21 студзеня 1858 года да гэтага касцёла пад’ехала ўпрыгожаная кветкамі карэта з гербам Ляліва, і тут, на гэтай падлозе, пад гэтымі нервюрнымі шатамі, у гэтай прасякнутай духам стагоддзяў прасторы, дзе чалавек адчувае сябе непрыкметнай пясчынкай і часткай сусвету адначасова, адбыўся асвечаны вякамі рытуал шлюбу Альжбеты Паўлоўскай і Пятра Ажэшкі. Сведкам яго быў Госпад, сведкамі былі ўсе, хто сабраўся ў храме, сведкамі былі душы тых, чые целы знайшлі ў гэтым храме свой вечны спачын, чые прозвішчы вядомыя кожнаму, хто жыве ў любові да айчынных святынь: Сапегі, Масальскія, Храптовічы, Эйсманты, Сцыпіён-дэль-Кампа… Марша-кі, стольнікі, кашталяны, сенатары, падкаморыя і дарад-цы… Сведкамі былі і анёлы, што і сёння лунаюць па-над капэламі, і фігуры святых, што ахоўваюць крыж і людзей. Калі зайсці ў касцёл і ціха паволі рухацца да трансепта, думаючы пра тое, як усё тут было ў той дзень, можна пры жаданні ўявіць, як Элізу бярэ за руку брат Пятра Браніслаў Ажэшка і вядзе яе да алтара пад зачараваныя позіркі і таемныя ўздыхі сясцёр Клімашэўскіх, Хеленкі Кярсноўскай, Салюсі Бухавецкай… Апошняя думала, верагодна, пра тое, што магла б на гэтым вянчанні мець статус не толькі дружкі, але і сястры маладога і што сяброўка Эліза з гэтым вянчаннем ператворыцца ў братавую. Але брату Салюсі, Генрыку Бухавецкаму, не пашанцавала стаць мужам будучай знакамітасці. Шляхоў Гасподніх нам не спазнаць…


А вось маленькая рука Элізы з кароткімі пальчыка-мі ўжо ў цёплай мякенькай лапе Антонія Гліндзіча, які праводзіць яе ад алтара. Далей будзе свята з танцамі “да белага дня” ў доме Станіслава Прушынскага, які прадаставіў сваё жытло для вясельнай урачыстасці, папрасіўшы ў якасці ўзнагароды права весці нявесту да стала ў час цукровай вячэры, і сама цукровая вячэра з адорваннем марцыпанамі, якія сваім смакам засведчаць, што каханне “саладзей за любыя канары”. Вясельныя марцыпаны выраблялі аптэкары, і наўрад ці гарадзенскія не агоралі б гэты выраб для вяселля дачкі самой Францішкі Відацкай, жанчыны, якую ўсе ў Гародні ведаюць і паважаюць. Але Пётр урачыста вёз марцыпан аж з Варшавы.




Мы прывыклі называць шлюб Элізы з Пятром няўдалым. Такім ён і быў. Але дзень вянчання справядліва будзе назваць шчаслівым. Можа быць так, што ва ўсёй біяграфіі Элізы Ажэшкі не знойдзецца шчаслівейшага. Ён можа канкурыраваць за статус самага шчаслівага з днём яе пісьменніцкага дэбюту, але ў дзень вяселля яе шчасце расплылося на дзясяткі і сотні ўсмешак на тварах родных і блізкіх людзей, якія радаваліся разам з ёй і стваралі для яе свята, а дзень першай публікацыі быў святам яе адзінокай душы і адзначыўся толькі тым, што яна ў парыве радасці злавіла і расцалавала шэрага дамашняга ката, “помсцячы” яму так за звычку перашкаджаць ёй пісаць, ловячы лапкай пяро і скідваючы паперу… Відаць, Ажэшка і сама праз гады ўспамінала дзень свайго шлюбу як шчаслівы і напэўна рабіла гэта ўголас, іначай адкуль бы ўзяліся такія радкі ў нарысе Люцыны Катарбінскай “Ажэшка ў сябе”: “З дзіцячай радасцю і захапленнем яна прымае ад будучага мужа вясельны падарунак – цудоўную карэту, абабітую белым адамашкам і запрэжаную сямёркай коней. Выпраменьваючы шчасце, едзе з мужам у вёску. Тут пачынае назіраць жыццё зблізку. І неўзабаве бачыць, што яно не такое белае, як адамашак шлюбнай карэты, і не такое ружовае, як юначыя мары аб шчасці”.

Нішто не прадракала гэтаму шлюбу няшчасця. Хіба што, сядаючы ў вясельную карэту, маладая выпад-кова наступіла на кола, бо старыя людзі кажуць, што не будзе ў сям’і дзяцей столькі год, колькі спіц было ў гэтым коле, а без дзяцей не здолелі спраўдзіцца жаданні Францішкі і Канстанціна Відацкіх у дачыненні да гэтай сям’і, якую яны так стараліся стварыць.
Паводле СМІ.

