Новы цікавы турысцка-экскурсійны маршрут распрацавалі і ўладкавалі вучні Пастаўскай гімназіі разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Ён праходзіць па тэрыторыі прыродна-гістарычнага комплексу “Крыжоўкі” на мяжы Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў. Гэты комплекс быў вылучаны вучнямі Пастаўскай гімназіі і вывучаўся на працягу 2012-2018 гадоў. За гэты час у вандроўках удзельнічала 47 гімназістаў, 6 вучняў з іншых школ горада. У 2018 годзе было праведзена 5 экспедыцый па тэрыторыі гэтага комплексу, прычым, дзве з іх – разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, якія аказалі навуковую і метадычную дапамогу пры распрацоўцы праекту. Ідэю праекту падтрымала і грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. У жніўні гэтага года турысцка-экскурсійны маршрут па комплексу “Крыжоўкі” быў уладкаваны: пракладзены дзве сцежкі (вялікае і малое кола), прымацаваны інфармацыйныя табліцы, павешаны ўказальнікі, падрыхтаваны даведнік і буклет, распрацавана схема і інфармацыйны банер. У работах па маркіроўцы маршруту ўдзельнічалі вучні, студэнты, супрацоўнікі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, сябры Пастаўскай арганізацыі ТБМ.
Маршрут можа задаволіць густы самых патрабавальных аматараў падарожжаў, бо ўключае адметныя аб’екты прыроды, гісторыі і культуры, якія ў большасці з’яўляюцца рэдкімі або ўнікальнымі для Беларусі. Няпоўны пералік найбольш цікавых аб’ектаў на маршруце сведчыць пра незвычайную яго насычанасць: германскія і расійскія ўмацаванні і пахаванні часоў Першай сусветнай вайны, рэшткі міжваеннай гідратэхнічнай сістэмы з падмуркам млына, склеп на месцы былога сельскагаспадарчага вучылішча, падмурак і кавалкі чорнага базальту на месцы капліцы-маўзалея У. Друцкага-Любецкага, помнік на месцы бою 1944 г., тры рознавысотныя невялічкія, але вельмі прыгожыя Сарочынскія возеры, папуляцыі капавых асін, глогу і трэнтаполіі – чырвонай водарасці, якая занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, месца знаходак акамянеласцей даўнейшых геалагічных эпох у размыве марэны і іншыя. З гэтай мясцовасцю звязаны лёс паэта Уладзіміра Дубоўкі, князя-мецэната Уладзіміра Друцкага-Любецкага. Адметнасцю маршруту з’яўляецца яго беларускамоўнае афармленне: усе надпісы на галоўным банеры і інфармацыйных табліцах пададзены на роднай мове.
Падрабязная характарыстыка маршруту падаецца ў даведніку “Прыродна-гістарычны комплекс “Крыжоўкі”: турысцка-экскурсійны маршрут” (аўтары І. М. Пракаповіч, А. А. Януш), які выдадзены ў выдавецтве “Каўчэг” таксама па-беларуску і ўключае 70 старонак апісанняў з каляровымі ілюстрацыямі ўсіх адметных мясцін. Інфармацыю таксама можна знайсці на сайтах Нацыянальнага парку “Нарачанскі” і Пастаўскай гімназіі.
Турысцка-экскурсійны маршрут па прыродна-гістарычным комплексе “Крыжоўкі” можа выкарыстоўваца ў рэкрэацыйных, пазнавальных і вучэбных мэтах групамі школьнікаў і студэнтаў, людзей, якія адпачываюць у курортнай зоне “Нарач” і на аграсядзібах, падарожнікамі-індывідуаламі.
Ігар Пракаповіч,
настаўнік геаграфіі,
кіраўнік праекту.