Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён пісаў пра наш боль

Ён пісаў пра наш боль

7 лютага 2026, 21:12 літаратура 33
Ён пісаў пра наш боль

30 студзеня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (1921-2004).

Іван Шамякін – прызнаны майстар слова, класік беларускай літаратуры – нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і лесніка. Пасля заканчэння сямі класаў Макаўскай школы паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У час вучобы актыўна ўдзельнічаў у пасяджэннях літаб’яднання пры газеце “Гомельская праўда”. У 1940 годзе ён быў накіраваны на працу ў Беласток. Праз некаторы час Іван Шамякіна прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай частцы пад Мурманскам. З самага пачатку вайны знаходзіўся ў дзейнай арміі. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы. У афіцэрскім званні закончыў вайну на Одэры. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна.

У 1946 годзе Іван Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Быў прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна”. Шмат гадоў Іван Шамякін знаходзіўся на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1954-1980). У 1980-1992 гадах з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971-1985). У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Мастацкія творы Іван Шамякін пачаў пісаць у тэхнікуме. Першае апавяданне “У снежнай пустыні” (1944), якім адзначаны пачатак творчай дзейнасці празаіка, прысвечана падзеям вайны. Наступны твор – аповесць “Помста” (1945) – адлюстроўвае ўсенародную барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў. Гуманістычнае асэнсаванне вайны як усенароднай трагедыі знайшло ўвасабленне ў першым рамане “Глыбокая плынь” (1947-1948). Самым маштабным у беларускай літаратуры творам аб вайне стала пенталогія “Трывожнае шчасце” (1957-1965), дзе лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, у цяжкіх пасляваенных умовах аднаўлення народнай гаспадаркі. Тэма вайны працягваецца таксама ў аповесцях “Шлюбная ноч” (1975), “Гандлярка і паэт” (1976), рамане “Зеніт” (1987). У гэтых творах пісьменнік паказвае, чым стала вайна для жанчын, якія выпрабаванні выпалі на іх долю. На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў, пачынаючы з раманаў “У добры час” (1953) і “Крыніцы” (1956), Іван Шамякін уздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, актуальныя пытанні, якія хвалявалі грамадства. Яго творы прасякнуты пафасам сцвярджэння маральных каштоўнасцей. У іх гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека. Раманы пісьменніка “Сэрца на далоні” (1963), “Снежныя зімы” (1968), “Атланты і карыятыды” (1974), “Вазьму твой боль” (1978) і іншыя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

Падзеі 1990-х гадоў выклікалі ў празаіка трывожныя пачуцці, што знайшло адлюстраванне ў аповесцях “Ахвяры” (1990), “Падзенне” і “Сатанінскі тур” (1995), “Палеская мадонна” (1998), рамане “Злая зорка” (1991) і іншых. У шэраг твораў, напісаных на актуальныя тэмы, уваходзіць і гістарычны раман “Вялікая княгіня” (1996), дзе ўзнімаецца праблема вяртання да Бога, выказваюцца ідэі праваслаўя і славянафільства. У 1999 годзе выйшла з друку аповесць “Слаўся, Марыя!”, прысвечаная жонцы пісьменніка. Іван Шамякін з’яўляецца таксама аўтарам п’ес, якія вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Літаратурна-крытычныя артыкулы, выступленні, успаміны, партрэты знаёмых і сваякоў змешчаны ў кнігах “Размова з чытачом” (1973), “Карэнні і галіны” (1986), у дзённікавых запісах “Начныя ўспаміны” (2002) і іншых. Літаратурная дзейнасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны. Многія яго творы перакладзены на розныя мовы свету. Па некаторых з іх зняты кінафільмы, пастаўлены тэатральныя спектаклі.

Іван Шамякін – народны пісьменнік Беларусі (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1981), акадэмік НАН Беларусі (1994). Ён узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. З’яў-ляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) і іншымі. Імем пісьменніка названа адна з вуліц Менска і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Паводле СМІ.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1116
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4916
Далучайцеся да нас