Ірына Багдановіч – беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Нарадзілася 30 красавіка 1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям’і інжынераў. Выхоўвалася ў сям’і бабулі і дзеда, настаўнікаў, у Гомелі. У 1978 г. скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці руская мова і літаратура; у гэтым жа годзе паступіла ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР у Менску. Аспірантуру скончыла ў 1983 г., падчас навучання ў аспірантуры мела аднагадовы акадэмічны адпачынак у сувязі з нараджэннем дачкі. З 1983 г. – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1985 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Рамантычныя матывы ў дарэвалюцыйнай творчасці Янкі Купалы” пад навуковым кіраўніцтвам Івана Якаўлевіча Навуменкі, на той час віцэ-прэзідэнта АН БССР.
З 1986 г. працавала ў гэтым жа Інстытуце на пасадзе навуковага супрацоўніка, а з 1991 г. – на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. У 1997 г. перайшла на працу дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працягваючы працаваць па сумяшчальніцтве ў Інстытуце літаратуры да пачатку 2002 г. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта працавала па чэрвень 2021 г.; звольнілася ў сувязі з паступленнем у 2020 г. у дактарантуру Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Па сканчэнні дактарантуры ў лістападзе 2023 г. з 1 снежня 2023 г. – старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратура-знаўства імя Янкі Купалы.
Сфера навуковых інтарэсаў: паэзія Беларусі ХІХ – першай трэці ХХ стст.; традыцыі і авангардныя тэндэнцыі ў паэзіі Беларусі гэтага перыяду; польскамоўная паэзія ў гісторыка-культурным дыскурсе Беларусі гэтага перыяду; змена плыняў і кірункаў у айчыннай паэзіі ў кан-тэксце еўрапейскіх мастацкіх плыняў і спецыфікі мясцовых геапаэтычных рэалій; творчасць Адама Міцкевіча і яго сяброў пісьменнікаў-філаматаў, творчасць Габрыэлі Пузыні, Уладзіслава Сыракомлі, Зоф’і Манькоўскай (Адама М-скага), Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Казіміра Сваяка і іншых паэтаў-святароў, творчасць паэтаў “Маладняка” і “Узвышша”.
Аўтар зборнікаў вершаў “Чаравікі маленства” (1985), “Фрэскі” (1989), “Вялікдзень” (1993), “Альбом першакласніцы” (для дзяцей, 2003), “Сармацкі Альбом” (2004), “Прыватныя рымляне” (2006), “Душа Лістападу” (2012), кнігі “Залатая Горка: вершы, пераклады, артыкулы” (2016), манаграфій “Янка Купала і рамантызм” (1989), “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння” (2001).
У выданні “Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік”, які выйшаў у 6 тамах – Т. 1-6. / Пад рэд А.В. Мальдзіса; Рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш. – Мінск: БелЭН імя П.Броўкі, 1992 – 1995, – 123 персаналіі ў 1-6 тамах аўтарства І.Э. Багдановіч.
Перакладае з польскай мовы. Асаблівую ўвагу надае перакладам літаратурнай спадчыны пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, творчасць якіх ёсць агульным здабыткам сучасных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы, – Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузыні, Зоф’і Манькоўскай і іншых. Яе пераклады змешчаны ў анталогіях “Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай” (1998), “Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя” (2013), “Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя” (2013, серыя “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”), а таксама ў кнігах: Адам Міцкевіч “Санеты=Sonety” (1998), “Крымскія санеты=Sonety Krymskie” (2004), “Выбраныя вершы” (2018, серыя “Паэты планеты”); Зоф’я Манькоўская “Цяпер і назаўсёды= Dzisiaj i na wieki” (2004); Уладзіслаў Сыракомля “Выбраныя творы” (2011, серыя “Беларускі кнігазбор”); Габрыэля Пузыня “Струмень любові = Strumien milosci” (2018). Жыве ў Менску.
Паводле СМІ.

