Ёсць яшчэ ў нас даследчыкі і проста аматары літаратуры, якія займаюцца несамавітым пытаннем (а беларусы любяць траціць час на несамавітыя пытанні): з’яўляецца альбо не Адам Міцкевіч беларускім пісьменнікам?
Пытанне дастаткова бэссэнсоўнае і, нават сказаў бы, небяспечнае. Бо нават пра Францішка Багушэвіча (пры ўсёй вонкавай праграмнай адназначнасці прадмоў да зборнікаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі») ёсць меркаванні яго сучаснікаў, што «баламуціў» ён сялян нацыянальнымі тэзамі выключна дзеля таго, каб яны не падпалі пад уплыў Расіі, а сам жа «адвакат беларускай мовы» адкрываў польскія школы.
Таму калі не ўсё адназначна вырашана з Багушэвічам, то як жа можна быць упэўненымі адносна прыналежнасці аўтара «Гражыны» і «Дзядоў»?
Так, Міцкевіч спагадна выказваўся пра беларускую мову, але ж складаў свае шэдэўральныя вершы і паэмы выключна па-польску.
Ніколі не быў у Варшаве і ў аснове сваёй натхняўся энергетыкай земляў Наваградка, але ж марыў пра незалежнасць менавіта Польшчы.
Пісаў для польскіх чытачоў, а не для беларускамоўнай публікі (у дадзеным выпадку сялян, для якіх пазней будуць адрасаваць свае хрэстаматыйныя пасланні Кастусь Каліноўскі, а пасля і згаданы ўжо Францішак Багушэвіч).
Хіба можна называць Адама Міцкевіча беларускім паэтам толькі па той прычыне, што геаграфія твораў і сюжэтныя лініі ў яго былі мясцовыя? Але нават і тут знаходзім пэўныя пярэчанні ў крытыкаў, якія, нягледзячы на «беларускі» фон, падкрэслівалі польскасць яго твораў: «В подражании Шиллеру и Бюргеру он в своих произведениях нередко обращался к легендарному прошлому Литвы, впрочем фальсифируя это прошлое. Литовския и белорусския народныя предания не годились для произведений Мицкевича, отдавшегося польской идее…» (Л. Волков. Адам Мицкевич. К открытию памятника Мицкевичу в Варшаве. // Русский вестник. 1898, № 12).
Вядома, калі б ён быў сучаснікам Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў, Алаізы Пашкевіч, то, магчыма, і адчуў бы сябе праўдзівым беларусам і «беларуская ідэя» для яго магла б стаць родная, але ж у першай палове ХІХ стагоддзя, у часы Байрана, Пушкіна і Мэры Шэлі, падобныя адчуванні былі немагчымыя.
У той жа час менавіта Адам Міцкевіч, а не які іншы польскі пісьменнік, аказаў велізарны ўплыў на беларускую літаратуру першай паловы ХХ стагоддзя.
Без яго творчасці ўвогуле цяжка ўявіць, як бы развівалася наша прыгожае пісьменства.
Вастрыню, містыку, дзёрзкую непакорнасць, свабоднае пераасэнсаванне старадаўніх легенд, за якімі хаваецца крытыка сучаснасці, пераняў ад яго Янка Купала. Гэта асабліва выразна бачна ў «Магіле льва», «Бандароўне», «Сне на кургане», вершах, складзеных падчас Першай сусветнай вайны.
Янка Купала — гэты пясняр болю, гвалту, вераломнай здрады, самагубстваў, жорсткіх забойстваў і ўсеагульнага вар’яцтва, паэт, для якога розніцы паміж рэальнасцю і пеклам не было ніякай, — натхняўся менавіта падобным інфернальна-фантастычным бокам вершаў і паэм Міцкевіча. Боль Міцкевіча за палякаў, якія загубілі сваю незалежнасць, тоесны такому ж фізіялагічна моташнаму болю Янкі Купалы за сваіх абыякаванесвабодных суайчыннікаў.
Эмацыянальна больш устойлівы Якуб Колас, якому былі далёкія паталагічныя празмернасці Янкі Купалы, натхняўся ў Адама Міцкевіча, безумоўна, іншым.
Якубу Коласу была блізкая светлая іронія польскага генія.
Яму вельмі імпанавала тое, што, ствараючы вялікія паэмы, Міцкевіч насычае іх безупынным дзеяннем, напаўняе гумарам, ад чаго падобныя творы становяцца лёгкімі, амаль бязважкімі, як музыка Моцарта.
Падобнай лёгкасці Якуб Колас і вучыўся ў Адама Міцкевіча.
«Новая зямля» напоўнена манументальна-іранічнай напеўнасцю, праз якую, бы праз нейкі таемны партал, можна ўцячы з прыкрага зняволення рэчаіснасці ў іншы выдумана-фантазійны свет ідэалізавана-прывіднай, як сон, роднай мінуўшчыны.
Седзячы ў Парыжы, пасвараны з Папам Рымскім, расчараваны ў выніках паўстання 1830—1831 гг., самотны і адзінокі Адам Міцкевіч, каб канчаткова не патануць у смутнаглядстве, стварае ці не самы яркі, паводле сваёй фантазійнай нязмушанасці, твор «Пан Тадэвуш», дзе яго радзіма з яе пушчамі, паляваннямі, пацешнымі шляхцічамі і цудоўнымі дамамі, прыгожымі раманамі і марамі аб гераічных паўстаннях паказана чароўным раем, поўным сонечнай цеплыні і радасці.
Падобнае ж уражанне ўзнікае і ад «Новай зямлі», створанай Якубам Коласам у царскай турме, калі ад яго адвярнуліся сябры і каханая, а ў паэта быў выбар: ці засіліцца ў пятлі, ці змагацца з нягодамі рэчаіснасці, ствараючы светлую фантазію роднага краю, чыя жыццярадаснасць павінна перамагчы панурую турэмную нязменнасць рэальнасці.
чытай далей