Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Зміцер Захарэвіч. З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

Зміцер Захарэвіч. З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

19 верасня 2025, 21:35 літаратура 7
Зміцер Захарэвіч. З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

ПЕРШЫ СВІТАНАК ВОСЕНІ

 

Восені першы світанак:

Сад захінуты ў туман,

Цераз самоту буслянак

Коціцца сонца рыдван.

 

Коламі тонучы ў вецці,

Повязь з мінулым ірве.

Згадкамі аб згаслым леце

Яблыкі спяць у траве.

 

Я мімаволі што ўспомню,

Плод беручы ў даланю –

Лёдзістасць мёртвае поўні

Ці жарсны танец агню?

 

Свету і спору дваістасць

Пэўніць, бы ксёнз на імшы:

– Праз стос грахоў не тлуміся,

Бо іх наноў не пражыць.

 

Згодна спрабую ўсміхацца,

Ветла страчаючы дзень:

– Верасень здольны вяртацца,

Воды ракі часу – не.

 

МЕСЯЦ

 

Чужыя мальвы, мова, места,

Сабой занятыя, наўкол,

Адно ўначы той самы месяц

Прыязна шчэрыцца ў акно

Кароткачаснай спачывальні

Ля новай ростані маёй,

Камрад і даўні спавядальнік

У рызе срэбрана-льняной.

 

Па свеце разам з ім бадзяўся,

Знарок шукаючы прыгод,

Ён быў як верны Санча Панса,

А я – нібыта Дон Кіхот.

Свядомасць засціўшы надзеяй,

Закінуўшы чарнавікі,

За цноты ўяўных Дульсінеяў

Імчаўся ў бой на ветракі.

 

Калі ж ідальга апантаны

Валіўся зможаны ў мурог,

Дык месяц спавіваў мне раны

Бінтамі гойнымі дарог.

Зямлю абцасы прыміналі,

Глумілі цішу цягнікі,

Гадамі гарады міналі,

Бо ўдалеч клікалі шляхі.

 

Абмытых злівай зорападу

Жаданне дзёрзкае вядзе:

Спазнаць, што там – за даляглядам,

Каб босым крочыць па вадзе.

Праз тое мальвы ў чужым месце

Нязгасным звабілі агнём

І сталы спадарожнік месяц

Прыветна шчэрыцца ў акно.

 

ПАС АРЫЁНА

 

Даўгі маршрут,

і спадарожнікі ў салоне,

Адкінуўшыся ў крэслах,

спяць даўно.

Сляпая ноч,

адно сузор’е Арыёна

Гарыць зіхотна

ў вочы скрозь акно.

 

Гразой грувасціцца

па-над сівым абшарам

(З якога мне

ці ёсць куды спяшаць?),

Нябёсы пасам1 перарэзаўшы,

бы шнарам,

Нібы палі

пад коламі шаша.

 

Вяртаюся

да бел-чырвоных вышыванак,

Дзе я не ў трэндзе –

ў чорным, рыхтык смоль.

А пад матыў

непраспяваных калыханак

Віруе ў жылах

братні алкаголь.

 

Пакуль радкі,

праз хмель забытыя, прыгадваў,

На золку стынным

Арыён пагас,

Але здавалася,

што шнурам Арыядны

Дадому вёў

ягоны ззёўны пас.

 

УВОСЕНЬ

 

Я сыду прэч дарогай белай

У туману сівы наліў,

Па-над станам вярбы абляцелай,

Паўз натруджаныя палі.

 

Праз самоту аціхлых гнёздаў

Не дам болей веры ўгары

Красамоўству апосталаў грозных,

Як паганскія святары.

 

Я сыду ў бяспамяцтва шэрань

Па-над язвамі гарадоў,

За спіной зачыню хмараў дзверы

Ад сваіх і чужых грахоў,

 

Ад апрыклых зямных мітрэнгаў,

Слёз і кроз пакінуўшы жудзь…

Мне ўслед румзаць

                           ці клікаць дарэмна –

Не змагу нат рэха пачуць,

 

Як сыду залевай скрозь сіта

Дзён старога календара,

На арэлях, дзятвою забытых,

Месца вызваліўшы вятрам.

 

З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

 

Прагну новага радка, як першынца,

І, ступіўшы нецярпліва за парог,

Каб здабыць хоць жменю словаў-перлінаў,

Занураюся глыбей у ночы змрок.

 

Рыхтык дзён былых нырэц за скарбамі,

Не ўздымуся на паверхню давідна,

Бо гняце пытаннем “А ці варты ты

Свайго таленту?” нязбыўная віна.

 

Тут, бліжэй да зор, ультрамарынава

Ззяе бліскаўкай нямая цішыня.

Паміж дзвюх халаднакроўных Рыбаў я

Праплываю да засмучаных Пляяд.

 

Іх забаўлю спевамі пацешнымі,

Каб адхлынула жалобы каламуць,

А яны з нябёсаў найярчэшыя

Знічкі ўдзячна на далонь мне пакладуць.

 

Я вярнуся раніцай упэўнена,

Далоў скінуўшы з плячэй цяжар віны,

І верш новы пацеркамі з перлінаў

Прынясу табе з глыбіняў вышыні.

 

ЛАЎРОВЫ ЛІСТ

 

Калі “паэтам” звацца закарціць,

Калі не здолееш даць рады фібрам,

Пішы як выпадзе, бо што рабіць?

Пашчасціць – станеш аўтарам верлібраў.

 

Каб выклікаць трымценне ў чытачоў,

Улі ў атрамант жоўці ці мілосці,

Слязу самоты і On Go Must Show2

Задумліва, заблытана, пра штосці.

 

Традыцыі ржавеюць ланцугі –

Душа жыве адно ў свабодным вершы!

І ловяць вальналюбцы-дзівакі

Лаўровы ліст у супавай талерцы.

 

Стваральнікі хаосу і неўрозу,

Ці не заняцца б вам будзённай прозай?

 

СОЛЬ

 

Адплёскацца ў сырадоі

Тваіх запаветных прасцін.

Адлашчыць і адсваволіць,

А потым на золку пайсці.

 

Пазбавіўшыся абдоймаў,

Без жалю прамовіць – наўпрост:

“Кахання зямнога соль мы,

Вучыў пра якую Хрыстос.

 

Дарма прасіць напрамілуй,

Каб сёння застаўся – павер:

Калі соль губляе сілу,

На сметніку месца яе.

 

Крый бог, нячуласцю здраджу

Я прагнаму целу твайму,

Хай сыплецца, як на рану,

І мне замінае заснуць.

 

Той боль нічым не спатоліць,

Хіба шчэ гусцей пасаліць,

Таму патрэбна сыходзіць,

Каб зноўку назаўтра прыйсці.

 

А значыць, і я вярнуся…”

Збіраю караліны слёз,

І соль апякае вусны,

Вучыў пра якую Хрыстос.

 

“ЯШЧЭ” Й “АДНАК”

 

Яшчэ фарсяць убраннем зыркім астры

І гай апоўдні млее ў духаце,

Аднак ужо з гасцінцаў поўнай кайстрай

Рахмана ў вырай жнівень адляцеў.

 

Яшчэ звіняць няўрымслівыя пчолы,

На выгане рыкае гавяда,

Аднак пасля дажджу з вачніц-вандолаў

Цяпер амаль не зводзіцца вада.

 

Яшчэ радкі ўзрастаюць утрапёна,

Прасякнутыя палкім пачуццём,

Аднак заўчасна ўздоўж прысадаў клёны

Агонь сілкуюць стомленым лісцём.

 

* * *

 

Нібыта зноўку не адзін:

Не ўгледзеў – уваскрэслі здані.

Цяпер хоць сцюжамі кладзі,

Хоць велікоднымі званамі

 

На мне ўладарнае кляйно

Свайго на свеце існавання.

Калі? хто? вынішчыць яго

З нянавісцю, з крывёй – дазвання?

 

Бяжыць пытанняў чарада –

Уночы зледзянелы зімнік,

Бо рады не патрапіў даць

Сваволі даўніх успамінаў.

 

Навокал немыя снягі –

Званы абудзяцца налецце,

Пачуццяў крохкіх трыснягі

Разгойдае вясновы вецер.

 

Пакуль жа сённяшнюю стынь

Да бледых вуснаў прыкладзі ты…

Ну вось, я зноўку не адзін

Нібыта.

 

ЯК  ЦЕНЬ

 

Ледзь прыкметны, бясколерны ўсход,

Снегападу нячутныя крокі,

Рыхтык дзень, цень ад цела кароткі

Абапёрся ля брамы на плот.

 

Скуль пачатак бярэ санны след –

За глухую смугу далягляду

Каляіна бяжыць да Калядаў

У зіхценне гірляндаў калье.

 

Колькі бавіў між іх час, аднак

Я не выеду сёння на зімнік –

Ад спакусаў схаваўся, як схімнік,

У чужых і ва ўласных радках.

 

Ад усмешак нібыта сяброў

І струменяў агністых напояў

У загродзе душу згодна гояць

Каламар, свечка, аркуш, пяро.

 

Вея вокны мае замяце,

Каб не клікала далеч прынадна,

Свету беламу непадуладны

У сутонні растану, як цень.

 

 

* * *

 

Без слоў сысці ў глыбіні цішыні,

Абы не чуць гадзіннік за спіною,

Каб грай сяброў і крыкі чужаніц

Дарэшты зніклі ў завадзі спакою.

 

І хоць сунімуцца выццё вятроў,

Сабачы брэх, бязжальны лязгат зброі,

Жар-птушка блісне залатым пяром,

Ды ў вырай не пакліча за сабою.

 

Няхай спаўе, як крэпам, немата,

Суздром і слых, і голас панявечыць –

Дарма! Не здолее бо рады даць

Нязмоўчнай памяці прадон глушэчы.

 

NEW НОЙ

 

Каторы дзень сусвет дажджы

Суздром апанавалі,

У шыбы, быццам у барты,

Струмені б’юць, як хвалі.

 

Зрабіўся дом нягеглы мой

Каўчэгам незраўнаным,

Плыву ў ім, уваскрэслы Ной,

Скрозь шторм неўтаймаваны.

 

Богведама куды ў смузе

Без компаса, без карты

Мяне плынь водная нясе,

І рому ані кварты.

 

Наўкол ні лапіка зямлі,

Сірэнаў спевы глушаць…

Калумб і Нельсан, Дрэйк і Ўліс,

Ратуйце нашы душы!

 

У труме жывацін выццё

З гармідарам птушыным.

Нашто мне гэткае жыццё? –

Лепш грэшнікам бы згінуў.

 

Навошта існага айцец,

Свавольны самаўладца,

Шаленцу для яго дзяцей

Даў шанц уратавацца?

 

Паношыцца наўсцяж імгла

Вільготная нязбаўна,

Мой карабель нібы труна,

Што сам і змайстраваў я.

 

Няма дзвярэй, няма акон,

Згасае вера ў выйсце…

Здаецца, бачу страшны сон,

Насланы воляй вышняй.

 

Не збыць абранасці цяжво,

І змушаны самотна

Пакутваць целам і душой,

Каб выжыў род смяротных.

 

Цярпець павінен за людзей

Пад пошчак згубнай злівы

Датуль, пакуль не прынясе

Галубка ліст алівы.

        Калі ж урэшце прынясе

        Галубка ліст алівы?

                НЯЎЖО АДНОЙЧЫ ПРЫНЯСЕ

               ГАЛУБКА ЛІСТ АЛІВЫ?

 

1 Пас Арыёна – тры зоркі ў сузор’і Арыёна, знаходзяцца амаль на самім нябесным экватары.

2 Перафраз назвы песні гурта “Queen” – “The Show Must Go On” (“Шоў мусіць працягвацца”).

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ
Навіны

З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ

31 снежня 2020, 11:0329
Літаратурная гісторыя Случчыны
Выданні

Літаратурная гісторыя Случчыны

1 мая 2025, 20:2020
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2620
Павел Бука: Вучыцца, думаць і працаваць па-беларуску
Грамадства

Павел Бука: Вучыцца, думаць і працаваць па-беларуску

31 ліпеня 2019, 19:4719
Далучайцеся да нас