Велічны абраз Маці Божай Будслаўскай, выкананы Ядвігай Сенько, знаходзіцца ў алтары касцёла св. Сымона і Алены. Яе пэндзлю належаць больш за 2000 абразоў і карцін на біблейскія сюжэты. У ліпені лепшыя творы мастачкі дэманстраваліся на выстаўцы ў касцёле.
Пані Ядвіга мае дабраславенне мітрапаліта Філарэта на духоўную творчасць. У жніўні выстаўка будзе экспанавацца ў Валожынскім краязнаўчым музеі. Пазней з яе творамі можна будзе пазнаёміцца на Гомельшчыне. Працы пані Ядвігі знаходзяцца ва Украіне, Расіі, Арменіі, краінах Балтыі, Францыі, Польшчы, Бельгіі, Італіі, ЗША. На Беларусі прайшло больш за 200 выставак у розных установах і парафіях. Улюбёная тэма пані Ядвігі – пялёсткавы рай: 500 кветкавых кампазіцый і букетаў напісаны мастачкай. Выяву санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках, створаную пані Ядвігай для касцёла Св. Сымона і Алены, асвячаў прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў кардынал Марк Уэле (Канада). У сонечны жнівеньскі дзень мы сустрэліся з Ядвігай Аляксандраўнай ля Чырвонага касцёла.
– Пані Ядвіга, Вы імкнецеся напоўніць свет даска-наласцю і гармоніяй. Светлы жаночы погляд на праваслаўныя і каталіцкія абразы – адкуль ён ідзе? Магчыма, ад пяшчоты матулі, сястры?
– Сапраўды, так. Маёй матулі Яніне Адамаўне Кадушкевіч у жніўні споўніцца 88 гадоў. У маладосці яна была вельмі прыгожай. У яе нас трое, тры дачкі. Яна шыла нам пекныя строі. Закладзены з маленства эталон прыгажосці скіроўвае мяне на тое, каб зрабіць усё вакол прыгожым. Абстаноўка і асяроддзе ў маёй двухпакаёвай кватэры ствараюць камфортныя ўмовы для працы: светлая мэбля, люстэркі. Усё гэта дапамагае займацца жывапісам. Я павінна несці культуру людзям. Упэўнена, што жанчына павінна быць акуратнай. Прыгожы і гарманічны чалавек нясе толькі дабро ў свет!
– Дазвольце даведацца, адкуль Вы родам?
– Я нарадзілася ў Палачанах на Маладзечаншчыне. З 1961 года я жыву ў горадзе Маладзечна. У дзяцінстве мы ездзілі ў касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў пасёлку Чырвоным. Наш тата Ян Аляксандравіч быў столярам, ён дапамагаў касцёлу св. Юзафа ў Маладзечне і іншым касцёлам Беларусі. Ён быў майстрам на ўсе рукі. Яго адпраўлялі ад фабрыкі, і ён аздабляў іканастас у царкве Успення Прасвятой Багародзіцы ў г. Маладзечна. Ён меў бачанне, як будаваць, у хаце рабіў сваім рукамі ўсю мэблю. Маму цягнула да малявання. Я марыла быць артысткай, хадзіла ў тэатральную студыю. Бабуля першай заўважыла мае схільнасці да малявання.
Я займалася ў студыі Юрыя Герасіменкі, потым скончыла Маскоўскі інстытут мастацтваў завочна. Да 1997 года я працавала мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве, пісала плакаты і наглядную агітацыю. Першы мой абраз – Сэрца Марыі – захаваўся. Ён быў напісаны ў 20 гадоў.
У момант скарачэння на працы я знайшла аб’яву, якая запрашала да супрацоўніцтва іканапісцаў у краму “Праваслаўная кніга”. Яе дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Чартовіч пазнаёміўся з маімі працамі і даў мне заданне напісаць абраз Божай Маці Скорапаслушніцы. Я ехала дадому з радасцю! Паступова пачала атрымліваць заказы на стэнды вялікага памеру, на абразы для цэркваў, а таксама для асобаў, якія жадалі мець той ці іншы абраз у сябе дома. Дзевяць га-доў мы супрацоўнічалі, у “Праваслаўнай кнізе” праходзіла выстаўка-продаж маіх прац. Вялікія карціны мятровага памеру набывалі святары з розных прыходаў. Я працавала па заданні і прыслухоўвалася да патрабаванняў.
– У той перыяд аднаўляліся і будаваліся храмы ў розных куточках Беларусі.
– Была вялікая патрэба ў абразах. Аднойчы, каб паглядзець узор, я пайшла ў Маладзечна ў царкву Успення Прасвятой Багародзіцы. Мужчына ў кіёску ў звычайнай вопратцы запытаў у мяне, з якой мэтай я шукаю абраз. Аказалася, што гэта быў настаяцель прыходу.
Я крыху разгубілася. Бацькі выхавалі нас у павазе да святароў. Але ўсе мае родныя былі каталікамі. Зараз мяне запрашаюць на асвячэнне храмаў, а тады я не ведала, як сябе паводзіць.
“Давайце будзем пісаць!” – сказаў бацюшка. І мы пісалі. Праз увесь горад для мяне неслі вялізныя лісты ДВП. З’явіліся выявы: Хрышчэнне Ісуса, Серафім Сароўскі, Еўфрасіння Полацкая, св. Георгій Пераможца, св. апосталы Пётр і Павел, святы прарок Ілля, Віленскія пакутнікі, разам больш за 30 абразоў. Я пішу алеем на палатне, бо ўпэўнена, што праца можа захавацца на 100 гадоў. Пісаць па тынкоўцы менш надзейна. Я лічу, што трэба вельмі адказна падыходзіць да сваёй працы.
Шмат абразоў напісана мной для храма Нараджэння Хрыстовага ў горадзе Маладзечна. Гэта іканастас, святая Ксенія Пецярбургская, Матрона Маскоўская, Сафія, Вера, Надзея і Любоў, Еўфрасіння Полацкая. У новай царкве Георгія Пераможцы ёсць таксама мае працы. Усё, што мы пакідаем на зямлі, застаецца пасля нас. Дзякуючы працы ў “Праваслаўнай кнізе”, я зразумела еднасць традыцый праваслаўных і католікаў. Мой муж – праваслаўны. Мітрапаліту Паўлу я перадала ў дар абраз святога апостала Паўла, калі ён наведваў Маладзечна. Цяпер я пачала пісаць больш каталіцкіх абразоў.
– Вы пішаце выявы Маці Божай, Найсвяцейшай Панны Марыі. Як прыходзіць досвед?
– Лічаць, што існуе больш за 200 праваслаўных выяў Маці Божай. Аднойчы ў мяне заказаў абразы мецэнат з Пецярбурга, ён замовіў 50 абразоў, ён іх калекцыянаваў. Тады я пісала рэдкія выявы Маці Божай. Розныя працы – добрая практыка. Мастак заўсёды хоча пісаць новую працу і больш складаную. Белае палатно прыцягвае, і пачуццё страху пераадольваецца. Наношу алоўкам контур, жывапіс раблю алеем, ідзе штодзённы працэс. Абразы заказваюць вядомыя, часцей -Вострабрамскую і Будслаўскую, Гудагайскую і Браслаўскую. Абразы атрымліваюцца строгія, аскетычныя, адпаведна колеру металу. Таксама я супрацоўнічаю з сёстрамі-назарацянкамі з Гародні. Для іх я напісала абраз заснавальніцы назарацянскага ордэна Францішкі Сядліскай, 11 наваградскіх пакутніц, сёстраў-назарацянак.
– Вы адчуваеце патрэбу ў выстаўках?
– Выстаўкі дазваляюць мне знаёміцца з новымі людзьмі і святарамі. У горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці айцец Цімафей, настаяцель храма Тупічэўскай Маці Божай, сябруе з дырэктарам гістарычна-краязнаўчага музея. Ён даў замову напісаць іканастас, які складаецца з 16 абразоў, і яшчэ 11 абразоў для царквы, у тым ліку – рэдкі абраз Божай Маці Тупічэўскай. Абразы, напісаныя мной, можна ўбачыць ў касцёлах і цэрквах на Беларусі і не толькі… Я гэтым жыву, пра гэта чытаю і ўжо не змагу пражыць без маленькага Езуса, без Мадоннаў. Яны ствараюць мой унутраны свет і маё асяроддзе.
Я суправаджаю выстаўку тэчкай з кароткім апісан-нем абразоў. Навуковыя супрацоўнікі музея чытаюць лек-цыі на духоўныя тэмы для школьнікаў і інтэлігенцыі. Адначасова дзве мае выстаўкі перамяшчаюцца па розных гарадах. Іншая мая выстаўка знаходзіцца ў горадзе Міёры, у кастрычніку яна пераедзе ў Браслаў. Трэццяя выстаўка называецца “Кветкавы рай”. Я падрыхтавала яе да аднаго са сваіх юбілеяў, і зараз яна экспануецца ў карціннай галерэі ў горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці, у верасні яе пабачаць жыхары Івацэвічаў. Мае выстаўкі іконапісу і кветкавых кампазіцый праходзілі не толькі ў малых гарадах Беларусі, але і ў Віцебску ў музеі М.Ф. Шмырова, у Менску ў Нацыянальным гістарычным музеі, у музеі Якуба Коласа, у галерэі “Універсітэт культуры” ў Палацы Рэспублікі. У 2016 годзе праходзіла мая выстаўка ў га-лерэі Гаўрыіла Вашчанкі ў Гомелі.
– Жадаем Вам поспехаў!
Гутарыла
Эла Дзвінская,
фота аўтара і з архіва Ядвігі Сенько.