У межах двухбаковых сяброўскіх стасункаў творцаў Ліды і Гародні 22 кастрычніка ў Доме-музеі паэта Валянціна Таўлая адбылася адмысловая творчая сустрэча «З’яднаныя словам мастацкім». У гасцях у мясцовых літаратараў і моладзі райцэнтра пабывалі члены Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Валянцін Паўлавіч Таўлай (1914-1947) – удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, падпольшчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, паэт, крытык, публіцыст, перакладчык. Творы паэта перакладзены на рускую, украінскую, польскую, літоўскую, англійскую, французскую і іншыя мовы свету. Тэмы яго творчасці – адзінства беларускага народа, незалежнасць Беларусі ад панскай Польшчы, патрыятызм, гуманізм, пошук гармоніі ў душы і жыцці чалавека. Сёння Дом В. Таўлая па сутнасці стаў літаратурна-краязнаўчым музеем, на сценах якога размяшчаюцца імянныя стэнды, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў Лідскага краю, а экспазіцыя звязана з гісторыяй і культурай Лідчыны. Безумоўна, у сценах унікальнай музейнай установы, якая прысвечана постаці і жыццю гэтага мужнага чалавека, сапраўднага грамадзяніна і творцы, міжволі хочацца натхняцца, адпавядаць яго запаветам, яго самаадданай ідэйнай барацьбе. Адзін з запаветаў у тым, што толькі працы над тэкстамі, над іх апублікаваннем не дастаткова, каб лічыцца пісьменнікам. Калі дазваляе фізічны стан, неабходна ісці да людзей, весці дыялог з грамадствам, ведаць жыццё, дакладна адчуваць подых часу. І на ўсё гэта адгукацца мастацкім словам.

Зусім нядаўна, 7 верасня 2025 года ў рамках мерапрыемстваў ХХХІІ Дня беларускага пісьменства ў гэтым знакавым месцы праходзіла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы паэтычны зборнік. Конкурс з гонарам насіў імя Валянціна Таўлая, а ў якасці мастацкай назвы былі выкарыстаны словы з радкоў паэта – «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра».
І вось заўтра наступіла. Шляхі, пракладзеныя слаўнымі продкамі, класікамі роднага слова, зноў прывялі да лідскіх калег гасцей з Гародні. Зноў адбыліся сяброўскія гутаркі пра мастацтва, пра гісторыю літаратурнага руху; прагучалі вершы і эсэ. Іх аўтары з боку гасцей, члены СПБ: паэтэса Кацярына Каламійцава; паэт, блогер Анатоль Апанасевіч і паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык падзяліліся ўласнай творчасцю, паслухалі выступленні лідскіх калег. Кастрычніцкае мерапрыемства «З’яднаныя словам мастацкім» сабрала людзей рознага ўзросту, з рознымі вопытам, кругаглядам і адчуваннем жыцця. Прайшлі прэзентацыі кніг і абмен аўтарскімі выданнямі.
Музей заходнебеларускага паэта-барацьбіта атрымаў ад гасцей з абласнога цэнтра бібліятэчку кніг сучасных прынёманскіх аўтараў.

Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык зрабіў прэзен-тацыю трох калектыўных зборнікаў, выдадзеных Гарадзенскім абласным аддзяленнем СПБ да 80-гадовага юбілею Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; прачытаў творы на рускай і беларускай мовах. Анатоль Уладзіміравіч Апанасевіч праявіў сябе як паэт-філосаф, пабудаваў выступленне з твораў сваёй паэзіі і з аўтарскіх афарызмаў. Кацярына Аляксееўна Каламійцава пачала з лірычнага прысвячэння Лідзе; закранула ў сваім выступленні тэмы вайны і Перамогі, дзяцей вайны, гістарычнай памяці, повязі пакаленняў, а таксама прадэкламавала аўтарскія творы філасофскай і рамантычнай лірыкі, вершы для дзяцей. Эстафета перайшла да гаспадароў. У праграме літаратурнай сустрэчы «З’яднаныя словам мастацкім» узялі ўдзел члены Лідскага раённага літаратурнага аб’яднання «Суквецце», паэты: Ірына Маркевіч, Тэрэза Смолькая, Лілія Каранеўская-Радзевіч, Алена Несцерава, Канстанцін Якубчык, Валерый Мацулевіч; ветэраны літаратурнага руху, паэты Уладзімір Янцэвіч і Уладзімір Васько; педагог, краязнаўца Наталля Анашкевіч; кіраўнік літаб’яднання Уладзімір Глінін. Лідская паэтэса Людміла Краснадубская ў падарунак гасцям уручыла прыгожую кветку на памяць. Мадэратарам літаратурнай сустрэчы выступіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, вядомы краязнавец Алесь Часлававіч Хітрун.

Мерапрыемства, якое прайшло ў атмасферы сяброўскай цеплыні і ўзаемнай павагі, аб’яднала людзей і пацвердзіла вернасць сучаснікаў запаветам слаўных продкаў.
Паводле Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
На фота: моманты і ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы «З’яднаныя словам мастацкім» з удзелам дэлегацыі Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ліда, Домік В. Таўлая.

