Ефрасіння Полацкая
(ДАВЕДКА)
Ефрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава (магчыма 5 студзеня 1104, Полацкае княства – 23 мая 1167, Іерусалім, Іерусалімскае каралеўства) – князёўна, манахіня, ігумення манастыра Святога Спаса ў Полацку, паломніца, асветніца, мецэнатка і кананізаваная святая.
Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве таемна прыняла манаскі пострыг. Пасля пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала дзве царквы паблізу Полацка, пазней заснавала каля іх жаночы і мужчынскі манастыры, асяродкі асветы Полацкай зямлі.
На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз “Маці Божая Адзігітрыя Эфеская”. У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме.
Дзеля свайго народа
(ТЭКСТ)
Пасяліўшыся ў маленькім пакойчыку-келлі, Ефрасіння ўзялася перапісваць кнігі. Мы цяпер ведаем, якая гэта была нялёгкая праца. Перапісваннем кніг тады займаліся адны мужчыны. Ужо толькі тое, што за такую цяжкую справу ўзялася жанчына, было подзвігам.
Ефрасіння пісала і свае творы – малітвы і павучанні, а таксама перакладала з замежных моваў. Частка перапісаных князёўнаю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздавалі бедным.
Яна хацела, каб у Полацкім княстве было як мага больш пісьменных людзей, і марыла пра тое, каб кнігі перапісвалі не адзінкі, а дзесяткі вучоных людзей. Дзеля гэтага князёўна заснавала два новыя манастыры, а пры іх адчыніла кніжныя майстэрні – скрыпторыюмы. Адзін майстар рабіў тут малюнкі, другі – каляровыя вялікія літары, трэці – вокладкі. Калі трэба было перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыюмаў кнігі развозілі па ўсёй дзяржаве і ў суседнія землі.
Каб упрыгожыць цэрквы абразамі, Ефрасіння стварыла мастацкую майстэрню. Яна напісала ліст свайму сваяку візантыйскаму імператару, і ён прыслаў у Полацк надзвычай каштоўны старадаўні абраз. На ім была Багародзіца са сваім сынам Ісусам на руках. З таго часу беларускія мастакі вельмі любяць маляваць Божую Маці.
Усё жыццё Ефрасіння служыла асвеце свайго народа. У адчыненых ёю школах, апрача чытання, пісьма і лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.
(201 сл.)

