Завершыў дзейнасць у нашай краіне ўнікальны міжнародны праект “Inspired Exhibited”.
Па падлікам за месяц выставу “Беларусь і Біблія” наведалі каля 20.000 чалавек. Яна выклікала гарачую зацікаўленасць. Па выходных днях на пляцоўку да бібліятэкі прыбывалі шматлікія экскурсійныя аўтобусы з Баранавічаў, Віцебска, Паставаў, Багушэўска, Гомеля, Гародні.
Выставу наведала падчас чарговага візіту на Беларусь праўнучка Ігната Дамейкі з дачкой і ўнукамі – сеньёра Пас Дамейка. Каштоўныя экспанаты аглядаў брытанскі філолаг-славіст з Лондана Арнольд Мак-Мілін.
Творчыя асобы штодзённа знаёміліся з унікальнай экспазіцыяй. Павел Татарнікаў і Канстанцін Вашчанка, Мікола Купава і Алесь Пушкін вывучалі ілюстрацыі і гравюры старажытных выданняў, Навум Гальпяровіч і Яўген Гучок цікавіліся мовай і стылем кніг, Глеб Лабадзенка і Руся фатаграфаваліся з дзецьмі і моладдзю, друкавалі аркушы першай старонкі “Псалтыра”.
На выставе працавалі 70 валанцёраў. Глыбокія па змесце экскурсіі праводзілі гісторыкі Юрась Бачышча і Андрусь Унучак, служыцелі розных цэркваў Алег, Багдан і Аляксандр, пастар Антоній Бокун. Вялікія скаўтскія дружыны прыбывалі з Гародні і Менска ў суправаджэнні старэйшых.
Адбыліся навуковыя сталы па пытаннях сучасных перакладаў Бібліі. За апошні тыдзень з лекцыямі выступілі вядомы гебраіст дацэнт БДУ Галіна Сінілава і доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая.
Наведвальнікі пранікліся галоўнай думкай арганізатараў выставы: незлічоныя невядомыя перапісчыкі Святога Пісьма са стагоддзя ў стагоддзе рупліва перапісвалі і захоўвалі яго змест, вялікія асветнікі і мецэнаты ўсіх народаў (сярод якіх былі Ёган Гутэнберг, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны і Канстанцін Астрожскі, Уільям Ціндэйл і Майз Кавердэйл, Дзекуць-Малей і Янка Станкевіч) з самаахвярнасцю і рызыкай друкавалі і распаўсюджвалі Пісанне, каб яно нязменным дайшло да нашага часу.
Архімандрыт Сяргей Акімаў, доктар багаслоўя, прафесар, рэктар Менскай духоўнай акадэміі падзяліўся сваімі думкамі пра наведванне выставы “Беларусь і Біблія”:
– Мяне захапляе ідэя, якая нарадзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы і энтузіязм, які праявіў Раман Сцяпанавіч Матульскі. Выстава была цікавая ўсім. Яе значэнне ў тым, што яна была прызначаная для самай шырокай аўдыторыі. Спецыялістам важна было наведаць яе і ўбачыць арыгіналы старажытных рукапісаў, сабраных у адным месцы. Кожнаму чалавеку, які цікавіцца гісторыяй, духоўнай культурай, пытаннямі, звязанымі з жыццём чалавека і грамадства, важна было пабываць на ёй.
Мне вельмі спадабалася, як была арганізавана прастора для дзяцей – інтэрактыўная пляцоўка, заняткі, гульні. Здзівіла, якую вялікую цікавасць праяўлялі да выставы людзі. Плынь наведвальнікаў сведчыць аб тым, што гэтая тэма важная, яна запатрабаваная і тут адкрываецца вялікае поле для дзейнасці. Вельмі важна папулярызацыя такіх ведаў сярод дзяцей і моладзі. У гэтым – самае галоўнае значэнне выставы!
Дзіцячыя ўражанні – самыя яркія, яны застаюцца на ўсё жыццё. Цікавасць, якая загараецца ў дзіцячым узросце, праходзіць праз усе гады. Калі ў кагосьці на выставе запаліцца агенчык любові да Святога Пісання як да кнігі, як да прадмета, звязанага з гісторыяй і культурай, цікавасць гэта будзе развівацца, з’явіцца жаданне зазірнуць углыб, паглядзець, што там напісана, чаму гэтай кнізе надаецца так шмат увагі.
Мы прыводзілі на выставу нашых студэнтаў з Менскай духоўнай акадэміі. Я і ін-шыя выкладчыкі выкарыстоў-валі любую магчымасць, каб прыйсці сюды некалькі разоў, паглядзець на экспанаты і натхніцца! Выстава мяне кранула, ўразіла і захапіла. Гэта не проста збор каштоўных прадметаў, якія можна разглядаць. Выстава жывая, яна суправаджалася вялікай колькасцю мерапрыемстваў, сустрэч з людзьмі. След, які яна пакіне ў душах людзей, будзе працяглым і станоўчыя вынікі мы будзем адчуваць.
Бібліёграф Любоў Іванаўна Даніленка падчас круглага стала задала пытанне, як далей вывучаць Кнігу кніг усім, у каго абудзілася цяга да пазнання яе. Спадарыня Ірына Дубянецкая адказала: трэба чытаць Бібілію з каментарамі айцоў Царквы і з сучаснымі каментарамі, і прымяняць Слова Божае ў сваім жыцці, у літаратурнай і навуковай творчасці. Спадар Алесь Суша нагадаў, што ў Нацыянальнай бібліятэцы ёсць свая багатая калекцыя каштоўных беларускіх старадрукаў, ёсць факсімільныя ўзнаўленні кніжных помнікаў, кнігі па біблеістыцы, якія можна вывучаць круглы год.
21 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося апошняе мерапрыемства ў межах выставы “Беларусь і Біблія”, якое сабрало вялікую колькасць наведвальнікаў. Сябры “Клуба кніжных прафесараў” пад кіраўніцтвам Таццяны Сапегі і іншыя дзеці з бацькамі прыйшлі на прэзентацыю захапляльнай кнігі доктара Скота Кэрала “Прыгоды Вялікай кнігі” у перакладзе на беларускую мову, які зрабіла Вольга Жандарава. Кніга выйшла накладам у 1000 асобнікаў і яе атрымалі групы наведвальнікаў выставы, якія прыходзілі з агульнаадукацыйных і нядзельных школ.
Доктар Скот падпісаў кніжкі на памяць дзецям і бацькам. Дзеткі атрымалі сапраўдныя гусіныя пер’і, якімі карысталіся перапісчыкі. Маленькім прафесарам было важна пагаварыць з паважаным навукоўцам з ЗША, які паставіўся да іх з любоўю. Усе наведвальнікі выставы сардэчна падзякавалі доктару Скоту Кэралу за ўнікальную магчымасць да-крануцца да гісторыі стварэння самай галоўнай Кнігі чалавецтва.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.
- Архімандрыт Сергій Акімаў;
- Круглы стол “Беларусь і Біблія”;
- Сястра Алена, Джон Слайф і айцец Мікалай;
- Алесь Суша, Скот Кэрал і маленькія чытачы;
- Яўген Гучок.