ЯЦВЯЖСКІ СЛОЎНІЧАК
“Народ рэдка памірае фізічна. Звычайна ён змяняе імя, багоў і мову, і сыходзіць у гэтым шэрагу першай менавіта мова. Гарады застаюцца каменем, косткі застаюцца генетыкай, а словы трымаюцца толькі на жывым дыханні. Варта яму перапыніцца, і аднавіць іх не здолее ўжо ніякі археолаг”.
Не ведаю, хто сказаў, не памятаю, дзе спісаў, але сказана правільна. Нікуды не дзеліся яцвягі фізічна, не растварыліся генетычна, але не пакінулі пісьмовых крыніц, і гаварыць пра яцвягаў, як пра асобны этнас, без мовы вельмі складана, таму кожнае захаванае яцвяжскае слова мае выключнае значэнне. Многія народы сышлі з арэны гісторыі, але ад іх засталіся тэксты, імёны, тапонімы, і мы ведаем пра гэтыя народы дастаткова, каб згадаць іх хаця б у падручніках па гісторыі ці ў навуковых працах. Не будзем тут заглыбляцца ў клінапіс ці іерогліфы вельмі даўніх народаў. Побач з яцвягамі ў той жа Прыбалтыцы жылі плямёны прусаў, якім вельмі не пашанцавала фізічна, але ад якіх засталіся пісьмовыя крыніцы.
Пруская мова (саманазва: Prusiskan, Prusiska Bila) – мёртвая заходнебалцкая мова балцкае групы індаеўрапейскай моўнай сям’і, на якой гаварылі прусы – балцкі народ. Была распаўсюджана на паўночным усходзе сучаснай Польшчы і Калінінградскай вобласці сучаснай Расіі. Часам мову называюць старапрускай (ням.: Altpreussische Sprache, англ.: Old Prussian), каб адрозніваць яе ад прускіх гаворак нямецкай мовы.
Першыя пісьмовыя фіксацыі мовы прыпадаюць на XIII ст. і былі зроблены лацінскім алфавітам. На цяперашні момант захавалася невялікая колькасць пісьмовых помнікаў мовы. Многія з іх адлюстроўваюць на сабе ўплыў з боку польскай і нямецкай моў. Некаторае ўяўленне пра мову даюць тапаніміка і антрапаніміка, а таксама прускія запазычанні і субстратныя элементы ў суседніх мовах: нямецкай, польскай, літоўскай, беларускай.
Апрача ўласна гістарычнага рэгіёна Прусія, на ўсход ад ракі Вісла, мова магла быць таксама распаўсюджанай на ўсходзе гістарычнага рэгіёна Усходняе Памор’е, разам з гэтым, на думку некаторых даследчыкаў, тэрыторыя распаўсюджвання носьбітаў мовы магла працягвацца на ўсход і поўдзень, закранаючы Падляшша і Палессе.
Па войнах XIII-XV стст. ў гэтым рэгіёне, арэал прускай мовы распаўся на шэраг невялікіх тэрыторый. Ад пачатку XVII ст. мова пачала выміраць нават у апошніх традыцыйных арэалах (напрыклад, існуюць сведчанні пра смерць “апошняга старога, які жыў на Куршскай касе і ведаў прускую” ў 1677 годзе), на пачатак XVIII ст. нашчадкі прусаў поўнасцю перайшлі на ніжненямецкую мову; таксама шэраг апошніх носьбітаў мовы вымер з прычыны голаду і чумы, якія доўжыліся ў перыяд з 1709 да 1711 года. У лексіцы нямецкага маўлення нашчадкаў прусаў часам захоўваліся некаторыя элементы прускага субстрату (напрыклад, kurp – “абутак”, ад прускага kurpi, параўн. з літаратурным нямецкім Schuh).
У дадатак да нямецкіх каланістаў, падчас Рэфармацыі ў Прусіі знаходзілі прытулак перасяленцы з Польшчы, Літвы, Францыі, Шатландыі. Гэтыя прычыны выклікалі паступовы пераход прусаў на іншыя мовы, асабліва нямецкую, якая была дзяржаўнай мовай тагачаснай Прусіі.
Для фанетыкі прускай мовы былі характэрнымі проціпастаўленне галосных паводле даўжыні або кароткасці, адносна простая сістэма зычных, вольны націск, супрацьпастаўленне інтанацый, палаталізацыя і лабіялізацыя зычных, змяшэнне шыпячых і свісцячых, дыфтангізацыя доўгіх галосных, захаванне di, ti (перайшлі ў шыпячыя ў латышскай і літоўскай), але пераход si у шыпячы; змена глухіх і звонкіх (у шэрагу выпадкаў звязаная з успрыманнем мовы немцамі).
Некаторыя сведчанні (у прыватнасці, катэхізісы) даюць некаторую аснову для рэканструкцыі граматыкі прускай мовы.
У прускай мове засведчана наяўнасць склонаў, аднак не існуе пэўнага меркавання пра іх колькасць. У прускай мове налічваюцца прынамсі чатыры склоны: назоўны, родны, давальны і вінавальны. Ёсць сляды клічнага склону (напрыклад, фраза “O Deiwe Rikijs” – “О Божа”), у якіх адлюстроўваецца захаванне праіндаеўрапейскага канчатку клічнага склону -e. Адзначаецца наяўнасць вызначаных і нявызначаных артыкляў, аднак застаецца спрэчным пытанне, ці было гэта ўласна прускай моўнай з’явай, ці калькаванем з нямецкай мовы. У прускай мове вылучаюцца дзеясловы мінулага, цяперашняга і будучага часу, існуе аналітычны перфект з дзеясловам быць, чатыры лады, стан. У прускай мове адзначаўся лексікалізаваны дзеяслоўны від славянскага тыпу (напрыклад, прыстаўка po-), аднак ён слаба задакументаваны. У некаторых адносінах пруская мова праяўляе падабенства са славянскімі мовамі (у прыватнасці, агульныя структурныя рысы ў марфалогіі).
Не захавалася дакладных звестак пра сінтаксіс у прускай мове, што звязана з дакладнай адпаведнасцю парадку слоў у катэхізісах нямецкаму арыгіналу.
Пруская мова была досыць блізкай да іншых заходнебалцкіх моў (на цяперашні момант усе яны з’яўляюцца мёртвымі), у меншай ступені – да ўсходнебалцкіх (літоўская, латышская). Мова мае запазычанні славянскага, германскага (напрыклад, з гоцкай мовы), а таксама скандынаўскага паходжання.
Да прамых сведчанняў прускай мовы адносяцца тапонімы Прусіі (першае даследаванне па гэтай тэматыцы было ажыццёўлена Георгам Герулісам), уласныя імёны, асобныя словы ў гістарычных дакументах, дыялектызмы ў нямецкай, літоўскай і беларускай мовах.
Разам з гэтымі звесткамі асабліва вылучаецца выпадкова знойдзены ў 1970-х гадах Базельскі фрагмент (XIV ст., пасля 1369 года), які лічыцца найстаражытнейшым балцкім тэкстам. Гэты тэкст з’яўляецца жартаўлівай эпіграмай, складзенай, верагодна, прускім студэнтам Карлаўскага ўніверсітэта.
Kails rekyse Tho ne aw labonache thewelyse
Eg koyte poyte Nykoyte pennega doyte.
Пруская Беларуская
Kails Здароў
rekyse пане
Tho ne aw ты не ёсць
labonache добры
thewelyse дзядзька
Eg калі
koyte хочаш
poyte піць
Ny koyte не хочаш
peninga грошы
daiti даваць
Звычайна тэкст перакладаюць наступным чынам: “Здароў, пане! Ты не ёсць добрым дзядзькам, калі хочаш піць, а не хочаш грошай даваць”.
Сярод некаторых іншых пісьмовых сведчанняў адзначаюцца Слоўнік са 100 слоў, складзены ў 1517-1526 гг. Сымонам Грунаў, Эльбінскі слоўнік XIV ст. (памезанскі дыялект, 802 словы), выкананыя немцамі пераклады трох катэхізісаў (XVI ст., самбійскі дыялект), аднак заста-ецца дыскусійным пытанне пра ступень правільнасці адлюстравання прускага маўлення ў гэтых катэхізісах.

У Летуве, Польшчы, Расіі і некаторых іншых краінах існуе некалькі эксперыментальных супольнасцей, якія ставяць мэту рэканструкцыі прускай мовы. Каля 200 чалавек вывучыла мову і спрабуе выкарыстоўваць яе ў паўсядзённым жыцці ў пэўнай ступені. Сярод дзеячаў руху адзначаюцца Вітаўтас Мажуліс і Летас Палмаціс, лідар руху і аўтар тэматычнага сайта.

Яцвяжская мова (судоўская мова, судзінская мова, дайнаўская мова, мова яцвягаў) – адна з мёртвых балтыйскіх моў.
На ёй размаўлялі балцкія плямёны, што ў I – пач. II тыс. н.э. насялялі тэрыторыю Панямоння. Паступова выцеснена беларускай, польскай, летувіскай і нямецкай мовамі. Блізкая да прускай мовы.
Перастала існаваць у XVI ст., сляды захаваліся ў XVIII-XIX ст. у некаторых гаворках беларускай і летувіскай моў у выглядзе асобных запазычанняў.
Сувалкійская гаворка летувіскай мовы, складзеная пад уплывам гаворак яцвягаў, ляжыць у аснове сучаснай летувіскай літаратурнай мовы. Ян Атрэмбскі таксама адзначыў пэўны ўплыў мовы яцвягаў на польскую мову на ўсходзе сучаснай Польшчы – у прыватнасці, на мазавецкую гаворку.
Яцвяжская мова доўгі час вывучалася на аснове абмежаванага назоўнага матэрыялу, ажно пакуль не быў апублікаваны знойдзены ў Белавежскай пушчы “Яцвяжскі слоўнічак”.
Паганскія гаворкі з Нарава (польск.: Poganskie gwary z Narewu) або Яцвяжскі слоўнічак — рукапісны пералік слоў балцкага паходжання з перакладам на польскую мову.



Матэрыял быў знойдзены ўлетку 1978 года (паводле іншых звестак, у 1985 годзе) ў беларускай частцы Белавежскай пушчы, на хутары на захадзе ад паселішчаў Роўбіцк і Крыніца (цяпер Пружанскі раён Берасцейскай вобласці). Аматар і збіральнік даўніны Вячаслаў Зінаў набыў у мясцовага хутараніна кнігу – зборнік малітваў на лацінскай мове, у канцы якога было прыплецена некалькі рукапісных аркушаў. На пачатку гэтых старонак утрымліваўся загаловак «Poganskie gwary z Narewu» («Паганскія гаворкі з Нарава»). На хутар у Белавежскай пушчы кнігу прывезлі ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі з мястэчка Белавежа (цяпер у Падляшскім ваяводстве Польшчы).
Вячаслаў Зінаў перапісаў гэты слоўнічак у асобны сшытак. Неўзабаве ён пайшоў у войска, і за гэты час яго бацькі выкінулі арыгінальную кнігу. Захавалася толькі копія слоўнічка, якую Зінаў даслаў на кафедру літоўскай мовы Віленскага ўніверсітэта. Там гэтым матэрыялам зацікавіўся вядомы літоўскі мовазнавец Зігмас Зінкявічус.
Матэрыял слоўнічка, які налічвае 215 слоў, быў упершыню апублікаваны З. Зінкявічусам у 1984 годзе ў акадэмічным выданні «Балто-славянские исследования». Фотакопія рукапісу Зінава з’явілася ў літоўскім мовазнаўчым часопісе «Baltistica» у 1985 годзе. У 1987 годзе былі апублікаваныя шматлікія водгукі іншых мовазнаўцаў на гэтую знаходку. У жніўні 2018 года, да 40-годдзя знаходкі слоўнічка, выйшлі тэматычныя публікацыі ў газеце «Наша слова» і ў пружанскай раённай газеце «Раённыя будні».
Гісторыя знаходкі і сам змест слоўніка выклікалі ў навуковых колах шматлікія дыскусіі і падазрэнні ў фаль-сіфікацыі. Асноўнай прычынай скепсісу стала фізічная страта арыгінала. Як адзначаў французскі лінгвіст Даніэль Пеці, парадокс гэтага ўнікальнага дакумента заключаецца ў тым, што ён спарадзіў адносна мала даследаванняў, нібыта навукоўцы неахвотна браліся за яго вывучэнне з-за «праблемнай гісторыі рукапісу». Паводле яго слоў, каб канчаткова развеяць падазрэнні ў тым, што слоўнік з’яўляецца сучаснай падробкай, неабходна было б атрымаць доступ да арыгінальнага сшытка Зінава, знайсці і апытаць самога копіюмта, а таксама сабраць максімум дадзеных пра матэрыяльную перадачу тэксту.
Крытыка лінгвістаў таксама тычыцца шматлікіх незразумеласцей і скажэнняў у тэксце. Амерыканскі даследчык Уільям Шмальстыг звяртаў увагу на наяўнасць адразу некалькіх узроўняў нявызначанасці: балцкая мова (з дамешкам германізмаў) першапачаткова ўспрымалася і запісвалася на польскі слых, пасля чаго магла быць скажоная памылкамі самога перапісчыка Зінава. Неразуменне чужой фанематычнай сістэмы магло прывесці да значных дэфармацый зыходных слоў.
З. Зінкявічус гэтаксама адзначаў, што некаторыя словы ў рукапісе наогул незразумелыя або цяжка падда-юцца тлумачэнню. Акрамя таго, здзіўленне даследчыкаў выклікаў той факт, што ў тэксце прысутнічаюць толькі тры відавочныя паланізмы, але пры гэтым налічваецца каля васямнаццаці германізмаў. На падставе гэтага нямецкі лінгвіст Вольфганг Шмід выказаў гіпотэзу, што гэтыя «германізмы» насамрэч з’яўляюцца элементамі паўночна-ўсходняга ідышe, а інфарматарам мог быць яўрэй. З. Зінкявічус, аднак, палічыў гэтую ідэю цікавай, але малаверагоднай, бо ў слоўніку адсутнічаюць гебраізмы, ды і цяжка ўявіць такога інфарматара ў кампаніі каталіцкага святара.
З-за фрагментарнасці запісаў і магчымых скажэн-няў З. Зінкявічус не адважыўся безумоўна аднесці мову слоўніка ні да яцвяжскай, ні да летувіскай. Ён прапанаваў тры магчымыя гіпотэзы паходжання помніка: па-першае, гэта магла быць мясцовая яцвяжская гаворка, якая зведала моцны ўплыў літоўскай мовы; па-другое, гэта магла быць летувіская мова, што развілася на надзвычай моцным яцвяжскім субстраце; па-трэцяе, складальнік слоўніка мог проста не адрозніваць яцвяжскія і літоўскія словы, фіксуючы сумесь дзвюх моў, якія на той час у гэтым рэгіёне былі шмат у чым падобныя.
Нягледзячы на ўсе сумненні, існуюць важкія аргументы супраць версіі аб свядомай фальсіфікацыі. Польскі лінгвіст Кшыштаф Томаш Вітчак адзначаў, што лінгвістычная калька, засведчаная ў постяцвяжскім тапанімічным арэале (напрыклад, пераклад назвы «Windobala» як «Wiatroluza»), дакладна пацвярджаецца дадзенымі слоўніка Зінава, хоць у навуцы 1980-х гадоў гэты факт быў цалкам невядомы. Акрамя таго, некаторыя тапонімы (як возера Койле каля Сувалак, што азначала «ціхае возера») можна карэктна растлумачыць толькі дзякуючы гэтаму слоўніку, дзе прысутнічае слова «kajli» (ціха). Яшчэ адным доказам аўтэнтычнасці з’яўляецца адлюстраваная ў тэксце дэпалаталізацыя палаталізаваных складовых санорных пасля балцкага зычнага «v» на ранняй стадыі (напрыклад, «wulkе» ад «wilkas» і «wuld» ад «wiltei»). Гэтая ўнікальная фанетычная з’ява была абсалютна невядомая лінгвістам да публікацый З. Зінкявічуса. Паводле Вітчака, гіпатэтычны фальсіфікатар мусіў быць геніяльным балта-славянскім дыялектолагам, які пераўзыходзіў бы ўсіх тагачасных спецыялістаў, што робіць імавернасць падробкі мізэрнай.
У слоўнічку меркаванай яцвяжскай мовы чакалася б мноства паралеляў з прускай мовай, але аказалася вельмі мала лексікі, якую можна назваць выключна заходнебалцкай. Значная частка слоў з’яўляецца супольнай адначасова з прускай і з летувіскай (а нярэдка і з латышскай) мовамі. Адзначаецца таксама дзіўна вялікая колькасць прамых паралеляў выключна з латышскай мовай, што ставіць перад даследчыкамі пытанне пра магчымасць прамых тэрытарыяльных кантактаў у мінулым.
Сярод выключных паралеляў паміж мовай слоўнічка і прускай мовай сустракаюцца такія адзінкавыя прыкла-ды, як слова «kajli» (ціха), якое перагукаецца з прускім «kails» (здаровы), дзе мяркуецца семантычная эвалюцыя ад «здаровы» да «ціхі». Таксама прысутнічае слова «tarmi» (гарачыня), якое паўтарае прускае «gorme» ў асаблівым вымаўленні з пераходам пачатковага «g» у «t», і слова «nau» (новы), што адпавядае прускаму «naws». У лексіцы слоўнічка прысутнічае і значная доля запазычан-няў з германскіх моў. Вылучаюцца і пэўныя паўднёва-славянскія паралелі: напрыклад, яцвяжскае «radid» (працаваць) звязана з сербска-харвацкім «радити», што працягвае шэраг вядомых перагукаў прускіх слоў з паўднёваславянскай лексікай. Лацінскае «serpens» адлюстравана ў яцвяжскім «serpine» (змяя).
Уласна «яцвяжскае» развіццё ў рамках балцкага лексічнага матэрыялу дэманструюць такія словы, як «weda» (дарога), якое паходзіць ад прускага «weddа» і летувіскага «vesti» (весці). Слова «dumo» (цемра) пахо-дзіць ад прускага «dumis» і летувіскага «dumas» (дым), пры гэтым месца паняцця «дым» у слоўніку заняло слова «ars», роднаснае летувіскаму «oras» (паветра). Назоўнік «wir(i)ba» (жанчына) утвораны ад кораня са значэннем «мужчына» (прускае «wirs», літоўскае «vyras») з дапамогай суфікса «-(i)ba-», які ў літоўскай мове звычайна выкарыстоўваецца для ўтварэння аддзеяслоўных назоўнікаў.
Прамыя індаеўрапейскія адпаведнікі маюць словы «nomas» (імя), «(а)sirga» (кроў), «kar» (што), «mard» (чалавек). Апошняе слова цесна звязанае з іранскім абазначэннем чалавека як «смяротнага» і перагукаецца з іранска-індаеўрапейскай назвай фінскамоўнага племені мардва на Ніжнім Паволжы. Гэты перагук лічыцца вельмі каштоўным з-за наяўнасці на Ніжнім Паволжы згушчэння гідранімічных балтызмаў, сярод якіх рака Сезельда, што пераклікаецца з назвай ракі Ясельда (утрымлівае яцвяжскі элемент «-da» ад «uda» — вада, рака).
У лексіцы слоўнічка засведчаныя тры важныя тэонімы: Пяркус, Лаўме і Туоліс.
Тэонім «Pjarkus» (Пярун) утвораны бессуфіксальным чынам, што адрознівае яго ад літоўскага «Perkunas» і прускага «Perkuns», у якіх прысутнічае суфікс «-un-». Побач з ім у тэксце згадваецца тэонім «Laume», і абодва яны маюць пазнаку «паганскія» (польск.: poganskie). Слова «лаўма» ў пазнейшым зніжаным значэнні «ведзьма» сустракаецца не толькі ў Летуве, але і на Смаленшчыне (паводле запісаў фалькларыста У. Дабравольскага). Першапачаткова гэта было імя агульнабалцкай багіні-парадзіцелькі, якое ўзыходзіць да індаеўрапейскага кораня «leudh-» са значэннем «расці».
Тэонім «Tuolis», якім у слоўніку пазначаецца чорт (адпачатна – імя падземнага боства), мае беспрыставачны выгляд і перагукаецца з іменем прускага бога падзем’я «Patals», у якім корань «tal-» пашыраны прыстаўкай «pa-» (прыставачны спосаб утварэння тэонімаў быў вельмі папулярны ў прусаў). Гэты тэанімічны раздзел уяўляе велізарную каштоўнасць для балцкай міфалогіі.
У мове слоўнічка фіксуецца шэраг асаблівых фанетычных змен, якіх не ведаюць іншыя вядомыя балцкія мовы. Напрыклад, існуе перагук з індаеўрапейскай албанскай мовай: «яцвяжскае» пачатковае «t» сустракаецца там, дзе ў іншых балцкіх мовах стаіць «g» (як у словах «tarmi» насупраць прускага «gorme» або «terd» насупраць летувіскага «gerti» – піць). Пасля дыфтонга «-au-» глухі зычны азванчаецца: літоўскае «pautas» ператвараецца ў яцвяжскае «paud» (яйка). Азванчэнне глухога зычнага ў лексіцы слоўнічка з’яўляецца вельмі частай з’явай. Іншай спецыфічнай рысай з’яўляецца спрашчэнне пачатковага «pl-» да «l-», як у слове «laugi» (валасы), што адпавядае летувіскаму «plaukai».
Вядомы лінгвіст і балтыст Уладзімір Тапароў пакінуў наступны водгук на знаходку «Яцвяжскага слоўнічка»: “Сам слоўнічак зрабіў на мяне вельмі глыбокае ўражанне бясспрэчнай сапраўднасці і арыгінальнасці. Больш за тое, ён фіксуе тую стадыю ў развіцці яцвяжскай мовы (і/або тую гаворку), пра якую паводле наяўных рэштак гэтай мовы мы не мелі ніякага ўяўлення. Таксама цікавыя і павучальныя ў слоўнічку як індаеўрапейскія архаізмы, якіх няма ў вядомым балцкім матэрыяле, так і сляды пазнейшых кантактаў (з нямецкай мовай). Вельмі нетрывіяльныя некаторыя словаўтваральна-марфалагічныя рысы. Нарэшце, асаб-лівую цікавасць уяўляюць асобныя факты, што кідаюць святло на пераходныя працэсы ад балцкай стадыі да праславянскай”.
На думку большасці лінгвістаў, пры ўсіх цяжкасцях і лакунах у даследаванні яцвяжскай мовы, гаворкі яцвягаў найбольш блізкія да гаворак балцкага племені прусаў, а таму аднесены да заходняй галіны балтыйскай групы індаеўрапейскай моўнай сям’і. Паводле даследаванняў польскага лінгвіста Яна Атрэмбскага, мова яцвягаў – за-ходнебалцкая, якая таксама мела некаторыя асаблівасці, характэрныя для славянскіх моў.
Ва ўступе да выдадзенага ў 1545 г. Першага прус-кага катэхізма гаворыцца: “Яцвягі [Die Sudawen], хоць іх мова і трохі прасцейшая, але здольныя ў гэтай прускай мове, якою выдрукаваны ўвесь гэты катэхізм, зразумець усе словы”. Магчыма, гэта тычылася толькі тэрытарыяльна бліжэйшай да прускіх тэрыторый судаўскай гаворкі.
Пра блізасць яцвяжскай да старапрускай мовы сведчыць шэраг лінгвістычных рыс.
Як і пруская, яцвяжская мова захоўвала старабалцкі дыфтонг -ei-. Ва ўсходнебалцкіх, або цэнтральнабалцкіх, мовах (летувіскай і латышскай) ён перайшоў у -ie-. Напрыклад, летувіскі тапонім Leipalingis на старой яцвяжскай тэрыторыі суадносяць з літоўскім liepa “ліпа” і выводзяць з яго яцвяжскае leipa.
Як і ў прускай, у яцвяжскай мове зычныя s, z не перайшлі ў шыпячыя s, z. Пра гэта сведчаць, напрыклад, назвы ракі Зэльвы (“зеленаваты”) або возера Свіцязь (“зіхцець”).
У яцвяжскай, як і ў прускай, прадуктыўным быў суфікс -ing-. Пра гэта гавораць і літоўскія назвы на старой яцвяжскай тэрыторыі Apsingе, Nedzingе, Pilvingis, Suvingis, а таксама і сама назва яцвягаў (jаt-v-ing-).
Летувісы сабралі даступную ім яцвяжскую лек-сіку, блізкую да летувіскаай мовы, за што ім: “Дзякуй”.
Яцвяжская-летувіская-беларуская
AS – AS – Я
TU – TU – ТЫ
ES – JIS – ЁН
DONTIS – DANTIS – ЗУБ
KAJ -KOJA – НАГА
SMAKRA -SMAKRAS – ПАДБАРОДАК
GIWATTI – GYVENTI – ЖЫЦЬ
ZUWO – ZUVIS – РЫБА
BRID – BRIEDIS – ЛОСЬ
LUKAS – LOKYS – МЯДЗВЕДЗЬ
LAPS – LAPЕ – ЛІСА
ZIRGO – ZIRGAS – КОНЬ
KUO – SUO – САБАКА
WIROS – VYRAS – МУЖЧЫНА
ATE – MOTE, MOTINA – МАЦІ
TEWS – TEVAS – БАЦЬКА
BARNAI – BERNAI, VAIKAI – ДЗЕЦІ
GIMNA – GIMINE – СВАЯКІ
PUSE – PUSIS – САСНА
EGLE – EGLE – ЕЛКА
MISTA – MISKAS – ЛЕС
GIR – GIRIA – ВЯЛІКІ ЛЕС
MEIDO – MEDIS – ДРЭВА
UPA – UPE – РЕКА
ZIL – ZOLE – ТРАВА
AKMI – AKMUO – КАМЕНЬ
LETS – LIETUS – ДОЖДЖ
TIRTIS – KIRVIS – ТОПОР
LAWE – LAIVAS – КАРАБЕЛЬ
UGNE – UGNIS – АГОНЬ
PATS – PATS – САМ
BAT – BET – АЛЕ
EMT – IMT – БРАЦЬ
TIBT – TIKЕTI – ВЕРЫЦЬ
TURD – TURЕTI – МЕЦЬ
PASAUK – PASAUK – ПАКЛІЧ
TAURIT – TARTI – ГАВАРЫЦЬ
GELI – GALI – МОЖАШ
MACT – MATYTI – БАЧЫЦЬ
PRATAT – PROTAUTI, MЕSTYTI – ДУМАЦЬ
SLIBD – SLЕPTI – ХАВАЦЬ
LAUD – LAUKT – ЧАКАЦЬ
HIRDET – GIRDЕT – ЧУЦЬ
PJAUD – PJAUTI – РЭЗАЦЬ
GEMD – GIMDYT – РАДЖАЦЬ
DEUS – DIEVAS – БОГ
GULD – GULT – ЛЕГЧЫ
KARO – KARIAUTI – ВАЯВАЦЬ
DAINA – DAINA – ПЕСНЯ
DAINID – DAINUOT – СПЯВАЦЬ, ПЕЦЬ
AUGA – AUGA – РАСЦЕ
JE – JO, TAIP – ТАК
BALTAS – BALTAS – БЕЛЫ
RAUDE – RAUDONAS – ЧЫРВОНЫ
JAUNIS – JAUNAS – МАЛАДЫ, ЮНЫ
SENO – SENAS – СТАРЫ
KIT – KIETAS – ЖОРСТКІ
LAUMA – LAIMЕ – ШЧАСЦЕ
ILG – ILGAS – ДОЎГІ
AIGA -PABAIGA – КАНЕЦ
AIGT – BAIGT – ЗАКАНЧВАЦЬ
MORT – MIRT – ПАМЕРЦІ
LAUD – LAUKT – ЧАКАЦЬ
MAZ – MAZAS – МАЛЕНЬКІ
DAUG – DAUG – МНОГА, ШМАТ
DEGT – DEGTI – ГАРЭЦЬ
LABA – LABAI, GERAI – ДОБРА
STIR – STIPRUS – ДУЖЫ, МОЦНЫ
І вось, калі мы ў кароткім выглядзе прывялі ўсе лёгка даступныя і спрошчаныя звесткі пра “Яцвяжскі слоўнічак” і пра яцвяжскую мову, можам зрабіць некаторыя высновы і заключэнні.
- Яцвяжская мова ў ХІІ -ХІІІ стагоддзях існавала ў пераважна ў выглядзе двух асноўных дыялектаў: судаўскага і дайнаўскага.
- Яцвяжская мова была найбольш блізкай да прускай мовы, а не да жмудскай.
- “Яцвяжскі слоўнічак” быў напісаны і знойдзены на тэрыторыі Заходняй Дайнавы. Заходніх дайнаўцаў якраз і называлі яцвягамі.
- Судаўскі яцвяжскі дыялект (Усходняя Судавія) лёг у аснову сучаснай летувіскай літаратурнай мовы. Не жамойцкі дыялект, а менавіта судаўскі.
І як выснова: сучасныя летувісы (жмудзіны), мякка кажучы, пазычылі нашы:
– назву – Літва;
– сімволіку – Пагоня;
– сталіцу – Вільня;
– тэрыторыю – Віленскі край;
– гісторыю – гісторыя Вялікага Княства Літоўскага;
– многія гістарычныя помнікі і артэфакты;
– палітычныя эліты часоў ВКЛ, сярод якіх няма ніводнага жмудзіна на працягу стагоддзяў;
– а таксама яны прысвоілі і мову нашых яцвяжскіх прашчураў – судаўскую яцвяжскую мову. Таму, калі летувісы параўноўваюць сучасную летувіскую літаратурную мову з яцвяжскай, гэта выглядае так, як бы беларусы параўноўвалі сучасную беларускую мову з беларускай мовай ХІХ стагоддзя і дзівіліся, што 90% лексікі супадае.
Стрыжань сучаснай беларускай славянскай мовы – старабеларуская славянская мова, якая была мовай ліцвінаў (беларусаў) славянскага паходжання. Сучасная летувіская літаратурная мова – штучная мова, у аснове якой ляжыць мова ліцвінаў (беларусаў) балцкага паходжання. Калі сёння прынцыпова заняцца гэтым пытаннем, то, толькі пазбавіўшы сучасную летувіскую літаратурную мову шыпення, можна аднавіць мову прашчураў беларусаў яцвяжскага паходжання.
Беларуская мова не мае ні аднаго запазычання з летувіскай мовы і ні аднаго запазычання са жмудскага дыялекту. Усе балтызмы ў беларускай славянскай мове – гэта запазычанні з беларускай яцвяжскай мовы і моваў дробных балтыйскіх плямён, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі (уласна літва, нальшаны і да т.п.). Усе лінгвістычныя спасылкі на летувіскую мову неактуальныя.
Адраджэннем прускай мовы займаюцца навукоўцы многіх краін, а драджэннем яцвяжскай мовы не займаецца ніхто. А паход па яцвяжскую спадчыну наспеў. Сёння на самым высокім узроўні беларусы мусяць абвясціць сябе, калі не адзінымі, то асноўнымі спадчыннікамі яцвяжскага этнасу.

