Унікальнае выданне пабачыла свет, якое прысвечана фалерыстыцы Магілёўшчыны. Кніга так і называецца “Магілёўшчына ў люстэрку фалерыстыкі”. Яе аўтарамі з’яўляюцца беларускія калекцыянеры Мікалай Міронаў і Алесь Сярожкін. Дарэчы, гэта іхняе другое сумеснае выданне. Першае даследаванне аршанскай фалерыстыкі асобнай кніжкай выйшла з друку ў 2022 годзе. Цяпер калекцыянеры краязнаўцы пашырылі сваё даследаванне беларускіх значкоў і прысвяцілі выданне ўсёй Магілёўскай вобласці.
Тэрмін “фалерыстыка” ўпершыню пачаў ужывацца ў 1937 годзе чэхаславацкім калекцыянерам узнагарод Олдржыхам Пільцам. А ў былым Савецкім Саюзе пра фалерыстыку ўпершыню напісаў Раман Шэйн з Баку ў артыкуле “Фалерыстыка – сястра нумізматыкі”, які быў апублікаваны ў часопісе “Дэкаратыўнае мастацтва СССР” у 1965 годзе.
Да першай групы фалерыстыкі адносяцца ордэны, медалі, значкі, жэтоны і форменная фурнітура (какарды), вырабленыя з высокай якасцю, якія маюць спецыяльныя ўпакоўкі, збера-жэнне і сур’ёзную якасць тэхналагічнага сартавання.
Да другой групы фалерыстыкі адносяцца службовыя знакі, сувенірныя значкі, памятныя і сувенірныя жэтоны, форменная фурнітура (асноўная частка прад-метаў) высокай і сярэдняй якасці выпуску.
На вялікі жаль, у Беларусі няма спецыяльнага выдання для фалерыстаў і, наогул, для калек цыянераў. Напачатку 1990-х гадоў калекцыянеры Алесь Сярожкін і Уладзімір Цярохін выдавалі ў Оршы газету “Беларускі калекцыянер”. Выйшлі з друку 24 нумары, а потым выданне, з-за недахопу фінансаў, спыніла сваё існаванне. Таму сёння роз-ныя выданні пра беларускую фалерыстыку радуюць і захапляюць.
Фалерыстыка з’яўляецца вельмі цікавай старонкай гісторыі Магілёўшчыны . У значках знайшлі сваё адлюстраванне шматлікія падзеі, якія адбываліся на Магілёўшчыне ў самыя розныя часы. Юбілеі гарадоў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, фестывалі і святы, спорт і культмасавыя і літаратурныя мерапрыемствы пакінулі пасля сябе шмат памятных значкоў. Але найбольшую колькасць магілёўскай фалерыстыкі складаюць значкі з выявамі гербаў гарадоў і нават вёсак. І гэта зразумела, таму, што на сённяшні дзень практычна кожны райцэнтр Магілёўскай вобласці мае свой герб і нават сцяг.
У беларускай фалерыстыцы Магілёўшчына вылучаецца тым, што калекцыянеры Магілёва і Бабруйска маюць каталогі значкоў сваіх гарадоў. Таму аўтары кнігі дапоўнілі гэтыя каталогі і сабралі звесткі пра ўсе значкі, якія маюць дачыненне да фалерыстыкі Магілёўскай вобласці. І гэта Мікалаю Міронаву і Алесю Сярожкіну ўдалося.
У кнізе ўсе выявы значкоў падаюцца ў натуральных памерах і колерах. Магілёўская фалерыстыка пачынаецца са значкоў, на якіх адлюстраваны гербы Магілёва розных стагоддзяў, са службовых знакаў 1889 года, з геральдыкі Магілёва часоў СССР і Рэспублікі Беларусь.
Шмат выпускалася значкоў, прысвечаных юбілеем Магілёва, помнікам і падзеям горада на Дняпры, абароне і вызваленню Магілёва ў гады Другой сусветнай вайны.
Не заставаліся ўбаку і прадпрыемствы Магілёўшчыны, яны таксама выпускалі і працягваюць выпускаць значкі да сваіх юбілееў. Шмат арыгінальных значкоў маюць магілёўскае вытворчае аб’яднанне “Хімвалакно”, магілёўскі завод “Строммашына”, аўтамабільны завод, будтрэсты Магілёва, абласное кадэцкае вучылішча, завод “Электрарухавік”, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова і машынабудаўнічы завод, навучальныя ўстановы Магілёва. Адзначаны ў кнізе і значкі, а таксама нагрудныя знакі сілавых структур Магілёва, значкі гарадоў-пабрацімаў Магілёва.
Шырока адлюстраваны ў фалерыстыцы спартыўны Магілёў. Паказаны ілюстрацыі рэдкіх значкоў, прысвечаных Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў на Магілёўшчыне, аб-ласной газеце “Магілёўская праўда” і г.д.
Не прайшлі калекцыянеры і аўтары кнігі міма райцэнтраў Магілёўскай вобласці. Тут таксама шмат выпускалася значкоў, цяпер, праўда, менш. Багатыя на значкі гарады Асіповічы, Бабруйск, Быхаў, Крычаў, Шклоў, Горкі. Вельмі шырока на значках прадстаўлена Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках…
Мэта выдання кнігі “Магілёўшчына ў люстэрку фалерыстыкі” – падсумаваць усё тое, што ёсць на сённяшні дзень пра Магілёўшчыну ў беларускай фалерыстыцы. І аўтарам выдання Мікалаю Міронаву і Алесю Сярожкіну гэта ўдалося ажыццявіць. Цяпер калекцыянеры працуюць над выданнем “Віцебшчына ў люстэрку фалерыстыкі”. Пажадаем ім плёну!
Сяргей ЧЫГРЫН.

