Кабінет міністраў Германіі робіць стаўку на абавязковы адбор і пакуль добраахвотную вайсковую службу. Акрамя таго, ён прыняў рашэнне пра стварэнне Рады нацыянальнай бяспекі
Кабінет міністраў Германіі ўхваліў пакет законаў, накіраваны на ўмацаванне ўзброеных сіл ФРГ, зрабіўшы стаўку на абавязковы вайсковы ўлік і адбор маладых мужчын, але з захаваннем права на добраахвотную службу. Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыюс назваў законапраект пра ўвядзенне новай сістэмы вайсковай службы “гіганцкім крокам наперад”. Калі закон будзе ўхвалены бундэстагам, то ён набудзе моц 1 студзеня 2026 года.
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц звярнуў увагу на прадугледжаную ў законапраекце магчымасць абавязковага прызыву ў тым выпадку, калі набраць дастатковую колькасць добраахвотнікаў не атрымаецца. “Такім чынам, мы на шляху да стварэння войска, заснаванага на вайсковай павіннасці”, – заявіў Мерц. Па яго меркаванні, гэта добрая тэндэнцыя, якую ён цалкам вітае. Ён таксама спаслаўся на пагрозу з боку Расіі.
Вайсковая павіннасць была адменена ў 2011 годзе, але замацавана ў асноўным законе. Яна можа быць ізноў уведзена простай большасцю галасоў у бундэстагу.
Таксама кабмін прыняў рашэнне пра заснаванне Рады нацыянальнай бяспекі – цэнтральнага органа, які будзе засядаць падчас крызісных сітуацый, аператыўна прымаць рашэнні і распрацоўваць стратэгіі рэагавання на пагрозы. Яе ўзначаліў федэральны канцлер.
Берлін (dpa).
© pa/dpa.