Home
літаратура

Аўтар “Чыжыка беларускага”

Аўтар “Чыжыка беларускага”

Браце, беларусе, не бядуй, што хмары

Сонейка закрылі – час прыдзе, настане,

Што засвеціць сонца ў нашыя папары,

Залатым праменням ў вокны нам загляне!..

Гэтыя радкі сто гадоў таму напісаў беларускі паэт, грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер, мастак і перакладчык Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч,1880-1944), якому 20 ліпеня споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Ілья Ляўковіч у Слоніме, дзе скончыў мясцовае гарадское вучылішча і пэўны час служыў пісарчуком у каморніка, а затым – у канцылярыі суддзі. Тут, у родным горадзе, ён прайшоў спецыяльныя курсы і набыў прафесію чарцёжніка. А ў 1904 годзе паехаў у Варшаву, дзе ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам у будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата. У пачатку 1920-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабуе перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт зноў вяртаецца назад у Варшаву і жыве там на становішчы то дробнага службоўца, то беспрацоўнага.

З 1907 года беларус супрацоўнічае з газетай “Наша ніва”, дасылае з Варшавы туды свае вершы, якія падпісвае псеўданімам Гальяш Леўчык. “Наша ніва” моцна прывяз-вае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі  на пасмяротнае выданне зборніка твораў беларускага паэта Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для “Беларускага кален-дара”, выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы старыя граматы, пячаткі, беларускія выданні. Дапамагае Луцкевічам у Вільні ствараць беларускі музей.

Адзінай беларускай арганізацыяй, якая тады існа-вала ў Варшаве, было зямляцтва студэнтаў-беларусаў Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта, якім апекаваўся вядомы беларускі вучоны Яўхім Карскі. Студэнтам дапамагалі беларусы – жыхары Варшавы, якія мелі сяброўскае згуртаванне. Самым актыўным удзельнікам быў і Гальяш Леўчык. Па словах гісторыка Юры Туронка, у ліпені 1925 года Леўчык быў выбраны сакратаром праўлення Беларускага камітэта ў Варшаве. Памяшканне гэтага камітэта знаходзілася на вуліцы Макатоўскай у доме метадыстаў (дарэчы, у сярэдзіне 1920-х гадоў Гальяш Леўчык захапіўся метадысцкай дзейнасцю). Ён таксама перакладаў на беларускую мову рэлігійныя творы і друкаваў іх у выданнях “Арфа Сыёну”, “Новае жыццё” і “Дух праўды”.

У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, ён заўсёды знаходзіў ім часовую кватэру, запрашаў да сябе ў госці, дапамагаў тым, чым мог. А таксама аказваў бясконцыя таварыскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апякаваўся прыезджымі, гуртаваў у зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся роднай мовы.

У чэрвені 1926 года Гальяша Леўчыка выбіраюць сакратаром створанага ў Варшаве цэнтральнага праўлення Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1930-я гады Гальяш Леўчык быў службоўцам у Найвышэйшым судзе ў Варшаве. Шмат пісаў вершаў і займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. А таксама актыўна выступаў на розных мерапрыемствах з вершамі і прамовамі.

 На фота: Гальяш Леўчык (стаіць справа), Язэп Драздовіч (стаіць злева) у дзвярах, Антон Грыневіч стаіць справа на пярэднім плане, астатнія – невядомыя. 1930-я гады.

Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме. Да яго ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і дзеячка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Міхась Лынькоў, Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Менск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім “Шэўрале” Янка Купала пад’ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў “Першы беларускі рэстаран”, які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці паэтам сустрэцца не давялося.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны паэт знаходзіўся ў Слоніме. А падчас вайны ў 1942 годзе ён вырашыў падацца ў Варшаву, каб выратаваць свой хатні архіў і кватэру. Прыбыўшы туды, Гальяш Леўчык дабраўся да свайго дома. Але ў ягонай кватэры жыла іншая сям’я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так слонімец застаўся без свайго жылля і каштоўнага архіву. У аку-паванай немцамі Варшаве ён галадаў, а ў пачатку 1944 года Гальяша Леўчыка не стала.

Пры жыцці паэт выдаў у Вільні ў 1912 годзе свой адзіны паэтычны зборнік “Чыжык беларускі”, а таксама кнігу перакладаў “Песні духоўныя з Гары Сіонскай” на беларускай мове (Вільня, 1925-1927). Да ягонага 100-годдзя Янка Саламевіч падрыхтаваў кнігу выбраных твораў паэта “Доля і хлеб” (Мн., 1980). А ў 2024 годзе выйшла з друку яго вялікая літаратурная спадчына пад назвай “Божая ліра”.

Паводле СМІ.

Previous article Навіны Германіі. Ініцыятыва Made for Germany плануе вялікія інвестыцыі
Next article О, Беларусь, мая шыпшына!

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202515