Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Люцыян Узембла. Францішак Смуглевіч (1745-1807)

Люцыян Узембла. Францішак Смуглевіч (1745-1807)

26 снежня 2025, 16:58 Культура 17
Люцыян Узембла. Францішак Смуглевіч (1745-1807)

Францішак Смуглевіч нарадзіўся ў Варшаве 6 кастрычніка 1745 г., у бацькі, мастака Лукаша і маці, пляменніцы славутага Шымана Чаховіча. Яго браты Антон і Люцыян таксама былі мастакамі. Першы з іх стаў знаным у Вільні мастаком-дэкаратарам старога тэатра ў палацы Аскеркаў. Ф. Смуглевіч вучыўся ў Чаховіча, а потым у Акадэміі св. Лукі ў Рыме.

Ва ўзросце 20 гадоў ён ужо атрымаў славу, роўную славе Давіда, адрадзіцеля французскага жывапісу. Быў вучнем знакамітага Рафаэля Менгса, не дасягнуў узроўню прыгожай каларыстыкі свайго настаўніка, але пераўзышоў яго ў экспрэсіі малюнка. У часы жыцця ў Італіі яго фінансава падтрымліваў кароль Станіслаў Аўгуст, ад якога потым, за свае мастацкія дасягненні ён атрымаў залаты медаль Merentibus. У 1785 г. вярнуўся ў край. Маляваў у Варшаве, найбольш прыкметнай яго карцінай сталі: “Найсвяцейшая Панна ў атачэнні апосталаў”, “Смерць св. Базыля” і “Св. Ануфры”. У Вільні ў катэдры маюцца яго слынныя “Дваццаць апосталаў”, “Мелхіседэк”, “Памнажэння хлябоў у пустыні”, (значна лепшыя па колерах і кампазіцыі, чым суседнія карціны Вілані), “Св. Ян Непамуцен”. З іншых віленскіх абразоў: “Св. Каэтан памнажае хлябы”, “Развітанне са святымі Пятром і Паўлам” і іншыя. У Варшаве Смуглевіч некаторы час меў школу жывапісу. 1 кастрычніка 1797 г. (паводле знойдзеных нататак проф. М. Палінскага) атрымаў годнасць прафесара рысунку і жывапісу ў Галоўнай Школе (Віленскім універсітэце), напачатку выкладаў на фізічным, а з 1803 г. – на гуманітарным факультэце. Выкладаў з вялікім поспехам, але не мог пераадолець забабоны гараджан і таму не выкарыстоўвай жывую мадэль, і ён меў вельмі абмежаваную колькасць злепкаў з класічных скульптур.

Яму дапамагалі такія выключана таленавітыя ад’юнкты ўніверсітэта як Пешка, Дамель, Ян Храсціцкі і Рустэм, які пасля смерці Смуглевіча 18.10.1807 г. заняў яго кафедру. Лепшымі вучнямі Смуглевіча былі: Антон Бялькевіч, пераважна мастак гістарычных тэм, Гаспар Бароўскі, таксама гістарычны мастак і пераймальнік Смуглевіча, Брушкевіч Ігнат, партрэтыст і настаўнік гімназіі, Лізандэр, партрэтыст, Юзаф Аляшкевіч, рэлігійны мастак (вядомы містык), Францішак Пелікан, таленавіты мініяцюрыст, паводле яго малюнка ў 1799 г. была зроблена гравюра з выявай Маці Божай, якая спыняе маравую чуму ў Вільні.

 Сярод гістарычных карцін Смуглевіча, якія асабліва цікавы нашаму краю, можна назваць “Зацвярджэнне нададзенай сялянам уставы ў Паўлаве каля Вільні ў 1769 г. канонікам Віленскім, реферэндарыем ВКЛ п. Ксаверыем Бжастоўскім”, “Ахвяра Вясталкі”, сярод лепшых прац Смуглевіча карціна з партрэтам княгіні дэ Лігне з дому Масальскіх “Смерць генерала Якуба Ясінскага 4 лістапада 1794 г.”, “Генерал Ясінскі, абапіраючыся на меч, топча мёртвую галаву, сімвал пагады да смерці”. “Акт аддзялення Літвы ад Мазавецкага княства ў 1358 г.”. “Сесія Люблінскага трыбуналу пад патранатам Каэтана Алізара, кароннага пастолія, у прысутнасці караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага”.  “Сямейны партрэт Прозараў” – медальён з бюстам Прозара, смаленскага ваяводы, трымаюць яго сыны. Іншыя партрэты: Станіслава Аўгуста, аўтапартрэт мастака, партрэт віленскага каноніка кс. Мікалая Тышкевіча і партрэт п. Граноўскай, які знаходзіцца ў зборах Таварыства аматараў навук. Згадаем, што прафесар Смуглевіч за роспіс плафона, які аздобіў залу ўніверсітэта, 26 красавіка 1805 г. пры пасярэдніцтве куратара ўніверсітэта, атрымаў дыяментавы пярсцёнак ад імператара Аляксандра І (з нататак прафесара М. Палінскага).

У 1912 г. кнігар Ф. Завадскі пад рэдакцыяй Вацлава Студніцкага і С. Пешкі, а таксама пад мастацкім кіраўніцтвам прафесара Ф. Рушчыца, выдаў вельмі прыгожы альбом відаў Вільні, заснаваны на акварэлях Смуглевіча, выкананых з натуры, арыгіналы знаходзяцца ў Кракаве ў музеі бр. Чапскіх. У гэтым альбо-ме рэпрадуктаваны 21 з 24 ацалеўшых малюнкаў старой Вільні. Заслужаная кнігарская фірма павінна была б перавыдаць гэты альбом, бо першы наклад даўно ўжо стаў вялікай рэдкасцю.

Смуглевіч моцна любіў свой край. Яго не зманілі добрыя ўмовы працы ў Англіі, ён меў шмат заказаў ад замежнікаў, але імкнуўся працаваць на бацькаўшчыне.

У нашых касцёлах і дварах ёсць шмат твораў Смуглевіча, чыя творчасць і нястомная працавітасць выклікаюць захапленне. Ён меў намер выдаць 200, потым толькі 100 гістарычных ілюстрацый. Але з-за цяжкасцяў з пошукамі гравёраў для выдання, атрымалася толькі 9.

Смуглевіч, безумоўна, не быў майстрам, якога стыль, праўда і бляск ўзвышаліся над акадэмізмам формы, руцінных колераў і тэхнікі, але ніхто не аспрэчыць самага высокага становішча Смуглевіча як першага ў краі, хто стварыў незалежныя і творчыя напрамкі ў рэлігійным, гістарычным і жанравым жывапісе. Ён не быў такім бяздушным і няпэўным у каларыстыцы, як часам здавалася крытыкам. Яго прыхільнікі-сучаснікі, як маглі, баранілі Смуглевіча ад націску фанатыкаў эстэтыкі. Вось які адказ атрымаў вядомы драматург Кацэбу ад паэта Антона Шагіна за бессаромны напад на славу пэндзля Смуглевіча:

Дарма немец паклёпніцкае пяро у жоўць мачае

І чорныя пасквілі ў подлым друку піхае.

 

Нягледзячы на сціплыя патрэбы, мастак не здолеў забяспечыць сябе бесклапотнае існаванне ў старасці. Ён памёр пасля працяглай хваробы ад вадзянкі і пахаваны ў катакомбах могілак Росы.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 Lucjan  Uziеblo. Franciszek  Smuglewicz (1745-1807) // Slowo. 1927. № 219.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Дзятлаўчане і іх прозвішчы
Навука

Дзятлаўчане і іх прозвішчы

2 чэрвеня 2021, 00:1116
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін
Выданні

Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін

24 лютага 2020, 15:5615
Далучайцеся да нас