Прыхільнікі творчасці заходнебеларускага паэта Міхася Явара з Мастоўшчыны наведалі яго пахаванне на кладах ля вёскі Навасёлкі Луненскага сельсавета. Была акультурана тэрыторыя вакол магілы, аздоблена агарожа, ускладзены кветкі і запалены зьнічы.


Тут жа было прачытана некалькі яго вершаў.
Надалей хочацца распавесці пра гэтага паэта.
Нарадзіўся Міхась Карась у вёсцы Мінявічы цяперашняга Мастоўскага раёна ў 1903 годзе. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе быў у прымусовым бежанстве. Усё ж родныя месцы паклікалі назад. Сям’я вярнулася з бежанства, а тут, перад адступленнем расійскіх войскаў казакі спалілі ўсё, каб немцам не дасталося. Па дарозе дамоў напа-чатку абрабавалі бальшавіцкія памежнікі, а потым польскія. На полі беразнячок пачаў падымацца. Рук не было за што зачапіць. Зямлі мала, а сям’я вялікая: маці, малодшы брат Васіль і сёстры Люба ды Вольга. Міхась пачаў рыбачыць на Нёмне. Ён ведаў рыбныя месцы, вывучыў сакрэты жыравання рыбы ў розныя поры года і пры ўсякім надвор’і. Лавіў рыбы шмат і прадаваў яе гандлярам і службоўцам у мястэчку Луна.
Хоць ён меў трохкласную адукацыю, але лічыўся інтэлегента, не толькі з-за таго, што акуратна апранаўся. Ён вёў вялікую асветніцкую працу, пісаў вершы, якія друкаваліся ў часопісе “Шлях моладзі”, у беларускіх газетах, арганізоўваў вечары п’ес, з песнямі і танцамі, сам цудоўна спяваў.
За рыбу купіў радыёпрыёмнік. У яго збіралася моладзь і слухала перадачы з Менска.
Найбольшую актыўнасць ён выявіў у дваццатыя гады: быў актыўным дзеячам Беларускай Рабоча-Сялянскай Грамады. Ён, выдатны прапагандыст, спявак, паэт, карыстаўся вялікай папулярнасцю ў навакольных вёсак.
Ён кахаў дзяўчыну Анісю, але яе бацькі не жадалі гэтага шлюбу, не хацелі, каб яна рана стала ўдавой, бо Міхась хварэў на сухоты, невылечную ў той час хваробу.
Усе сплялося ў адзін клубок: хвароба і каханне. Магчыма, гэта і стала прычынай трагедыі.
Ён страляўся на беразе Нёмана 24 чэрвеня 1933 года. Сястра намагалася перашкодзіць таму, і куля не патрапіла ў сэрца. Памёр Міхась Явар 27 чэрвеня ў Гарадзенскім шпіталі.
Вярнуць імя забытага паэта ўзяўся заснавальнік будучага Гудзевіцкага дзяржаўнага музея Алесь Мікалаевіч Белакоз.
За ўласныя сродкі ў скульптара Станіслава Быка замовіў бюст паэта і ўстанавіў яго ў музеі. Гэта выклікала гнеў раённага начальства: праверкі, пакаранні.
Толькі пры дапамозе беларускіх пісьменнікаў давялося захаваць бюст у музеі.
У свой час лёсам Міхася Ярава зацікавілася старшыня Луненскага сельсавета Валянціна Мікалаеўна Карповіч. Яе намаганнямі на магіле паэта быў пастаўлены помнік.
Што датычыць літаратурнай спадчыны паэта, то яна амаль уся загінула. Перад смерцю Явар аднёс куфар з вершамі і паэмамі свайму сябру.
Пад час апошняй вайны яго жонка, баючыся, каб немцы не знайшлі тых вершаў, знішчыла ўвесь архіў. Засталося толькі тое, што друкавалася ў заходнебеласускіх часопісах і газетах.
Усю шырыню і глыбіню творчасці Міхася Явара можна ацаніць хаця б з гэтых радкоў:
Гукі далёкія, гукі чароўныя,
Ціха-салодкія, мілыя, роднныя
Песняў тых, з цудоўных, дзіцячых гадоў!
Вас у адзіноцтве я чую ізноў.
Цуднай мелёдыяў мне ў сэрцы граеце,
Час, і гора, і сум праганяеце
Гымнам святым вы пяеце ізноў
З цуднай краіны дзіцячых гадоў!
Віхры халодныя, віхры жыццёвыя,
Зьнішчыць няздольныя гукі вас родныя,
А песні чужынцаў на нашай зямлі
Вас замяніць ніяк не маглі.
Гукі далёкія, мілыя, родныя,
Грайце ж, магутныя, грайце ж, чароўныя
Дзіўнай мелёдыяў у сэрцы маім,
Пакуль яшчэ струны трымаюцца ў ім.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка.
НЕВЯДОМЫ ПАЭТА
Памяці Міхася Явара
Там, у вёсцы здавён невялічкай,
Па-над Нёмна струной гаманлівай,
Недалёка ад шэрай каплічкі –
Невысокім пагоркам магіла.
Там спачыў пад блакітам высокім
Невядомы нікому паэта,
Як яму, як яму адзінока,
Ды сягоння наш сказ не пра гэта.
I
Быў калісьці ён хлопцам удалым,
Песні пеў, як ніхто тут ніколі,
I прасторы яму не ставала,
Не ставала свабоды і волі.
Не хапала паэце кахання,
Не ставала сінечы нябёсаў,
Думкі рваліся ў далеч блукання,
Крокі стылі ў сярэбраных росах.
Невядомы ў далёкім Сусвеце,
Меў ён дар не падлеглы нікому,
Быў славуты і слынны паэце
Ўсё ж на многія вёрсты ад дому.
Тут любілі яго шанавалі,
Тут патрэбны ён быў для народа,
Тут яго ў грамадзе паважалі
За тых песень яго асалоду.
Ды не стала аднойчы паэты,
Сціхлі песні яго назаўсёды,
I магільным пяском разам з гэтым
Верш паэты засыпалі годы.
Шчэ засыпалі мару, і веру,
I да высяў нябесных імкненне,
Стаў паэта нязнаным жаўнерам
Векавечнае бітвы натхненняў.
ІІ
Ён пахованы быў і адпеты,
I, здаецца, што болей сказаць,
Ды ўся сутнасць у тым, што паэты
I па смерці не могуць маўчаць.
Іх магілы па ўсёй Беларусі,
А іх песні ў народа ў душы,
I, напэўна, таму толькі мусіць,
Колькі нас хто ні біў, ні душыў,
Колькі нас не зжывалі са свету
Праз вякі, што ні дзень, што ні год,
Мы таму, што раджалі паэтаў,
Засталіся ў жывых, як народ.
8.07.93 г.
Станіслаў Суднік.

