«Мой родны кут, як ты мне мілы»
Я. Колас
2018 – год малой Радзімы.
Гэта актуальная і прыгожая ініцыятыва Прэзідэнта прымусіла ўспомніць невялікую вёсачку ў Гродзенскай вобласці. Менавіта яе я лічу сваёй малой Радзімай . Вёска тая раскінулася ўдалечыні ад вялікіх дарог і гарадоў, побач з лясным масівам. Тут прайшло маё дзяцінства.Гэта быў нялегкі час. не так даўно скончылася вайна, таму былі пэўныя праблемы: бракавала сшыткаў, падручнікаў, у краме хлеб быў не заўседы, і многія вясковыя жанчыны пяклі духмяныя боханы ў печы. Не было электрычнасці. Затое як было весела! Увесь вольны час праводзілі на вуліцы .Гулялі , збіралі ягады, вудзілі рыбу. Яшчэ весялейшымі былі зімовыя забавы, балазе зімы былі доўгія і снежныя. Добра памятаю сваю першую школу.У нашу сямігодку прыходзілі дзеці з усіх навакольных весак, у ёй я атрымаў пачатковую адукацыю . Трэба сказаць, што вучыліся мы ў той час, а гэта быў канец 50-х гадоў,выключна на беларускай мове, гаворка ў паўсядзённым жыцці была таксама беларуская, русскую мову ніхто не ведаў і ўчуць яе можна было, калі ў канцавой хаце, на ўскрайку вескі, круцілі кіно, а гэта “ свята” было не часцей як тры – чатыры разы на год . Электрычнасці ў вёсцы не было, не было радыёпрыёмнікаў. Газеты прыходзілі, у асноўным раённыя, і яны былі на роднай мове. Чыста беларуская вёска! На жаль, цяжка ўявіць нешта падобнае цяпер, у незалежнай Беларусі. Праўда, на пачатку 90-х, пасля атрымання суверэнітэту дзяржаўнай мовай была беларуская. Але праўда і тое, што асноўная маса насельніцтва рэспублікі не магла карыстацца беларускай мовай у поўным аб’ёме, размаўляць па – беларуску, што і паказаў рэферэндум 1996 г .У выніку — дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Не сакрэт, што большасць насельніцтва карыстаецца рускай мовай. І прадстаіць доўгая і крапатлівая работа для папулярызацыі мовы роднай .У першую чаргу, гэтым павінна заняцца школа і сродкі масавай інфармацыі. Таму дазвольце запытаць у вас, шаноўныя журналісты. Вам нехта перашкаджае рыхтаваць перадачы на сваёй мове? У часы БССР быў адзін рэспубліканскі канал і тэлевізійныя навіны падаваліся па – беларуску. Цяпер у краіне іх некалькі, але беларускай мовы нідзе не чуваць. У рэшце-рэшт , у нас дзве дзяржаўныя мовы, а інфармацыя падаецца на адной. Глядзіш раніцой, ну здаецца самы беларускі канал – Беларусь1. Праграма называецца “Добрай раніцы Беларусь”! І што? Акрамя прыгожай беларускай назвы ўсё ідзе па-руску. Тое самае і на астатніх беларускіх каналах. Гэта здзек. Няўжо вы думаеце, што людзі не хочуць чуць роднай мовы? Што з таго, што размаўляюць па – руску. Так склалася гістарычна. Але ж мы ведаем, што па выніках апошняга перапісу, ці не 70 % насельніцтва Беларусі лічаць роднай мовай менавіта беларускую. Што вам яшчэ трэба? Распаражэнне Прэзідэнта? Аляксандр Рыгоравіч, як чалавек сумленны, ў моўным пытанні прытрымліваецца нейтралітэту. Разам з тым ён разумее, што без роднай мовы няма нацыі, што неаднаразова гучала ў выступленнях кіраўніка дзяржавы. Праўда, ёсць беларускія радыёстанцыі, якія вяшчаюць на роднай мове, дзякуй ім за гэта. Але, хто іх чуе? Радыёкропак даўно няма, а радыёпрыёмнікі маюць адзінкі. А вось тэлевізар глядзяць усе, асабліва людзі старэйшага ўзросту. У сетцы тэлеперадач, якія трансліруюцца на тэрыторыі рэспублікі рускія і беларускія каналы. Такі вось выбар. І там, і там размаюляюць па – руску. І выбіраюць на жаль, расійскія, яны больш цікавыя, але і больш небяспечныя. Пасля Крымнаш, гэта значыць анексіі Крыма Расійскай Федэрацыяй, на Расійскім тэлебачанні пачалі з яўляцца адыёзныя праграмы кшталту “60 минут”, “Время покажет”, “Место встречи” і г.д. Праграмы, на мой погляд, шавіністычныя, якія усхваляюць Расію, прыніжаюць другія краіны, асабліва Украіну, кіраўніцтва якой іначай як хунта не называюць, Затое Расія “великая и божественная”, негледзячы на тое, што 20% насельніцтва жыве ніжэй афіцыйнага ўзроўню беднасці. Бяда ў тым, што асноўная маса беларусаў верыць у гэта. Вераць, што Беларусь без Расіі нічога не прадстаўляе, што мы адзін народ і нам трэба аб’яднацца. У адной з перадач гэтага цыклу ўзгадалі і пра Беларусь, дакладней пра нашага Прэзыдэнта, якога моцна абразілі так званыя рускія палітолагі. Зразумела, праграму знялі з эфіру. Я лічу, трэба прычыніць усе гэтыя аналітычныя праграмы, альбо адкрыць украінскі канал, як альтэрнатыву расійскім. Гэта нам абяцаюць ці не трэці год. Альбо ўвесці ў сетку беларускія праграмы, дзе распавядаць пра гісторыю Беларусі, пра нашых знакамітых людзей, з выкарыстаннем, як беларускай так і рускай мовы, калі ў нас двухмоўе.
А як жа мая родная вёсачка, мая малая Радзіма, запытаеце вы. А ніяк, яе няма,адыйшла ў нябыт, як і многа другіх невялікіх весак Беларусі. Засталіся пустыя будынкі і … памяць. Паступова, пакрысе жыхары пераехалі ў гарады. Там жыць лягчэй і грошай больш. Дарэчы, масавая міграцыя таксама спрыяла заняпаду роднай мовы. Гарадскія і гавораць па – гарадскому, то бок па – руску. А вось малая разіма маёй жонкі, якая як-быццам і мая за амаль сорак год сумеснага жыцця, яшчэ жыве. Жыхары у асноўным сталага веку, але яны ёсць. Веска на беразе Нёмана, таксама ў Гродзенскай вобласці. Я наведваю гэты прыгожы куток Беларусі амаль сорак гадоў і раблю няўцяшальныя высновы. У кожнай хаце ёсць тэлевізар. І ўсе, без выключэння сядзяць у гэтай “скрыні” і глядзяць усе падрад, глядзяць серыялы, навіны, і ўсе па – руску. Нават паўсядзённая мова змянілася, усё больш рускіх слоў сустракаецца. Адна старая жанчына дык прама заявіла, што мы тут “все почти русские“. Як кажуць, прыехалі. І можаце не сумнявацца, калі з явяцца зялёныя чалавечкі і правядуць рэферэндум, вынікі яго не будуць істотна адрознівацца ад вынікаў на тэрыторыі Украіны. Ёсць усе перадумовы. Ну, ў заходняй частцы краіны гэта практычна немагчыма, затое без праблем можна атрымаць Віцебскую Народную Рэспубліку, напрыклад. І гэта не жарт.
Мне здаецца ўсе вельмі сур’ёзна. Усе мы ў адказе за будучае нашай краіны, за яе незалежнасць. І вельмi важная ў гэтым роля журналіста. Зрабіце ўсе магчымае, каб людзі глядзелі беларускае тэлебачанне з максімальным выкарыстаннем роднай мовы. Каб хацелася беларусам звацца.
Р.S. «І ўсе ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі»
Ніл Гілевіч
З павагай, Вяслаў Ярмак.