SPACE (КОСМАС)
Крэпам цемра густая запавесіла вокны,
За якімі гудліва віруе праспект.
Мой Сусвет мігатлівы – выспа дзёрзкай самоты
Між нязлічных стажараў блішчастых планет.
Да сябе спакушаюць хлуснёй пра прыцягненне,
І знікаюць з арбіт мірыяды слабых.
А мне наканавана быць праводным праменем
Для вандроўцаў па чорных прадоннях маіх.
СТО ПЯТЫ ЛІСТАПАД
Ужо сто пяты лістапад
Кладуць сляды на першым снезе
Туды, дзе небасхіл рудзее
Над стрэхамі бацькоўскіх хат.
Ахвярны доўжыцца паход
Калісь герояў, сёння – ценяў
Паўз сон няпомных пакаленняў,
Скрозь рэха залпаў і грымот.
Рыпіць пад ботамі цалік,
Бруіцца кроў з нягойных ранаў,
Але маршуюць апантана
За шыхтам шыхт вятрам наўсціг.
Ні слова не сарвецца з іх
Праз боль сувора сцятых вуснаў
У збэшчаны бязроддзем вусціш
Мясцін з маленства дарагіх.
Ізноў адведаўшы крыжы
Усіх, хто не вярнуўся з бою,
Адно мацней сціскаюць зброю,
Адплату ў рулях несучы.
Ідуць, забыўшы пра спачын,
Каб моўчкі кожны год спачатку
Дакорам гаваркім нашчадкам
Здзяйсняць свой неўміручы чын.
СЫШЛА…
Сышла без развітальных слоў
У золь паўночнага зацішша,
Бязважкі ланцужок слядоў
На ветры назнарок згубіўшы.
Не апранула шлюбны ўбор,
Зрабіўшыся навек калішняй,
І ўсланы апусцелы двор
Усцяж іржой былога лісця.
Усё, што не паспеў сказаць,
Да часу вынесшы за дужкі,
Нябёсы ёй не пракрычаць,
Бо ў вырай адляцелі птушкі.
Ля смутнай стоячы мяжы,
Лічыла дзён сваіх астачу
Пад спачувальны шэпт імжы –
Ні лёс, ні верш не перайначыць.
Раскрыўшы хмараў парасон,
Каб ашчадзіць ад зораў ззяння
Змарнелае прыроды сон,
Растала Восень у тумане.
* * *
Натомлена палёў лісты,
Згалелыя вятрам на ўцеху,
Пад небам немым, бо пустым,
Каторы дзень чакаюць снегу.
Дарма ўзірацца ў каляндар,
З якім надвор’е зноў не ў згодзе:
Чарнее вуглем вогкі парк,
А ўночы зоры не марозяць.
Не вабіць выцвілы абшар,
Дзе непрытульнасьць шыбы шчэраць
У твар, таму глыбей душа
Панура хутаецца ў шэрань.
І ёй чакаць ужо няўсцерп
У часу вязніцы прыватнай,
Калі засыпле густа снег
Мінулага парэшткі вапнай.
ЗІМОВЫ ШПАЦЫР
Не гарэзіць у месце мяцеліца,
Але шчокі шчыкае мароз,
Сіні вечар, паранены месяцам,
Зіхаціцца сузор’ямі слёз.
Што ў вачах тваіх срэбрам люструюцца,
Напаўняючы бляскам пагляд,
Крочым поплеч аздобленай вуліцай
Бесканцовай вясёлкай гірлянд.
Ды не дораць цяпла асляпляльныя,
А таму, каб сагрэцца хутчэй,
Па праходцы ў зацішнай кавярні мы
Будзем піць апякальны глінтвэйн.
Зноў дадому вяртацца не схочацца,
І перш, чым да пары адпусціць,
З веяў знічкаю шчасце дзявочае
На ўспамін у далонь мне зляціць.
КАЛЯДЫ. ВЕЧАР. ІМЖА
Зіхцяць ліхтарыкі гірлянд
На зайздрасць Батліемскай зорцы –
Ізноў дажылі да Каляд
Знявераныя і празорцы.
Смугой засланы далягляд,
Бо з раніцы імжыць бясконца,
І жоўтавокі “ArArAt”
Надзею прыхаваў на донцы.
Над стрэхамі прыбраных хат
Вышукваем дарэмна сонца,
Як Тры валшцы брыдзем наўгад,
Глытаючы вільготны стронцый.
Развее феерверкаў чад
Ноч у прапаленай ватоўцы…
Што застанецца пасля свят,
Калі ў золь сыдуць суразмоўцы?
ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ
Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,
Павярнуць на вокнаў зыркія агні,
Завітаць здалёк да пана на загродзе,
Цікавостак зборцы – дзядзькі Завальні.
З старадаўніх кубкаў з ім п’ючы палёнку,
Каб і сон, і стома прочкі адышлі,
Пра зямлі дзівосы распачаць гамонку:
Што дзе сам убачыў ці пачуў калі.
Завіруюць згадкі, і збярэцца чэлядзь,
А з набітай люлькі паплыве дымок,
І абрысы зданяў свечнікі адценяць
Пад ухвалы дворных з вохканнем жанок.
Як чароўны квет вышукваў небарака,
Бо схацеў прыўласціць ваўкалакаў скарб.
Фантастычнасць дзеяў лепшаю падзякай
За сваю гасціннасць прыме гаспадар.
На дварэ аціхне лютая віхура,
Падарожным месяц вышчадрыць святла…
Гэткай самай ночай зух каваль Вакула
Па дарункі любай чорта асядлаў.
Крый бог ад угоды з чарнаскурым карлам,
Прамяняць на грошы кволую душу,
Ды лятуць пагрозна па дрыгве дрыганты,
І званы трывожна ў Свіцязі гудуць.
А калі па пеўнях заскразіць світанак,
Змоўчыць гусляў гранне і курган засне,
Возца клікне з сенцаў:
– Выбачай, Васпане!
Нецярпліва конік капытамі б’е.
Кругабег расстайны: пацалункі, слёзы,
Аглаблёвы келіх, роснай чысціні…
Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,
Завітаць здалёк да пана Завальні!
СВІТАЛЬНАЙ ЦІШЫНЁЙ
Крыху віднее.
Ранак на парозе,
Гатовы выбухнуць
Гамонкай мітуснёй.
Пабляклых зораў
Я рахую дробязь,
Каб ёю ўдзячна
Расплаціцца з цішынёй.
Бязлюдны горад.
Не чуваць ні кроку,
Наўсцяж паношыцца
Прымглёны супакой,
Аднак ужо
Той час непадалёку,
Калі ў гармідары
Патоне голас мой.
З ВІРУ Ў ВЫРАЙ
Не прыходзяць з гаманкога віру
У мой дом вандроўцы і лісты,
Ён, праз клопаты забыты вырай,
Штодня поўны ўцешнай ціхаты.
Хай няма з кім падзяліцца вершам,
Ды ніхто не замінае мне
Снегападам позірк запавешваць
Альбо ў строфы заплятаць прамень.
Больш не трэба ні ўсміхацца моўчкі,
Але ўрэшце злосна адказаць,
Ні псаваць, напружваючы, вочы,
Каб грымзол чарговы прачытаць.
Гэны меўся, толькі не даехаў,
Той атраманту пашкадаваў,
Таму вольны дом ад пустабрэхаў,
Ад спаведных глупстваў – галава.
Вернік кленчыць, молячы аб цудзе,
Я ж, відаць, не надта награшыў,
Бо адночы ўночы сцежку студзень
Да маіх дзвярэй запарушыў.
І цяпер хоць абвяшчайце ў вышук,
Выпраўляйце па зямлі віжоў,
Аднак тых, хто з віру ў вырай выйшаў,
У гармідар не вярнуць ізноў.
СЯРОД БЯЗЛАДНАЙ ГАМАНЫ
“…Маўчанне адназначным не бывае”.
Ул. Караткевіч.
І.
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы,
Чымся праклён альбо літанне,
Гучыць пранізлівей маўчанне,
Як вольны выбар непрымання
Тае ці іншай стараны,
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы.
ІІ.
Без прымусовых апраўданняў
Цяжар адпрэчыўшы віны,
Пад аглушальныя званы,
Без прымусовых апраўданняў
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы,
Без прымусовых апраўданняў
Цяжар адпрэчыўшы віны.
ІІІ.
Праз спачуванні і прызнанні
Спазнаўшы праўду слоў цаны,
Днём ясным, поцемкам начным
Праз спачувньні і прызнанні,
Сярод бязладнай гаманы
Гучыць пранізлівей маўчанне,
Праз спачуванні і прызнанні
Спазнаўшы праўду слоў цаны.
ЗІМОВАЯ ГРАФІКА
Па зімняй прасціне льняной
Шнуруюць вугальныя коткі,
Высочваючы іх сарокі,
Стракочуць хорам над зямлёй.
Галлём згалелы ясакар
Панура драпае аблокі,
Істужка лесу, як вырокам,
Жалобай спавіла абшар.
Я сам у чорным, рыхтык мніх,
Брыду сцяжынай паўз сумёты,
І топчуць снег зляжалы боты,
І кожны крок – нібыта штрых,
Які натхнёная рука
Кладзе на графіцы зімовай,
Ці – нібы слоўная абнова
На цнотным цаліку лістка.
* * *
Старажытныя грэкі верылі,
што залішняя чалавечая радасць можа выклікаць зайздрасць і гнеў багоў.
Смуга, як цмок, над горадам паношыцца,
Паўдзень санлівы лена цэдзіць паўсвятло.
А ўсё, што мусіла нарэшце скончыцца,
У час бязрадасна ад сэрца адлягло.
Грэх скардзіцца мне на нястачу міласцяў,
Аднак напэўна валадарныя багі
Зайздросціць на Алімпе прытаміліся,
Праз тое змоўчалі і не засцераглі.
“Магчыма, будуць мсціцца праз свавольныя
Радкі”, –
з крывой усмешкай берагам брыду.
Калючы, дробны снег, нібы падсольвае
Палонку раны, кладучыся на ваду.
ПРЫЦЕМКАМ
(пентаптых хайку)
Цені згусцелі.
Дробна таполі трымцяць,
Хоць вецер аціх.
Вусцішна ў парку –
Словы загразлі ў зубах,
Птушкі замоўклі.
Прыцемку крылы
Свет ахінулі наўсьцяж
Стыннай дрымотай.
Цэдзіць на сцежку
Цмяныя промні ліхтар
Ля брамы пустой.
Цепну плячыма –
Гэта наўкол ці ўва мне
Ноч надыходзіць?
КРЫК НАЧНОЙ ПТУШКІ
Сярод настылае начы,
Калі заход адпалыскае,
Самотна птушка пракрычыць
У бездань цемры небакраю.
Трывожачы суладдзе сноў,
Аблокі спудзіўшы наўкола,
З глухіх, кудлатых гушчароў
Адчайны залунае голас.
Расколецца знямелы свет,
Працяты, як клінком, тугою,
А рэха вобцас панясе
Яе на крылах над зямлёю.
Гучацьме ўразлівей штоўзмах
Боль, змогай выпушчаны з сэрца,
І ў спячым месце кожны гмах
Трымценнем шыбаў адзавецца.
Айцы сямействаў забурчаць
Пагрозліва ў чужых пасцелях:
– Каму спакой наш перарваць
Уздумалася? Як пасмелі?!
Ды хтось, шукаючы прычын,
Прамовіць здогад у прастору:
– Мо, птушка нездарма крычыць,
А каб па нас не грагаў воран?
ПЕРАКУЛЕНЫ СВЕТ
Папяроўкаю поўня
Глуха ў шыбіну б’е
Узбярэжнай багоўні
На халоднай вадзе.
Фасфарыцца з-пад стромы
Перакулены свет:
І пачуцці, і словы,
І крыжы на царкве.
Натамлёны вандроўнік
Раптам не разбярэш,
Трапіў у залюстроўе
Ці на яве яшчэ?
Дык забудзься на сподзіў –
Умець трэба здаля
Рэчаіснасць адрозніць
Ад навалы здання.
Мусіш даць сабе рады –
Бадай што ўпершыню
Адказаць, чым паўпраўда
Лепей за паўхлусню.
Хоць не кожны пазбыцца
Бельмаў мае намер
І з усмешкай не блытаць
Крывадушны ашчэр.
У дваістасці сталай
Паспрабуй зразумець:
Тут – на час твой прыстанак
Альбо шляху канец?
Бо, хай сонца ў сваволі
Прамяні развіне,
Ды не знікне ніколі
Перакулены свет.
ПРАМЕННІ
Наранку абнялі праменні –
Ізноў дзён калаўрот рыпіць,
Што трэба і сярод здранцвення
Хаця б на злосць нягодам жыць.
Выпрошваць сорамна спагаду:
Нібы ў далоні жабраку,
Драбніцай сыпануць парадаў,
Але няўважна – на бягу.
Дарма шукаць паразуменне
З тым, праз каго душа рыміць,
Каб ззянне ўражвальных праменняў
На радасць цемры не згасіць.
Няварта выхваляцца плачам,
Прылюдна клянучы юдоль,
Бо ўжо нічога не зыначыць
Адно як пакладуць у дол.
І хай у спіну брэх каменнем
За словы дзёрзкія ляціць,
Пакуль аблашчаны праменнем –
На злосць нягодам трэба жыць!
* * *
Як сонца дыск руды паўстане над зямлёй,
Заліўшы гарады нібы начы крывёй,
Адродзіцца жыццё ў крыві ахвярнай той.
Так Вечнасць свой штодня разгортвае сувой.

