творцы, заўважыць тое, чаго не заўважае ніхто. Калі мовазнаўца гаворыць пра ўзоры сучаснай беларускай літаратурнае мовы празаіка — гэта і не дзіва, але калі ён паказвае напоўніцу, што за чалавек гэты народны пісьменнік, які ён надзейны сябра і чым яшчэ валодае, апроч таленту празаіка, — гэта прыемна здзіўляе. Аказваецца, Брыль меў фенаменальную памяць. «Я не раз чуў, слухаў Брылёва чытанне — без тэксту ў руцэ — Л. Талстога, А Чэхава, М. Горкага, «Бібліі», А. Міцкевіча, М. Прышвіна… — піша Ф. Янкоўскі. — Веданне моў? Выдатна — рускую, польскую, украінскую, някепска — нямецкую, латынь, стараславянскую…»
А як прыгожа Фёдар Янкоўскі віншаваў юбіляра ў згаданай вышэй публікацыі: «Янку Брылю шэсцьдзясят. Якраз у жніўні. Няхай яму, дарагому Янку Брылю, будзе яшчэ многа жніва. Няхай яго будучыя жніўні будуць нажонныя і ўмалотныя.
А жнівень — і сяўба. І не чаго-небудзь, а самога Хлеба». Мудра. Глыбока. І непаўторна.
У свой час у маёй свядомасці дзейнасць Фёдара Янкоўскага асацыявалася гэтаксама з сяўбою і жнівом. Тады і з’явіўся такі верш: