Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гонар Беларусі

Гонар Беларусі

1 красавіка 2026, 19:16 Выданні 4
Гонар Беларусі

Барыс, С. В.

Б43 Гонар Беларусі / Сымон Барыс.- Мінск: Энцыклапедыкс, 2026. – 572 с.: іл.

І8ВК 978-985-7340-23-1.

Выйшла новая кніга Сымона Барыса “Гонар Беларусі”.

Выданне з’яўляецца працягам кнігі “Гонар і слава Беларусі”, бо не ўсё тое, чым можа ганарыцца беларускі народ, трапіла ў тую кнігу. Кніга падзяляецца на 7 раздзелаў (“Родная зямля”, “Шляхі зносін”, “Вытокі Беларускай дзяржавы”, “Змаганне за Радзіму”, “Развіццё беларускай культуры і навукі”, “Беларусь – турыстычная краіна”, “Узнагароды і рэкорды ў Беларусі”) і мае дадатак. Кожны раздзел аздоблены ілюстрацыямі.

Кніга – своеасаблівы даведнік па гісторыі Беларусі і яе помніках, а таксама па дасягненнях нашай краіны. Выданне разлічана на шырокага чытача.

 

  1. Родная зямля

 

Беларусь! Узараную, дымную,

У лістоце бяроз і дубоў –

Абдымаю цябе, неабдымную,

Ты – багацце маё і любоў.

                                 Артур Вольскі.

 

Беларусь

 

Тэрыторыя краіны – 207,6 тыс. кв. км (па плошчы 84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 года -9156 тыс. чалавек. Працягласць з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход – 650 км. Агульная даўжыня дзяржаўных меж складае 2969 км.

 

Мяжа Беларусі

Краіна                           Працягласць, км

Латвія                                              172,912

Літва                                                678,819

 Польшча                                       398,624

Расія                                                1283

Украіна                                            1084

 

Найбольшую працягласць мае мяжа з Расіяй (1283 км), найменшую – з Латвіяй (172,912 км).

Тэрыторыя краіны – раўніны і нізіны. Высокіх гор няма. Самае высокае месца ў краіне – гара Дзяржынская (да 1958 г. – Святая гара) з вышынёй 345 м над узроўнем мора.

Самая высокая пабудова ў Беларусі – тэлевышка ў Слоніме. Яе вышыня дасягае 374 м, што на 44 м вышэй за парыжскую Эйфелеву вежу.

78,4% жыхароў Беларусі – гараджане.

Дзяржаўныя мовы – беларуская і руская.

 

У краіне 6 абласцей, якія складаюцца са 118 раёнаў; 113 гарадоў; 109 пасёлкаў гарадскога тыпу; 24 583 сельскія населеныя пункты (вёскі, аграгарадкі, пасёлкі, хутары).

 

У 2014 годзе на БелАЗе выпусцілі самы вялікі самазвал у свеце. Яго даўжыня – 8,7 м, а грузапад’ёмнасць – да 500 тон. Гэтага гіганта можна ўбачыць толькі ў кар’ерах.

У Беларусі ёсць шмат радовішчаў карысных выкапняў. Самае вялікае з іх – радовішча калійнай солі пад Салігорскам. Гэта самае вялікае ў Еўропе і адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійнай солі.

Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце калійных угнаенняў, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай, будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Па аб’ёме валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіна займае 70-е месца ў свеце. Штогадовы рост эканамічных паказчыкаў складае 1,1%. Нацыянальная эканоміка Рэспублікі прадстаўлена 17 галінамі, галоўнымі з якіх з’яўляюцца апрацоўчая прамысловасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка, транспарт і сувязь. Буйныя прадпрыемствы машынабудавання – “БелАЗ”, МТЗ (Беларус) і МАЗ-з’яўляюцца вядомымі брэндамі.

Сувенірная беларуская прадукцыя – гэта папулярныя вырабы з лёну, беларуская касметыка, гадзіннік “Прамень”, нёманскае шкло. Вырабы лёгкай прамысловасці экспартуюцца ў многія краіны.

 

У родным краі

 

Калі прыходзіць лета, часта жыхары Беларусі за-думваюцца, куды з’ездзіць, каб адпачыць, пагрэцца на моры, пакупацца. Так, у Беларусі мора няма. Але ці гор-шая наша краіна ў параўнанні з іншымі краінамі? Зусім не. У нас такі ж клімат, як у Польшчы і Літве, такая ж багатая гісторыя.

Ці ведаюць беларусы і жыхары Беларусі, чым славіцца Беларусь?! Беларусь знаходзіцца на шляху з краін Усходу ў краіны Захаду, з аднаго боку, і на шляху з краін Поўначы ў краіны Поўдня – з другога. Успомніце славуты старажытны шлях “з варагаў у грэкі”. Жыццё нашых продкаў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў прыносіла ім не толькі выгаду, але і шмат бедаў і гора. Тут ваявалі паміж сабой суседнія народы і нас уцягвалі ў захопніцкія войны. Нягледзячы на гэта, мы захаваліся як народ і выжылі. Чаму? А таму, што нашым продкам дапамагалі пры-родныя ўмовы.

У нас сапраўдныя чатыры пары года. Умераны клімат. Хапае вады і цяпла. Глебы, хоць і нечарназёмныя, але калі іх угнаіць, дык і на іх можна вырасціць някепскі ўраджай. У нас усяго патроху. Пагоркі, нізіны, лагчыны, балоты, азёры, рэкі і рэчкі. Палеткі, сенажаці, лес, пашы, выганы, хмызнякі.

Беларусь называюць лёгкімі Еўропы, бо 40,2% тэрыторыі краіны займаюць лясы. Менавіта таму ў нас неверагодна лёгка дыхаць, а паветра вельмі свежае нават у гарадах.

А лес які! Па такім сухім лесе, як па пяску, можна хадзіць босаму або ў тапках. Лес – гэта наша спрадвечнае багацце. Ён абагравае нас і корміць. З бярвёнаў будавалі хаты. I цяпер з лесу мы атрымліваем разнастайныя будаўнічыя матэрыялы. I лес, і нават дрыгва падчас войнаў давалі магчымасць нашым продкам схавацца ад ворагаў і выжыць у ліхалецце. З лесу мы прыносім грыбы і ягады. Палюем на звяроў і птушак. У мінулым для нашых продкаў паляванне і збіральніцтва адыгрывалі больш важную ролю, чым цяпер. А колькі ў нашых лясах ягад і пладоў! Калі іх пералічыць, дык каля дзясятка: ажыны, маліны, брусніцы, чарніцы, буякі (інакш ганаболь, буіны), суніцы, парэчкі, ірга, рабіна, каліна, журавіны. А па берагах рэчак і рэк можна збіраць лясныя арэхі. Апрача таго, у лесе растуць чарамша і зайцава капуста, якія можна есці.

У лесе нашы продкі палявалі на зайцоў, ласёў, зуброў, дзікоў і дзеля шкуры – на ваўка, лісу, вавёрку, выдру і бабра. Раней было шмат у лесе і птушак: глушэц, цецярук, курапатка, качка, мяса якіх людзі спажывалі. На межах, на пашах, на сенажацях расце шчаўе, якое ядуць у сырым і вараным выглядзе.

Нашы азёры, рэкі і рэчкі багатыя на рыбу, якую спакон веку здабывалі нашы прашчуры.

У Беларусі захавалася шмат балот. Тут самыя вялікія балоты ў Еўропе. У іх нашы продкі ратаваліся ад прышлых ворагаў і так выжывалі. Агульная плошча балот складае каля 13% тэрыторыі краіны, што складае 2,5 млн гектараў. Беларусь – гэта рэгіён Еўропы, дзе засталіся аднаўляльныя балотныя мезаландшафты. Балоты займаюць практычна 1,7 млн гектараў, якія адсарбіруюць з атмасферы велізарную колькасць вуглякіслага газу. Унікальныя і самыя вялікія балоты – Спораўскае, Сярэдняя Прыпяць, Званец, Асвейскае, Ельня, Котра, Альманскія, Казьянскае і інш.

Нявысушаныя нізінныя балоты выкарыстоўваюцца ў якасці прыродных сенажацяў. Асушаныя балоты – пад травы, гародніну, збожжавыя, тэхнічныя і сіласныя расліны, для здабычы торфу. На Беларусі тарфяныя балоты маюць запас торфу-сырцу каля 31,3 млрд куб. м. На імшыстых балотах, дзе растуць журавіны, водзяцца журавы.

Раслінаводства – адзін з асноўных напрамкаў аграпрамысловага комплексу Беларусі. Сельскагаспадарчыя культуры, якія вырошчваюцца на палях, забяспечваючы насельніцтва карыснымі прадуктамі, служаць сыравінай для вытворчасці ў харчовай, перапрацоўчай, лёгкай прамысловасці. Значная частка ўраджаю (больш за 60%) выкарыстоўваецца для патрэб жывёлагадоўлі, у першапачатковым або перапрацаваным відзе ідзе на корм для жывёлы. З усяго зямельнага фонду Беларусі (207,6 тыс. кв. км) сельскагаспадарчыя землі займаюць 8 390,6 тыс. га, што складае 40,5%:

– пад ворныя землі адведзена 5 819,6 тыс. га;

– лугавымі палямі занята плошча 2 571 тыс. га;

– дзярновыя падзолістыя глебы займаюць 58,4%;

– дзярновыя забалочаныя – 24,5%;

– тарфяныя -17,1%.

Доля зямель сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складае 92%, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак – 3,7% і асабістых падсобных гаспадарак – 4,3%. Найбольшую ўдзельную вагу (61%) у вытворчасці прадукцыі займаюць сельскагаспадарчыя арганізацыі, 33,6% – прыватныя падворкі, 5,4% – фермерскія гаспадаркі.

Самыя старажытныя культуры на палях і агародах – жыта, авёс, ячмень, гарох, грэчка, проса, лён, каноплі, рэпа, рэдзька, буракі, боб і фасоля. Потым прыжыліся ў нас капуста і пшаніца, а яшчэ пазней – бульба, агуркі, гарбузы, таматы, сланечнік, тапінамбур (земляная груша). Ужо 50 гадоў як паступова пашыраецца на нашых палях кукуруза. Нядаўна сталі сеяць трыцыкале і рапс. А цяпер у нашых садах некаторыя аматары вырошчваюць грэцкія арэхі, вінаград, абрыкосы, персікі, а на агародах – батат, цукіёлу і нават чырвоныя кавуны. У гэтым вялікая заслуга вучоных Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які знаходзіцца ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна.

Апрача паляводства ў нас здаўна развіваецца жывёлагадоўля. У Беларусі разводзяць кароў, коней, авечак, свіней, коз, свойскіх птушак – курэй, гусей, качак, індыкоў.

А калі-некалі ў нас здараўся няўраджай (палі высыхалі або вымакалі), дык нашых людзей выручалі лес, балоты, рэкі і азёры. Толькі не лянуйся – працуй! А таму ў Беларусі не было такога галадамору, як ва Украіне і ў Паволжы. А маючы драўніну і шкуры жывёл, можна заняцца і рамяством.

Ёсць у нашай краіне і карысныя выкапні: значныя запасы торфу, граніту, гліны, калійнай і спажыўной солей; залежы нафты і бурага вугалю. Багатыя мы і на падземныя воды – мінеральныя і прэсныя. Усё гэта дае нам магчымасць выжыць.

Нельга не згадаць пра нашы маляўнічыя краявіды, сады і паркі. Славуты рускі мастак Іван Шышкін паказаў на сваіх карцінах палескія краявіды. Нездарма ў нашых гаях у траўні-месяцы ладзяць вячэрнія канцэрты салаўі, запрашаючы сябровак-салаўіх да свайго гнязда. А ў сасновым бары адлічвае людзям гады шэрая зязюля, калі яна падае свой голас шматразовым “ку-ку”. Сярод усіх птушак прыжыўся ў нас сам птушыны цар – бусел з доўгімі чырвонымі нагамі. Ён клякоча ў сваім гняздзе і з бусліхай гадуе ад аднаго да трох буслянят, а ў ніжняй частцы буслінага гнязда часта жывуць дробныя птушкі, якія нібы арандуюць свае маленькія гнёзды. Буслы ўвогуле ўпадабалі Беларусь. Яны на поўначы далей этнічнай беларускай тэрыторыі не селяцца. Толькі ў апошнія гады, калі ў Беларусі асушылі шмат балотаў і клімат стаў цяплейшы, буслы гняздзяцца ў Пскоўскай і Наўгародскай абласцях, але толькі на іх поўдні – да Пскова і Вялікага Ноўгарада. Так што Уладзімір Караткевіч нездарма назваў Беларусь зямлёй пад белымі крыламі, значыць, пад крыламі белых буслоў. Трэба сказаць больш дакладна: Беларусь – гэта краіна белых буслоў (бацяноў). Бусел (бацян) – птушка, якая сімвалізуе Беларусь. Вось такой бачыцца мне наша краіна – Беларусь. Яна вартая таго, каб яе любіць і ёю даражыць. А якой яна стане ў будучыні?! Гэта ўжо залежыць ад нас. Беражыце родную прыроду!

Я звяртаюся і да самой прыроды і прашу:

Край, мой любы край!

Народу свайму памагай.

 

А ранняй вясной нашы сяляне запасаюцца бярозавым і кляновым сокам. Раней ён замяняў ім цукар. Таксама здабывалі мёд дзікіх пчол – займаліся бортніцтвам. А цяпер і гараджане займаюцца пчалаводствам у сваіх летніках на вёсцы. Мёд не толькі замяняе нам цукар, але ім можна і палячыцца.

За апошнія 50-60 гадоў значна змяніліся краявіды Беларусі. Шмат балот асушылі. Клімат стаў больш засушлівы. Хмызнякі і частка лесу ператвораны ў палеткі. Знішчана шмат ягаднікаў. Цяпер настаў час, калі сама прырода просіць у чалавека абароны. Мы знішчаем тое, што трэба берагчы. Знікае і вёска. Гарады і аграгарадкі разрастаюцца ў шырыню, а вёскі паступова знікаюць. І тут мы шмат чаго страчваем.

Беларускія краявіды аказалі значны ўплыў на нашу літаратуру. Класікі беларускай літаратуры (Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас і іншыя) нарадзіліся і выраслі ў самых маляўнічых кутках нашай Радзімы. Родныя краявіды давалі ім натхненне. Няхай квітнее родны край!

З гэтых раздзелаў пачынаецца кніга, а каму цікава, чытайце далей у самой кнізе.

Я. Грынкевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4920
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы
літаратура

Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

20 сакавіка 2025, 16:1320
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4917
Далучайцеся да нас