Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

1 лістапада 2025, 12:23 Грамадства 15
100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

У пятніцу 24 кастрычніка біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка здзейсніў пасвячэнне збудаванага 10 гадоў таму касцёла Святога Бенедыкта ў Пінску. Гэтая падзея стала першай з шэрагу галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Адкрыццё другога касцёла ў Пінску – першай святыні, збудаванай у Пінску пасля амаль 200-гадовага перапынку, – адбылося ў межах святкавання 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі ў 2015 годзе. Адметна, што касцёл Святога Бенедыкта быў пастаўлены за вельмі кароткі час – усяго за 6 месяцаў.

Святыня ўжо 10 гадоў збірала разам католікаў з новых мікрараёнаў горада: Лугі, Верасы, Вясёлкавы і Паўднёвы, у якіх у 2015 годзе жыло каля 70 тысяч чалавек.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел амаль усе прадстаўнікі беларускага епіскапата. Старшыня ККББ, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB напярэдадні вярнуліся з Рыма, дзе разам з амаль 500-мі пілігрымамі, пераважна з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, удзельнічалі ў набажэнствах Юбілейнага года. Прысутнічалі таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, каля двух дзясяткаў святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, манаскія асобы і вернікі з Пінска і ваколіц, а таксама прадстаўнікі ўлады. Літургію ўпрыгожваў пінскі касцельны хор з парафій Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Бенедыкта.

 Перад пачаткам святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, парафіяне, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, прывіталі галоўнага цэлебранта і прысутных іерархаў, да якіх яны падышлі, каб пачаставаць караваем, які трымалі ў руках.

Усіх прысутных ва ўступным слове прывітаў про-башч парафіі святога Бенедыкта ксёндз Часлаў Ладыка. Святар нагадаў, што “пасля дзесяці год малітвы, цэлеб-рацыі сакрамантаў, шматлікіх работ па ўдасканаленні інтэр’еру гэтай святыні надышоў радасны час яе кансэкрацыі”.

Затым распачалася святая Імша, на пачатку якой адбыўся абрад акраплення святыні і вернікаў на знак прыналежнасці іх да Касцёла праз сакрамант хросту.

 Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Прамоўца пачаў здалёк: ён падкрэсліў, што 2025 год у Беларусі з’яўляецца годам добраўпарадкавання, і гэта натуральна дбаць пра тое, каб кожны жыў у добрых і зручных умовах, меў у крокавай даступнасці патрэбныя аб’екты. Біскуп нагадаў, што на найвышэйшым узроўні краіны раней заяўлялася пра неабходнасць стварэння духоўных цэнтраў. Касцёл святога Бенедыкта – гэта таксама такі цэнтр, зручнае для вернікаў новай часткі горада месца сустрэчы з Богам.

Аднак дарога да Бога насамрэч не такая і кароткая, заўважыў пастыр.

– Наш Збавіцель казаў пра сябе “Я – дарога <…>” (Ян 14, 6)… Дарога да гэтага касцёла – гэта вера пінскіх людзей, якіх выхаваў кардынал Свёнтак. Гэта настойлівасць біскупа Антонія, які прыклаў шмат высілкаў, каб гэты касцёл быў пабудаваны. Гэта намаганні майго сябра і аднакурсніка ксяндза Андрэя Рылкі і наступных пробашчаў. Гэта ахвярнасць парафіян, якія нават не хацелі, каб іх імёны былі названыя. Гэта вы, хто напаўняеце муры гэтай святыні, – канстатаваў прамоўца.

Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў прысутным, каб у парафіяльным касцёле іх духоўныя вочы заўсёды бачылі цуд, які здзяйсняецца на алтары, і каб іх дзеці менавіта тут спазналі, што такое любіць Бога.

 Чарговым абрадам сталася аднаўленне хросных абяцанняў, якое здзейснілі ўсе прысутныя, адказваючы на пытанні галоўнага цэлебранта. Яно прадпісана літургічнымі нормамі падчас найбольш важных падзей у жыцці вернікаў Касцёла.

Яшчэ адным пунктам літургіі пасвячэння касцёла, які сведчыў аб важнасці і ўзнёсласці цэлебрацыі, быў спеў Літаніі да Усіх Святых. Удзельнікі ўрачыстасці, стоячы на каленях, заклікалі заступніцтва за іх перад Богам святых Касцёла.

Наступіў кульмінацыйны момант – малітва пасвячэння, якую прамовіў біскуп Дзям’янка.

“(…) Няхай убогія сустрэнуць тут міласэрнасць, а прыгнечаныя – сапраўдную свабоду, а ўсе людзі няхай апрануцца ў годнасць Тваіх дзяцей”, – гучалі словы малітвы.

Пасля яе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Аляксандр Яшэўскі, біскуп Уладзімір Гуляй, біскуп Алег Буткевіч, біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч намасцілі крыжыкі на сценах святыні, каля якіх прызначаныя святары запалілі свечкі.

Біскуп Антоній Дзям’янка намасціў алтарную менсу, пасля чаго паставіў на алтар начынне з кадзілам, дым якога сімвалічна азначае ахвяры і малітвы вернікаў, што з гэтага святога месца будуць узносіцца да Бога.

 Пасвечаны алтар быў накрыты абрусам, і пробашч запаліў на ім свечкі. Пасля гэтага распачалася Эўхарыстычная літургія.

Пасля пастырскага дабраслаўлення, якое ўдзялілі прысутным іерархі, ксёндз пробашч Часлаў Ладыка падзякаваў пастыру Пінскай дыяцэзіі за здзейсненае пасвячэнне святыні, іерархам і ўсім удзельнікам за прысутнасць. Святар нагадаў, што касцёл названы ў гонар святога Бенедыкта, таму што “касцёл стаў працягам спадчыны і традыцыі, якую пакінулі айцы бенедыктыны, духоўныя сыны святога Бенедыкта, што служылі Божаму народу ў велічным кляштары на ўскрайку Пінска ў мястэчку Гарадзішча”. Было падкрэслена, што Божы Провід, адвага біскупа Дзям’янкі і прыхільнасць мясцовых уладаў дазво-лілі паўстаць гэтай прыгожай святыні. Падзяку выразілі таксама наймалодшыя парафіяне.

Біскуп Антоній Дзям’янка ў сваю чаргу скіраваў словы ўдзячнасці прысутнаму на Імшы арцыбіскупу эмерыту Тадэвушу Кандрусевічу, які перад ім, будучы Апостальскім адміністратарам, узначальваў Пінскую дыяцэзію, а 27 кастрычніка 2015 года ўзначаліў урачыстую святую Імшу і дабраславіў касцёл святога Бенедыкта для таго, каб у ім адбываліся набажэнствы. Дастойны іерарх, віншуючы прысутных са святам, параўнаў новапасвечаную святыню з хмарачосамі, кажучы, што, хоць касцёл па сваёй вышыні меншы, чым яны, аднак “хмарачосы вядуць нас да хмараў, а касцёл – да неба, да Божага Валадарства”.

 Словы віншавання скіравалі сабраным у касцёле таксама Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Пасля гэтага настаў радасны і непаўторны момант – у святыню завітаў спецыяльны прадстаўнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджароці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Шчыра прывітаны пастырам Пінскай дыяцэзіі і вернікамі, ён прывітаў прысутных і як прадстаўнік Папы ўдзяліў апостальскае дабраслаўленне.

 Напрыканцы прысутныя іерархі падпісалі дакумент аб пасвячэнні касцёла святога Бенедыкта ў Пінску.

 

25 кастрычніка, у другі дзень галоўных урачыстас-цей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія праходзілі ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, праграма дня распачалася за гадзіну перад поўднем з унясення рэліквій святога Андрэя Баболі, га-лоўнага заступніка дыяцэзіі, прывезеных з дыяцэзіяльнага санктуарыя святога ў Іванаве. Усе прысутныя сталі на калені, каб прамовіць словы Літаніі да святога і выпрасіць для сябе і для ўсёй дыяцэзіі патрэбныя Божыя ласкі.

Кульмінацыяй стала святая Імша, якую ўзначаліў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджароці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Прадстаўнікі беларускага епіскапату ў поўным складзе, а таксама шматлікія святары з Пінскай дыяцэзіі і прадстаўнікі з усіх дыяцэзій Беларусі, апранутыя ва ўрачыстыя арнаты, чакалі высокапастаўленага госця, заняўшы свае месцы ў прэзбітэрыі.

Каля ўваходу ў катэдральны касцёл кардынала Гуджэроці ў вершаванай форме прывіталі наймалодшыя вернікі разам са старэйшымі, якія трымалі ў руках духмяны каравай.

Усцешаны іерарх, пытаючыся дарослых, колькі дзецям гадоў, задаў таксама пытанне, ці тыя з іх, якія прыступілі да Першай святой Камуніі, маюць чыстыя сэрцы. Бацькі запэўнілі дастойнага госця, што дзеці ўжо скарысталіся з сакраманту пакаяння і гатовыя прыняць Цела Хрыста.

Прыбылага пасланніка Папы напачатку прывітаў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што горад Пінск багаты сваёй гісторыяй і касцельнай традыцыяй. Ардынарый Пінскай дыяцэзіі нагадаў гісторыю паўстання Пінскай дыяцэзіі, калі Папа Пій XI, які раней быў апостальскім нунцыем у дзяржаве, булай Vixdum Poloniae unitas правёў рэарганізацыю касцельных структур, вылучыўшы асобную дыяцэзію з цэнтрам у Пінску.

На самым пачатку святой Імшы быў прачытаны Ліст Папы Льва XIV, які ён скіраваў да кардынала Клаўдыё Гуджароці.

Гамілію прамовіў сам пасланнік Папы, распачынаючы яе так, як Леў XIV пасля свайго абрання біскупам Рыма: «Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»

Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы словы падзякі для дастойнага госця і ўсіх прысутных скіраваў біскуп Антоній Дзям’янка. Затым павіншавалі пінскіх дыяцэзіян з іх юбілеем прадстаўнік Праваслаўнай Царквы і мясцовай улады розных узроўняў, консул Расійскай Федэрацыі ў Берасці, а таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак.

Урачыстасці ў Пінску завяршыліся апостальскім дабраслаўленнем, якое ўдзяліў пасланнік Папы кардынал Клаўдыё Гуджароці.

Фота: Аляксандра Шчыглінская,

Вольга Взёнтэк / Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас