Калі падарожны завітае ў Нясвіж і спытае, як прайсці, напрыклад, у палац, кожны несвіжац, дарослы ці малы, пакажа дарогу. А калі вы захочаце даведацца, як трапіць на Міхальскую гару ці сядзібу Булгакоў, каб атрымаць сем колераў-адценняў бэзу ад Тарэзы і Тамаша? Ды павітацца з дубам Якубам, пасядзець каля Зорнага каменя ў ваколіцах Лявонавічаў? Памаліцца ў старажытным Дабравешчанскім храме ў вёсцы Кунаса, які не быў знішчаны ў гады ваяўнічага атэізму дзякуючы мясцовым жыхарам, прайсціся роднымі сцежкамі выбітнага беларускага школазбіральніка Язэпа Шнаркевіча? Тут, згадзіцеся, вам дапаможа не кожны сустрэчны. Ды што там дарогу! Далёка не кожны і чуў пра такія цікавосткі.
Тым часам гэта сапраўдныя адкрыцці новага нясвіжазнаўства, якія прэзентуе свежы каляндар на 2019 год “Невядомая Нясвіжчына”, што папоўніў серыю каляндарных выданняў “Маляўнічая Бацькаўшчына”. Выпуск “Невядомая Нясвіжчына” быццам і не прэтэндуе на гэткую ролю абазнанага сустрэчнага, які і падкажа, і ўсё пакажа, аднак такім акурат і з’яўляецца.
Апроч маляўнічых фатаграфій і “коладзён” на штомесяц, падаецца кароткае краязнаўчае эсэ і падрабязныя звесткі-каардынаты, як даехаць да той або іншай мясціны. Падказкі вельмі дарэчныя, пазначаюць усе бакі свету “невядомай Нясвіжчыны”. Скажам, дуб Якуб – гэта поўдзень, а кунасаўская святыня – вам на паўночны край раёна. А яшчэ – куды можна даехаць роварам ці аўто, а куды, калі тое бліжэй, – дайсці пешшу.
Гэта пятнаццаты каляндар серыі. А пачыналася яна ў 2000 годзе з календара акурат нясвіжскай тэматыкі “Нясвіж. Водна-паркавы краявід”. Заснавальнік Валер Дранчук прыгадвае:
– Гэта быў самы вялікі ў памерах каляндар, дзесьці 85х65. У Менску яго было не знайсці. Спонсар, які валодаў накладам, не мог адбіцца ад замоваў. А прэзентацыю зладзілі ў Нясвіжы, тэматыка абавязвала. І дваццаць асобнікаў пакінулі тут на продаж.
Сёння маем пяты каляндар з прысвечаных Нясвіжчыне. Былі таксама алоўкавая спадчына Міхала Сеўрука (2003), “мясцовы” жывапіс Яўгена Ждана “Зямля маіх сноў” (2015), а летась дванаццаць старонак былі аддадзены жывапісным “Ідыліям” амаль забытага самадзейнага мастака з Малева Хведара Вініцкага.
Выданне “Ідылій” і стала першым “народным праектам”. На будучы каляндар зрабілі ўнёскі землякі і родныя мастака, да іх далучыліся яшчэ дзясяткі людзей, якія вырашылі падтрымаць ідэю выдаўцоў-краязнаўцаў – кожны ўдзельнік крэдытор і карыстальнік: сёння даў, заўтра атрымаў.
Аўтар гэтай ідэі краязнаўца і старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса ба-чыць бліскучую перспектыву такіх супольных выданняў. Па-першае, кажа яна, беларуская мова, па-другое, нашы, беларускія акцэнты, увогуле беларушчына, тое, за што змагаемся. Напрыклад, у гэтым выпуску мы актуалізавалі будучы перапіс насельніцтва і звярнуліся да карыстальнікаў быць патрыётамі Радзімы, запісваць у якасці роднай толькі беларускую мову. І наказаць гэта сваім родным і блізкім. Сваёй актуальнай інфармацыяй напоўнілі і “коладзён”, напрыклад, не абышлі хвілінай маўчання кастрычніцкія дні жудасных рэпрэсій у Менску і інш.
Сёлета да спонсараў-крэдытораў далучыліся грамадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, а таксама менская айтышная кампанія “Адкрыты кантакт”.
Прыканцы кастрычніка ў кавярні “Чабарок” адбылася прэзентацыя календара. Яна сабрала найперш удзельнікаў праекта, а таксама шматлікіх запрошаных. У чым адметнасць і актуальнасць “Невядомай Нясвіжчыны”, сказаў Валер Дранчук:
– Нясвіж з яго гістарычнай спадчынай, гняздом Радзівілаў і сучасным дзяржаўным за-паведнікам застаецца адным з самых паспяховых і самадастатковых сёння гарадоў Беларусі. Аднак, за межамі першай “культурнай сталіцы” шмат асяродкаў з адметнымі сваімі вартасцю, пра якія мала ці зусім невядома ні ў блізкім, ні ў шарокім свеце. Менавіта на гэтыя каштоўнасці скіравана ўвага календара. Гэта першы такі выпуск. Мяркую, будуць і наступныя.
Аб вартасцях календара выказваліся гісторык Леанід Качановіч, журналістка Раіса Хвір, паэты Нясвіжчыны Алена Шаблоўская, Зоя Кулік, дочкі паэта Івана Гурбана Людміла Асоева і Ларыса Ратомская, былая жыхарка Нясвіжа Валянціна Холадава, захавальнік гісторыі роднага краю Алясандр Сідаровіч, краязнаўца, стваральнік музея лёну на Стаўбцоўшчыне Іван Дзявойна, галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, супра-цоўнік кампаніі “Адкрыты кантакт” Валянцін Гладкі, сталыя ўдзельнікі і шчырыя спонсары каляндарнай талакі Пётр Кулік, Ала Шчука, Міхась Асмыковіч, Аляксей Сачко, а таксама Адам Скачко, Аляксандра Чурак, Уладзімір Плакса – людзі, якія нядаўна далучыліся да выдавецкай талакі. Нясвіжац Ігар Шаблоўскі сказаў, што каляндар проста дадае добрага настрою, а настаўніца са шматгадовым стажам і, дарэчы, маці галоўнага спонсара свята, Алены Харлеман, Ніла Яўгенаўна Бруй, узгадала словы Юліуса Фучыка, ягоны запавет, каб у гісторыі не было невядомых людзей – кожны з іх меў сваё прозвішча, сваё імя, сваё аблічча… Ніла Яўгенаўна падзякавала духоўным фундатарам кален-дара за тое, што яны робяць усё, каб знакамітыя людзі Бацькаўшчыны не засталіся невядомымі, каб з нашай памяці не сціраліся адметныя падзеі, каб мясціны, што знікаюць з твару зямлі, адраджаліся ці пакідалі след.
На апошняй старонцы календара змешчаны імёны удзельнікаў, якія зрабілі першыя ўнёскі. Сярод іх пераважна жыхары Нясвіжчыны, Стаўбцоўскага раёна, але да справы адраджэння малой радзімы паспелі далучыцца і Вікторыя Жукевіч з Польшчы, і Алена Харлеман з Германіі. Ім, адарваным ад роднай зямлі, кожнае слова на роднай мове, кожная выява нясвіжскіх краявідаў грэе душу.
Цікава, што каляндар можна скарыстаць не толькі ў 2019 годзе, але і ў 2030, 2041, 2058, 2069-м…
“Цудоўны стымул жыць доўга!” – падказваюць нам выдаўцы.
“Цудоўны стымул набыць каляндар і стаць удзельнікам народнага праекта па захаванні гісторыі Нясвіжчыны ” – гэта ўжо раю Вам і я як уладальніца календара. Сведчу: ён дорыць не толькі добры настрой, але і веды, надзею, памяць, запрашае ў новае падарожжа кожнага, хто не абыякавы да ўсяго роднага.
Гартаючы каляндар, міжволі прыгадваеш словы Ніла Гілевіча:
Углядайся, мой сыне, пільней углядайся
У святыя абрысы бацькоўскай зямлі,
На чужыя спакусы душой не паддайся,
Каб нашчадкі мяне за свой лёс не клялі.
Валянціна Шчарбакова,
Нясвіж.