З 3-га па 7-ае снежня на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава праходзіў у чарговы раз Фестываль беларускага слова. Стала ўжо добрай традыцыяй у першыя снежаньскія дні ладзіць на працягу ўсяго працоўнага тыдня розныя імпрэзы, акцыі, сустрэчы, накіраваныя на папулярызацыю нашай роднай мовы, беларускай культуры ўвогуле. Самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах бяруць сябры ТБМ, у тым ліку і кіраўнікі Віцебскай абласной арганізацыі таварыства.
Сёлета фэст адкрыўся ў панядзелак, 3 снежня, спектаклем-калажам па матывах камедыі У. Бутрамеева “Новыя прыгоды Несцеркі”, дзе ў галоўнай ролі выступіла актывістка ТБМ Крысціна Дайлідзёнак. У гэты ж дзень усе ахвотныя маглі наведаць выставу дэкаратыўных вырабаў студэнтаў і выкладчыкаў факультэта “Свет нашых захапленняў”.
У аўторак студэнты ўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Збяры Беларусь у думках і сэрцы”, а потым адбылася сустрэча з пераможцай Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” Святланай Румянцавай – колішняй выпускніцай факультэта беларускай філалогіі. Спадарыня Святлана дала таксама майстар-клас пад красамоўнай назвай “Ад законаў прыгажосці – да законаў стварэння тэксту”.
У сераду, 5 снежня, прайшла Рэгіянальная (з міжнародным удзелам) навукова-практычная канферэнцыя “Навукова-метадычная думка на Беларусі”, прысвечаная 100-годдзю “Беларускай граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча.


Чацвер, 6 снежня, запомніўся цудоўнай акцыяй “З гітарай па-беларуску”, дзе студэнты розных факультэтаў, а таксама прафесійныя артысты выконвалі песні пад гітару. Спецыяльна запрошаным госцем быў выкладчык па класе гітары Віцебскай музычнай школы № 4 Міхаіл Рубін – лаўрэат “Бардаўскай восені”-2016. Ён жа аўтар пяці зборнікаў вершаў, апошні з якіх беларускамоўны, увайшоў у шорт-ліст сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай.
7 снежня, у пятніцу, свята роднага слова завяршылася шыкоўным акордам пад сімвалічнай назвай “Мая зямля, мая Радзіма названа светла – Беларусь!”
Такім чынам, на працягу пяці дзён на філалагічным факультэце напоўніцу гучала беларуская мова, песцілі слых беларускія песні, а студэнты, у тым ліку і грамадзяне Туркменістана, у нацыянальных беларускіх строях выклікалі нязменнае захапленне ў шматлікіх гасцей фестывалю, сярод якіх былі і кіраўнікі абласной арганізацыі таварыства, сябры абласной рады ТБМ. А наперадзе нас чакае Дзень роднай мовы, які па традыцыі на філфаку ВДУ таксама праходзіць яскрава і запамінальна!
Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі
ТБМ.

