Беларуская зямля з яе блакітнымі азёрамі, паплавамі, сівымі павуціннымі барамі і палямі натхніла не аднаго вялікага майстра жывапісу на стварэнне сапраўдных шэдэўраў. Сярод іх асабліва вылучаецца мастак Фердынанд Рушчыц (1870-1936), з імем якога звязана цэлая эпоха ў развіцці беларускага пейзажу. 10 снежня яму споўнілася 155 гадоў з дня нараджэння.
Сын шляхціца Фернынанд Рушчыц нарадзіўся ў маёнтку Багданава Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Менскай вобласці) у шляхецкай сям’і. У 1883 годзе ён быў прыняты ў Менскую класічную гімназію, адначасова браў урокі жывапісу ў мастака Канстанціна Ермакова, выхаванца Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Пасля заканчэння вучобы Фердынанд Рушчыц паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, праз год стаў вольным слухачом Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, потым студэнтам-акадэмістам. Вучыўся ў майстэрні Івана Шышкіна, а з 1895 года яго педагогам быў Архіп Куінджы. У 1897 годзе Фердынанд Рушчыц прадставіў на выстаўцы дыпломных работ тры карціны – “Вячэрняя зорка”, “Трытоны” і “Вясна”. Апошнюю набыў вядомы калекцыянер Траццякоў.

Пасля заканчэння акадэміі вярнуўся ў Багданава. Там была створана большасць яго работ. Сярод іх – вядомыя палотны “Зямля” і “Млын” (1898), “Каля касцёла” (1899), “Дажынкі”, “Вечар – Вілейка” і “З берагоў Вілейкі” (1900), “Пустка. Старое гняздо”, “У свет” і “Восень” (1901), “Эмігранты” і “Мінулае” (1902), “Былое” і “Стары дом” (1903), “Зімовая казка” (1904) і іншыя. Творам мастака ўласцівы вострая індывідуальнасць, выразны малюнак, ёмістая кампазіцыйнасць, умелае спалучэнне каларыстычнага і танальнага жывапісу. Адным з першых беларускіх жывапісцаў Фердынанд Рушчыц змог у сваіх палотнах не толькі адлюстраваць хараство роднай прыроды, але і раскрыць праз яе сацыяльнае жыццё. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. У 1899 годзе мастак упершыню прадставіў некалькі сваіх работ у Вільні, потым у Варшаве. У гэтым жа годзе (і ў 1911 годзе) карціны Рушчыца дэманстраваліся ў Санкт-Пецярбургу на выстаўцы аб’яднання “Свет мастацтва”. У 1902 годзе яго палатно “Лясны ручай” (1898-1900) было адзначана ўзнагародай Акадэміі ведаў у Кракаве.

У 1903-1904 гадах Фердынанд Рушчыц жыў у мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам з мясцовымі маста-камі прымаў актыўны ўдзел у адраджэнні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, куды ў 1904 годзе быў прызначаны прафесарам (працаваў да 1907 года). Потым выкладаў жывапіс у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. З 1908 па 1917 гады мастак жыў у Багданаве. Пісаў інтэр’еры сваёй сядзібы, натурныя эцюды жывапісных наваколляў. Сярод іх – “Мастак”, “Бляклае сонца”, “У пакоях”, “Зіма”, “Залаты пакой” і іншыя. Для гэтых твораў характэрна тонкае адчуванне аб’ёму, лаканізм і прастата кампазіцыі.
З 1919 па 1932 год Фердынанд Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. Ён выкладаў на аддзяленні прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці горада, займаўся грамадскай дзейнасцю, афармляў дэкарацыі да спектакляў у тэатры Младзяёўскай-Шчуркевіч, ілюстраваў часопісы і кнігі, рабіў эскізы медалёў, штандартаў, афіш. У 1921 годзе ён стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна. У 1920-1930-х гадах Фердынанд Рушчыц з’яўляўся старшынём камісіі па ахове помнікаў старажытнасці. Ён здзейсніў шэраг вандровак па Беларусі: наведаў Крэва, Мір, Ліду, Гародню і іншыя мясціны. Збіраў гістарычныя звесткі пра беларускія замкі, рабіў замалёўкі, эцюды. У 1932 годзе польскі ўрад скасаваў дзейнасць камісіі, і мастак пакінуў Вільню.
Апошнія гады жыцця Фердынанд Рушчыц правёў у сваім маёнтку. Ён працягваў займацца творчасцю, пра-цаваў над манументальным роспісам інтэр’еру касцёла ў вёсцы Вішнева. Пасля інсульту страціў магчымасць пісаць правай рукой. Левай зрабіў шмат гравюр, часопісных ілюстрацый, алоўкавых замалёвак (“Сям’я мастака”, “Дрэвы над вадой”, “Аўтапартрэт”). Да гэтага часу адносіцца і цудоўны пейзаж “Старыя яблыні” (1935) – апошняя карціна мастака.
Памёр Фердынанд Рушчыц 30 кастрычніка 1936 годзе ў доме, дзе нарадзіўся, і быў пахаваны на могілках у Багданаве.
Большая частка палотнаў мастака захоўваецца ў музеях Варшавы, Кракава, Вільні і Львова. У Нацыя-нальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адна яго карціна “Каля касцёла”.

Жыццё Фердынанда Рушчыца і шматгранная дзейнасць у Беларусі сталі больш актыўна і паслядоўна папулярызавацца на пачатку 2000-х гадах. У 2002 годзе быў перакладзены з польскай на беларускую мову яго “Дзённік: да Вільні, 1894-1904”. У жніўні 2000-га годзе, у сувязі з 130-годдзем з дня нараджэння жывапісца, у Багданаве, Вішневе, Гальшанах, Крэве, Барунах і Трабах адбыўся Першы Міжнародны пленэр, вынікам якога стала выстаўка “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца”. У 2020 годзе імя мастака ўключана ў спіс памятных дат ЮНЕСКА. У Багданаве і Менску ў гонар Фердынанда Рушчыца названы вуліцы і ўстаноўлены марыяльныя дошкі.
Паводле СМІ

