У Германіі абмяркоўваюць стварэнне яшчэ аднаго помніка ахвярам нацыстаў у Другой сусветнай вайне. Ставіць яго толькі ў памяць палякаў ці ўсіх ўсходнееўрапейскіх ахвяр? “Нямецкая хваля” пагутарыла з гісторыкам Марцінам Аўстам.
Мемарыял ахвярам Галакосту быў адкрыты ў Берліне ў 2005 годзе. З тых часоў з’явіліся і іншыя помнікі ў памяць ахвяр нацыянал-сацыялізму: рэпрэсаваным гомасексуалам, цыганам, а таксама забітым у ходзе праграмы гвалтоўнай эўтаназіі. Аднак у Германіі дагэтуль няма помніка ахвярам вайны, якую ва ў Усходняй Еўропе вялі нацысты. У кааліцыйным пагадненні паміж кіруючымі ў Германіі кансерватарамі з блока ХДС / ХСС і сацыял-дэмакратамі зафіксавана, што гэты прабел павінен быць запоўнены. Зрэшты, цяпер у Германіі разгарнулася дыскусія пра тое, як гэта павінна быць рэалізавана.
Прафесар гісторыі Бонскага ўніверсітэта Марцін Аўст (Martin Aust) спецыялізуецца на ўсходнееўрапейскай праблематыцы.
– Спадар прафесар, яшчэ ў 2017 годзе вы падпісалі петыцыю з патрабаваннем усталяваць у Берліне асобны манумент палякам, забітым нацыстамі. Цяпер вы падтрымалі ідэю сумеснага мемарыялу ўсім ахвярам нямецкіх войнаў на знішчэнне ва Усходняй Еўропе. Чаму вы змянілі сваё меркаванне?
– Я нязменна прытрымліваюся думкі, што веды аб пачатку нямецкай вайны на знішчэнне ў Польшчы ў нямецкім грамадстве застаюцца недастатковымі. Таму я дагэтуль прыкладаю намаганні для стварэння ў Германіі заўважнага сімвала памяці аб польскіх ахвярах. Аднак, на маю думку, недастаткова будзе запоўніць прабел толькі ў памяці пра палякаў. Ахвяры нямецкай вайны на знішчэнне ў Савецкім Саюзе таксама з’яўляюцца прабелам ў нямецкай мемарыяльнай тапаграфіі. Шукаючы дарэчную форму памяці ахвяр, мы павінны ўзяць пад увагу ўзаемасувязь падзей у кантэксце вайны ў цэлым і, у прыватнасці, вайны на знішчэнне, якую Германія вяла ва Усходняй Еўропе.
– У кааліцыйным пагадненні нямецкага федэральнага ўрада выказана імкненне “ў дыялогу з усходнееўрапейскімі суседзямі” нагадаць пра “ўсіх ахвяраў нямецкай вайны на знішчэнне на ўсходзе”. Чаму такі падыход, з нямецкай перспектывы, выклікае канфлікт з культурамі памяці ў Польшчы, Украіне і Расеі?
– Гэта звязана з тым, што адрозніваюцца мовы, на якіх малююць сябе і іншых злачынцы, ахвяры, а таксама іх нашчадкі. Нацыянал-сацыялісты называлі людзей, якіх яны знішчалі, тэрмінамі, якія адрозніваюцца ад тых, якімі апісваюць іх нашчадкі ахвяраў. Нацысты казалі спачатку пра габрэяў, затым пра палякаў як славян і ўрэшце пераважна пра бальшавікоў і “жыхароў Савецкага Саюза”, толькі зрэдку ўспамінаючы расейцаў і ўкраінцаў як славян. Нашчадкі ахвяраў вайны на знішчэнне супраць Савецкага Саюза сёння кажуць пра сябе ў нацыянальных катэгорыях – як пра расейцаў, беларусаў ці ўкраінцаў.
Радыё Свабода.