Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Старое пахаванне. Як захаваць памяць продкаў?

Старое пахаванне. Як захаваць памяць продкаў?

15 лістапада 2018, 01:41 Грамадства, Культура 18
Старое пахаванне.   Як захаваць памяць продкаў?

Аблічча старых гарадскіх могільнікаў – тэма трапяткая для насельніцтва. Лёс старых могілак (размешчаных па праспекце Перамогі ў Лідзе) складаны. Іх захаванасць і тэрытарыяльную цэласнасць трагічна парушалі падзеі і людзі 20 стагоддзя. “Гістарычны горад” у горадзе, заснаваны ў 1797 годзе, з мноствам магіл людзей розных саслоўяў і канфесій.

Сюды прывозілі хаваць не толькі гараджан, але і некаторых жыхароў Лідскага павета. Узрост могілак такі, што магіл, даўно не наведваных, вельмі шмат.

Тым не менш, яны – частка культурнай прасторы, якую неабходна вывучаць і правільна пра яе распавесці сучаснаму грамадству.

Наколькі аўтэнтычнасць гэтага гістарычнага некропаля можна зберагчы і захаваць? Ініцыятарамі такой задачы выступіла грамадскае аб’яднанне сяброў Лідчыны з г. Гданьска пры фінансавай падтрымцы праектаў аднаўлення помнікаў гісторыі і культуры Міністэрствам культуры Рэспублікі Польшча.

Гэтая ініцыятыва была падтрымана Лідскім раённым выканаўчым камітэтам, і праект ужо ў дзеянні. Супрацоўнікі гістарычна-мастацкага музея ў адзін з восеньскіх дзён наведалі гэтае “месца сну” ў суправаджэнні карэннай лідзянкі, прадстаўніцы адной з найстарых сем’яў горада Галіны Лаўрэш (з сям’і Хруль). Пачынаючы гутарку пра рэалізацыю дадзенага праекту, яна сказала:

– Гісторыя гэтага горада – гэта фактычна гісторыя і маёй сям’і з 1527 года.

 

Мы пазнаёміліся з цікавым падыходам, пакладзеным у аснову канцэпцыі аднаўлення, распрацаванай прафесарам архітэктуры і спецыялістам па паркавым дызайне Катажынай Размарыноўскай. Гэта так званая рамантычная рэстаўрацыя (“арганізаваная занядбанасць”). Надмагіллі захоўваюцца ў існым выглядзе (закансерваваны, што вельмі важна!), але надпісы “адкрыты” для чытання (і вывучаны, што каштоўна!). Дазваляецца ачыстка і вываз смецця, але не фрагментаў надмагілляў і агародж, да якога б перыяду гісторыі могілак яны ні адносіліся. Высякаецца хмызняк, асобныя старыя дрэвы фрагментарна ўключаюцца ў агульную кампазіцыю або высаджваюцца новыя тых жа парод. Аднаўляецца гістарычная трасіроўка алей і дарожак. І што ў дадзеным выпадку важна – аднаўляецца фундатарская агароджа могілак 1903 года.

Менавіта надмагіллі – натуральная прыналежнасць і каштоўнасць любых могілак. Розных памераў, стыляў, вы-кананыя ў традыцыйных матэрыялах; наіўныя – самадзейных разбяроў, тыпавыя, аўтарскія, нарэшце, сапраўдныя шэдэўры сепулькральнага мастацтва. Надмагільныя помнікі – гэта дэманстрацыя сацыяльнага і фінансавага становішча, на гэтых могілках повятовая шляхта гэта паспяхова дэманстравала. Мы ўбачылі надмагіллі з граніту, пясчаніку, цэглы, дзікага каменю, шмат рэдкіх узораў чыгуннага ліцця і коўкі. Характэрна, што вельмі рэдка сустракаюцца паўторы вонкавага выгляду надмагілляў – знак таго, што грошай на гэтыя мэты не шкадавалі…

Тут жа можна разглядзець надмагільныя сімвалы і знакі. Выпадковаму чалавеку яны невядомыя: дэндралагічныя помнікі ў выглядзе ствалоў без галінак, часцей за ўсё падкажуць пра пахаванне чалавека, у якога няма спадчыннікаў; плюшч – знак вечнага жыцця; паходня – знак канца жыцця; зламаная ружа – знак сыходу чалавека ў росквіце гадоў; вянок з руж – знак дабрадзейнасці; галінка  лаўру – неўміручасць і чысціня; свечкі – хуткабежнасць жыцця…

Гэта так званыя, лапідарныя “лісты”. Часам іх завуць (па форме помнікаў) “квадратнымі лістамі” будучым пакаленням. Вынікам працы на працягу года ў рамках дадзенага праекту стаў цэлы пласт “адкрытых” (расчышчаных) прачытаных і дадаткова вывучаных “каменных лістоў”. На плітах чытаецца найкаштоўнейшая інфармацыя пра тое, хто пахаваны, з якой сям’і і род заняткаў памерлага. Бяры і чытай рэальную гісторыю жыцця людзей горада Ліды і Лідскага павета!

Вельмі важна, што гэтае месца, нягледзячы на разбурэнні на яго тэрыторыі, захавала архітэктурную кампазіцыю. Размяшчэнне вонкавых і ўнутраных элементаў, усё яшчэ ўзгоднена паміж сабой і творыць адзінае цэлае, у якім вызначальнымі з’яўляецца глыбінная кропка капліцы ў гонар хрысціянскай вялікапакутніцы Святой Варвары. Заснавана капліца ў 1805 годзе; у яе сценах гучаў орган, яна спазнала пажар, зацягнутую рэстаўрацыю, доўгае запусценне і толькі на стыку стагоддзяў ХХ і ХХІ яе аднаўленне было завершана.

Назапасілася досыць аргументаў, каб надаць самаму старому з захаваных могільнікаў горада, рэгіянальны статус гістарычна – культурнай каштоўнасці. Гэта вельмі важна для гісторыі самога горада і генеалагічных (біяграфічных) даследаванняў пра людзей, якія яго засялялі… Дарэчы, падобныя аб’екты многія гарады ўключаюць у настальгічныя турыстычныя туры для невялікіх груп людзей.

Таццяна Нікіфарава,

г. Ліда.

 

Здымкі Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На сярэднім здымку: Наталля Хацяновіч (музей), Галіна Лаўрэш, Таццяна Нікіфарава (музей).

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас