Раніцай 11 жніўня памёр Аляксандр Мілінкевіч, беларускі палітык і навуковец.
Вядомаму беларускаму палітыку і навукоўцу было 79 гадоў. На выбарах 2006 года ён стаў адзіным кандыдатам ад праеўрапейскіх сілаў. Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам.
Летась ён цяжка перанёс аперацыю, дактары змагаліся за ягонае жыццё і, былі спадзевы, што ён пайшоў на папраўку. Але смерць не адступіла. Гэта адбылося ў 7:15 раніцы.
Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гародні. Паводле адукацыі ён быў фізікам: скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, пасля аспірантуры працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю пра механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў.
Яго навуковая кар’ера была звязана таксама з выкладчыцкай працай. Мілінкевіч працаваў у Гарадзенскім універсітэце, выкладаў і загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта ў Алжыры. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпялле ў Францыі і Каліфарнійскім універсітэце ў ЗША. Быў аўтарам каля 65 навуковых прац і манаграфій.
Аднак шырока вядомым у Беларусі Мілінкевіч стаў не як фізік, а як грамадскі дзеяч і палітык.
У 1990-1996 гадах ён быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама, дзе адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, моладзь, спорт, СМІ, рэлігію, міжнародныя сувязі і захаванне гістарычнай спадчыны.
Асаблівае месца ў яго дзейнасці займала Гародня. Мілінкевіч заснаваў і ўзначальваў грамадскую арганізацыю “Ратуша”, якая займалася развіццём горада і захаваннем яго гістарычнай спадчыны. Улады ліквідавалі арганізацыю ў 2003 годзе. Самы актыўны ўдзел прыняў у стварэнні Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, увесь час падтрымліваў яе дзейнасць.
Мілінкевіч быў таксама краязнаўцам. У канцы 1980 х гадоў ён удзельнічаў у пошуках і знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне. У Гародні ён арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.
У 2001 годзе Мілінкевіч быў кіраўніком перадвы-барчага штаба Сямёна Домаша на прэзідэнцкіх выбарах.
Галоўнай палітычнай старонкай яго біяграфіі сталі прэзідэнцкія выбары 2006 года. На Кангрэсе дэмакра-тычных сіл у кастрычніку 2005 года Мілінкевіча абралі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл. Паводле афіцыйных вынікаў, на выбарах ён атрымаў 6% галасоў. У рэальнасці ён сабраў нашмат больш галасоў, таму выбары 2006 года скончыліся першым намётавым мястэчкам і народным перайменаваннем Кастрычніцкай плошчы ў плошчу Каліноўскага.
Гэтым жа імем потым назавуць спецыяльную стыпендыяльную праграму польскага ўрада, якая будзе дапамагаць адлічаным за палітыку беларускім студэнтам працягнуць адукацыю ў Польшчы. Мілінкевіч тады зрабіў шмат не толькі для таго, каб людзі адчулі магчымасць выбару, але ж і не кінуў у бядзе тых, хто пайшоў за ім і паплаціўся за гэта вучобай.
На самай справе Аляксандр Мілінкевіч ніколі не быў “барыкадным палітыкам”, хаця менавіта на такі фармат часта ёсць попыт. Ён заняў сваю ўласную нішу інтэлігентнага, дасведчанага і прынцыповага палітыка, чалавека з глыбокім разуменнем Беларусі і яе еўрапейскай будучыні.
Пасля выбараў ён стварыў грамадскі рух “За Свабоду” і да 2016 года быў ягоным кіраўніком – роўна два тэрміны. І гэтым таксама ён задаваў новы палітычны стандарт, адрозніваўся ад многіх постсавецкіх партыйных лідараў.
У 2020-м ён праяўляў асцярожнасць, баяўся, што падзеямі маніпулюе Масква.
Аляксандр Мілінкевіч належаў да пакалення беларускіх інтэлектуалаў, для якіх навука, культура, мясцовае самакіраванне і палітыка былі часткамі грамадскага жыцця. Ён прайшоў шлях ад фізіка і выкладчыка да аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі.
Аляксандр Мілінкевіч быў чалавекам, які надаваў вельмі вялікае значэнне развіццю польска-беларускіх адносінаў. Варта падкрэсліць, што Аляксандр Мілінкевіч быў ганаровым сябрам Саюза палякаў на Беларусі. Гэта сапраўды сімвалічна: адзін з найважнейшых беларускіх палітыкаў быў прыняты польскай меншасцю ў Беларусі ў сваю арганізацыю. Аляксандр Мілінкевіч назаўсёды застанецца сімвалам і патронам польска-беларускага братэрства. Ён надаваў гэтаму велізарнае значэнне, заўсёды падкрэсліваў, што Польшча і Беларусь, палякі і беларусы – найбліжэйшыя адзін да аднаго народы, і што гэтая ўзаемная салідарнасць павінна пастаянна намі кіраваць, каб мы ніколі пра яе не забывалі. За гэтую дзейнасць на карысць сяброўства двух народаў, хоць пасмяротна, прэзідэнт Польшчы ўзнагародзіў Аляксан-дра Мілінкевіча афіцэрскім крыжам “За заслугі перад Польшчай”.
25 лістапада 2025 года Аляксандру Мілінкевічу рабілі аперацыю па выдаленні тромба, які закрываў 80% соннай артэрыі. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык трапіў у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыю. Дактары ўвялі яго ў медыкаментозны сон і ўрэшце здолелі стабілізаваць сітуацыю. Але выздаравець ён ужо так і не змог.


Аляксандра Мілінкевіча пахавалі ў Варшаве на вайсковых могілках “Павонзкі”. Памінальная служба адбылася ў галоўным касцёле Варшавы. Набажэнства гарманічна спалучала польскую і беларускую мовы.

На цырымонію прыйшлі беларускія палітыкі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У сваіх прамовах яны згадвалі Мілінкевіча як чалавека, які паказваў прыклад іншай Беларусі – дэмакратычнай, еўрапейскай і свабоднай.
Для многіх прадстаўнікоў маладзейшага пакалення Мілінкевіч быў адным з тых, хто прывёў іх у грамадскую і палітычную дзейнасць. І цяпер задача моладзі працягваць яго справу.
Светлая памяць!

