Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Леанід Лаўрэш. Новая інфармацыя пра крыж на магіле паўстанцаў 1863 г. каля Стрэліцы і іншыя народныя мемарыялы 1863 г. на Лідчыне

Леанід Лаўрэш. Новая інфармацыя пра крыж на магіле паўстанцаў 1863 г. каля Стрэліцы і іншыя народныя мемарыялы 1863 г. на Лідчыне

13 снежня 2018, 02:03 Грамадства, Навука 36
Леанід Лаўрэш.  Новая інфармацыя пра крыж на магіле паўстанцаў 1863 г. каля Стрэліцы і іншыя народныя мемарыялы 1863 г. на Лідчыне

Як ужо паведамлялася раней, вывучаючы машынапісны рукапіс (больш за 400 старонак) аднаго з апошніх уладальнікаў маёнтка Ішчална Караля Лясковіча, я натрапіў на гэткую інфармацыю: “На адлегласці 1,5 км ад Стрэліцы, у паўночна-ўсходнім накірунку (так у тэксце, рэальна  – у паўночна-заходнім накірунку – Л.Л.) знаходзілася адзіная ў гэтай мясцовасці шляхецкая ваколіца Станкевічы. Паміж дваром і ваколіцай меўся высокі курган з крыжам на вяршыні – помнік 1863 г. Тут была супольная магіла паўстанцаў, палеглых у сутычцы з казакамі”. 

Пасля гэтага на месца пахавання была зладжана экспедыцыя, у якой я не прымаў удзел, і быў знойдзены той самы курган дзе пахавалі паўстанцаў. Гэта інфармацыя мела досыць шырокі распаўсюд праз незалежныя сродкі масавай інфармацыі і сацыяльныя сеткі, распаўсюду інфармацыі, часткова спрыяла тое, што няўрымслівая журналісты знайшлі “прывід” каля месца пахавання паўстанцаў …

Некалькі дзён таму праз адну з сацыяльных сетак да мяне звярнуўся Іван Аркадзьевіч Давідовіч (1958 г. н.), урач-неўролаг, інтэлігентны і высокаадукаваны чалавек. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ігнаткаўцы, і хутары яго вёскі пераходзілі ў хутары засценка Станкевічы – тая мясцовасць родная для Івана Аркадзьевіча. Ён усё жыццё цікавіўся гісторыяй, чытаў і зараз чытае шмат гістарычнай літаратуры, да таго ж многа размаўляў і размаўляе з старымі людзьмі, ды і яго бацька (1933 гн.) – сапраўдны скарбец нашай гісторыі.

Дык вось, старыя людзі, якія нарадзіліся ў Іганаткаўцах яшчэ на пачатку XX ст. у свой час расказвалі Івану Аркадзьевічу, што сутычка паміж паўстанцамі і казакамі адбылася каля населенага пункта Ваенполь – мясцовая легенда нават звязвала назву “Ваенполь” ці “Вайнаполе” менавіта з той сутычкай. Вядома, што населеных пунктаў з гэтка назвай ў 1784 г. не было, на карце Лідчыны яны з’явіліся пасля другой паловы   XIX ст. Цікава, што на гэтай карце маюцца два блізкія адзін да аднаго фальваркі з назвай Ваенполь (Вайнаполе) – адзін каля Ігнаткаўцаў (трошкі на ўсход ад вёскі), а другі наўпрост каля Стрэліцы. У 1920-я гг. гэты, апошні, фальварак меў ужо назву Антопаль. Гэта не так істотна, але сутычка паміж паўстанцамі і казакамі магла адбыцца і наўпрост каля Стрэліцы.

Фальварак Ваенполь (які каля Ігнаткаўцаў) і засценак Станкевічы ляжалі каля старажытным гасцінца Мыто – Голдава – Жалудок, гэтак апісанага ў вопісе Жалудоцкай парафіі 1784 г.: “(Дарога) ад Ліды да Жалудка … ад Жалудка на карчму ў Жушме, дзе ёсць мост на рацэ Лебяда, з Жушмы праз Ходараўцы (вёска яснавяльможнага пана Валовіча, Слонімскага маршалка), каля Беразаўца (яснавяльможнага пана Шукевіча, капітана) і двор Стрэліца (яснавяльможнага пана Сяклюцкага) … адсюль трэба ехаць на Голдава (яснавяльможнага пана Важынскага), з Голдава да Радзівонішак (яснавяльможных паноў Нарбутаў), з Радзівонішак да Мыто (яснавяльможнага пана Паца)“.

Калі сутычка адбылася каля Ігнаткаўцаў, дык забітых паўстанцаў па старажытным гасцінцы адвезлі да кургана, які знаходзіўся на зямлі маёнтка Стрэліца, і тут пахавалі. Калі сутычка адбылася каля Ваенполя Стрэліцкага, забітых нікуды вазіць і непатрэбна было, пахавальны курган быў зусім блізка. Сутычка, магчыма, сталася вынікам засады паўстанцаў на нейкі расейскі атрад ці пошту. Па ўсім відаць, што паўстанцы з поля бою не ўцякалі, а спакойна хавалі сваіх забітых. Значыць, перамога была тут за імі. У метрычных кнігах бліжніх праваслаўных цэркваў павінны былі б быць запісы пра пахаванне расейцаў на нейкіх тутэйшых могілках, бо тады расейцы сваіх забітых нікуды не вывозілі, а хавалі на полі бою ці недалёка, але пакуль нічога падобнага не знаходзілі.

Іван Аркадзьевіч яшчэ каля 1970 г. асабіста сам бачыў той крыж на кургане. Ён памятае, што гэты зарослы бэзам драўляны крыж быў бачны здалёк і раней пра яго добра ведалі ўсе мясцовыя людзі. Памятае гэты крыж на кургане каля Стрэліцы і яго родная сястра Ганна Аркадзеўна Фунт (1961 гн.) і, канешне ж, яго бацька.

Трэба ўлічваць, што ўладальнікам маёнтка Стрэліца ў час паўстання быў Вінцэнт Сяклюцкі (1793-1864). На Лідчыне ён валодаў яшчэ адным маёнткам – Гарнастаішкі (каля Эйшышак). Дык вось, за падтрымку паўстання царскія ўлады наклалі секвестр на маёнтак Гарнастаішкі, але даказаць “віну” Вінцэнта Сяклюцкага так і змаглі, і таму сын Вінцэнта Сяклюцкага Уладзіслаў праз суд вярнуў маёмасць. Сяклюцкія – калі наўпрост не прымалі ўдзел у паўстанні, дык спачувалі яму.

Іван Аркадзьевіч Давідовіч таксама расказаў, што ў 1950-х гг. з Сібіры ў засценак Станкевічы вярнуўся толькі адзін чалавек, але выжыла значна больш жыхароў гэтага старога шляхецкага асяродка – усе астатнія з Сібіры адразу ж з’ехалі ў Польшчу.

Па словах Давідовіча, ад Стрэліцы ў той час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы, дарэчы, галоўны, “панскі” дом быў спалены адступаўшымі рускімі войскамі яшчэ ў 1915 г.

Далей раскажу пра вядомыя на гэты час магілы паўстанцаў 1863 г. на гістарычнай Лідчыне.

Пра пахаванне каля вёскі Мохавічы раней неаднаразова пісалася. У 1995 г. шляхетныя людзі тут аднавілі крыж, які стаяў на магіле паўстанцаў з 1920-х гг. Як вядома, сапраўдны, народны, мемарыял з’яўляецца лепшай данінай памяці герояў (пра гэтае пахаванне, гл: Лаўрэш Леанід. Паўстанчы дух. 1812, 1831, 1863 гады на Лідчыне, Гродна, 2016. С. 226-227.; Грынкевіч Яраслаў. Народны мемарыял невядомых паўстанцаў // Наша слова № 45(1352), 8 лістапада 2017. і інш.).

На гістарычнай Лідчыне, каля маёнтка Лябёдка Іваноўскіх (зараз Шчучынскі раён), ёсць яшчэ адна магіла паўстанцаў з мемарыяльным крыжам. Магіла гэта таксама з’яўляецца сапраўдным народным мемарыялам. Дадатковую каштоўнасць гэтаму помніку паўстанцам 1863 г. дадае тое, што каля яго рос і выхоўваўся адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Леанардавіч Іваноўскі.

Брат Вацлава Іваноўскага Тадас Іванаўскас у сваіх мемуарах узгадваў лябёдскую байку канца XIX ст.: “Аднаго разу наш ляснік Вінцук, які жыў у Ванёўцах, сам бачыў д’ябла ці злога духа. Было гэта так: ішоў дарогай і – набліжаючыся да крыжа, які стаяў у лесе як памяць пра паўстанне 1863 г., убачыў чалавека, які стаяў, як і належыць чалавеку, але ўвесь час з сябе нешта здзьмухваў. “А што ён з сябе здзьмухвае? – запытаў адзін з парабкаў. – Можа вошы? – “Не, не вошы, калі б вошы, дык забіваў бы іх”. Потым той чалавек хутка расплыўся і знік у імгле”. Прывіды на Лідчыне былі заўсёды …

Пляменнік Вацлава Іваноўскага (сын малодшага брата Станіслава), прафесар Казімір Іваноўскі ўспамінаў пра падзеі 1930-х гг.: “… мы … пайшлі са стрэльбай на паляванне ў Ванёўцы. … У Ванёўцах меўся добры кавалак мокрага лесу, у гэту пару года ён стаяў яшчэ шэры і голы. … Пасярод лесу стаяў крыж, каля якога маліліся за паўстанцаў 1863 г. Тут казакі наскочылі на лагер інсургентаў, у лагеры меліся вазы з маёнтка Лябёдка з рэчамі для паўстанцаў. Следства так не ўстанавіла, чые былі тыя вазы і коні – ніхто з суседзяў не выдаў Іваноўскіх (за дапамогу паўстанцам улады канфіскоўвалі маёнткі) … На адваротным шляху, пасля палявання, размова вярнулася да крыжа памяці паўстанцаў …”. 

З успамінаў Тадаса Іваноўскага даведваемся, што яго (і Вацлава Іваноўскага) дзед Станіслаў Іваноўскі “аддаў паўстанцам 1863 г. свайго вельмі добрага і таму агульнавядомага ў ваколіцах каня. Пасля задушэння паўстання рускія, каб даведацца, хто быў гаспадаром каня, вадзілі яго па ваколіцах і пыталіся ў сялян, каму ён належыць. І хоць усе ведалі, чый гэта конь, але ніхто дзеда не выдаў”.

Гэты крыж стаіць недалёка ад вёскі Арцішы (на захад ад Васілішак). Мясцовыя людзі памяталі, што карнікі менавіта тут вешалі паўстанцаў, сутычка паміж імі адбылася трошкі на захад ад крыжа, як раз недалёка ад Лябёдкі Іваноўскіх. Лесу, як раней, каля крыжа на месцы страты (і верагодна, пахавання) паўстанцаў ўжо няма.

Раней тут стаяў просты драўляны крыж, у 2014 г. яго замянілі на стальны. Прыглядае за крыжам Лідскае таварыства польскай культуры – памяць пра герояў 1863 г. жыве.

Здымак А. Колышкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1419
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0217
Далучайцеся да нас