Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе

ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе

12 верасня 2025, 14:51 Грамадства, Культура, літаратура 13
ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе

6 і 7 верасня Ліда стала цэнтрам прыцягнення для тысяч цаніцеляў і майстроў друкаванага слова. Горад з размахам і на найвышэйшым узроўні адсвяткаваў ХXXII Дзень беларускага пісьменства.

 У гэтым годзе ў канцэпцыю свята ўключаны такія тэмы, як 80-годдзе Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання і 500-годдзе з моманту першай публікацыі кнігі “Апостал” Францішка Скарыны.

Урачыстасці з нагоды Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяць у розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Яго прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”, які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З таго часу свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.

Сталіцамі маштабнага свята раней ужо станавіліся Полацк, Тураў, Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы.

У гарадах, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства, праводзяць шырокія работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяць у эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюць помнікі архітэктуры і мастацтва. У час свята ўдзельнікі і госці ўрачыстасці знаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустракаюцца з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, слухаюць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.

У гэтым годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Ліда. Яна была заснавана ў сівую даўніну. У 1323 годзе тут быў пабудаваны знакаміты Лідскі замак, які стаў адным з важнейшых абарончых збудаванняў таго часу.

У 1590 годзе Ліда атрымала Магдэбургскае права і гарадскі герб. У наступныя стагоддзі горад уяўляў сабой адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета, раёна. З 1759 па 1834 год у ім існавала сярэдняя навучальная ўстанова – піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны след у навуцы і літаратуры. З другой паловы XIX стагоддзя пачала інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладанне чыгункі. У горадзе з’явіліся чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы. Сучаснае аблічча горад атрымаў у 60-80-я гады ХХ стагоддзя.

Багата лідская зямля і на таленавітых асоб. Тут нарадзіліся акадэмік Аркадзь Мігдал і гісторык літаратуры Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, вучыліся і жылі многія выдатныя дзеячы мінулага і нашага часу.

Сёння Ліда – сучасны культурны рэгіён Гарадзеншчыны. У горадзе больш за 300 вуліц і завулкаў – пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Працуюць 25 вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя школ ёсць гімназія, ліцэй, чатыры каледжы.

Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе адрамантавалі бібліятэку, адкрылі абноўленую кнігарню, добраўпарадкавалі тэрыторыі каля Лідскага замка, распрацавалі новы турыстычны маршрут. 

У Доме Валянціна Таўлая разгорнута тэматычная выстава “Пераступіўшы парог”, а таксама ўстаноўлены літаратурны інфакіёск. Наведвальнікі  ўжо маюць магчымасць праз сучасную тэхналогію пазнаёміцца са шматлікімі матэрыяламі – фотаздымкамі, рукапісамі, дакументамі, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці беларускага паэта Валянціна Таўлая.

Акрамя гэтага тут месца знайшлі PDF-версіі ўсіх нумароў літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў”, пдф-версія альбома “Лідскі Парнас. 175 партрэтаў лідскіх пісьменнікаў” і інш.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ
Навіны

З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ

31 снежня 2020, 11:0329
Літаратурная гісторыя Случчыны
Выданні

Літаратурная гісторыя Случчыны

1 мая 2025, 20:2020
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2620
Цукар са смакам роднае мовы
Мова

Цукар са смакам роднае мовы

19 кастрычніка 2018, 00:1519
Далучайцеся да нас