Чаму беларускія дудары такія «шалёныя» да інструмента? Ці доўга дудар можа не граць? Развагамі пра дударства дзеляцца музыкі гурта «Літы талер» Дзяніс Шматко і Зарына Шаўко.
— Як усё пачыналася?
Дзяніс: Я стаў граць на дудзе ў 2011-м, проста ад балды. Да 2009-га нават не ведаў, што ёсць такая плынь. Трапіў на фестываль «Гальшанскі замак», быў дзень народзінаў гурта «Стары Ольса». Мне спадабалася. Потым зʼездзіў на экскурсію ў Бянюны, потым замовіў там дзень народзінаў, раззнаёміўся са Змітром Сасноўскім. Ну, і да 2011-га проста ездзіў паўсюль з «Ольсамі», дапамагаў з інструментамі, транспартам… Стаў сябрам гурта і сябрам асабіста Сасноўскага. І неяк былі ў яго дома, кажу: «Дай зайграць!» А ён такі: «Дуды ж не мае, гуртовыя, зробяць мне а-та-та». Ну, а я: «Мы ж тут удвох, ніхто не даведаецца». Цяпер-та даведаюцца (смяецца — аўт.). Ён кажа: «Ладна, давай». Ну, і даў мне адну з сваіх дуд. Кажа, так, так і гэтак трэба рабіць, а сам пайшоў на кухню. Ну, я надзьмуў яе. Стаю ўвесь напружаны, пот льецца, вочы вылазяць, думаю, зараз лопну. І тут Сасноўскі з кухні вылазіць і кажа: «Гэтаму людзі месяц вучацца, а ты ўжо хоць неяк ціск трымаеш».
Ну, і ўсё, потым я да яго прыліп: «А раскажы, а пакажы, а дзе купіць, а дзе замовіць, а які майстар… О, а ў цябе ёсць на продаж, а давай я ў цябе набуду, блін, а чаму так дорага. Ладна, на табе палову грошаў зараз, а палову я ў цябе на будоўлі адпрацую» (ён хутар будаваў). Дуда не строіла, мех дзіравы… Нават не «Жыгулі» была сярод дудаў, бліжэй да «Запарожца». Доўга не граў на ёй. А потым, можа, праз паўгода гуляў па Лошыцкім парку — чую дуду. Пайшоў, паглядзеў. Хлопец грае на дудзе. Гэта дзіва было сапраўды, я ведаў дудароў, можа, пяць — сем. Падышоў, пазнаёміўся. Гэта аказаўся Сяргей Чубрык. Сказаў, што прыходзіць у парк рэпетаваць. «Давай разам», — кажу.
Першыя рэпетыцыі… Гэта ж мы ні наладжваць не ўмелі, ні граць… Першы склад гурта «Літы талер» (тады яшчэ «Тутэйшыя») быў такі: я, Сяржук Чубрык ды Ігнась Жардзецкі. Потым Сяржук зламаў пішчык у сваёй дудзе, аднавіць яго не здолеў, мы яго з гурта выгналі… Ён тады працаваў з Алесем Сурбам, стаў рамантаваць пішчык і паціху, паціху навучыўся рабіць інструменты. Зараз ён робіць іх вельмі якаснымі, што дуды, што ліры, што цымбалы. Вось заехалі да яго — стаіць на рэстаўрацыі кантрабас. Рукі ў чалавека залатыя. Грае добра, але яму звыкла граць аднаму. Не хацелася яму ў гурце. А мне — наадварот.
Бывае, аддаю Сержуку дуду на тэхабслугоўванне ці ён новую робіць, то прапануе тэхнічна зрабіць нешта лепш, а я апрабоўваю. Ён робіць эксперыменты як майстар, а я як музыка, карыстальнік яму распавядаю, дзе хібы, дзе добра. І гэты абмен, вельмі шчыльны, між двума людзьмі, уздымае і мой, і ягоны ўзровень.
Глядзі больш