25 чэрвеня спаўнілася 120 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі (1905-1980).
Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі нашчадкам багатую творчую спадчыну і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, пачэснае месца займае Пятрусь Броўка. Ён доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця краіны, актыўна ўплываў на яго не толькі як творца, але і як сапраўдны летапісец-мастак свайго часу.
Нарадзіўся Пятрусь Броўка ў вёсцы Пуцілкавічы на Ушаччыне ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапры-ходскай школе і вышэйшым пачатковым вучылішчы ў Лепелі. На працягу некалькіх гадоў працаваў перапісчыкам у Вялікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, старшынём Маладолецкага сельсавета. У 1925 годзе ён быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ, з’яўляўся адказным сакратаром газеты “Чырвоная Полаччына”.

У 1931 годзе Пятрусь Броўка скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў 1940 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. А калі пачалася вайна, працаваў інструктарам-літаратарам франтавой газеты “За Савецкую Беларусь”, пуб-лікаваўся ў партызанскім друку. А з 1943 года ён быў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, потым зноў стаў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. У 1948-1967 гадах Петруся Броўку прызначылі старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1967 па 1980 год ён узначальваў выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”, якое цяпер носіць яго імя.


Першыя вершы Петруся Броўкі былі надрукаваны 1926 годзе пад псеўданімам Юрка Баравы ў газеце “Чырвоная Полаччына” і альманаху “Наддзвінне”. З друку пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі “Прамова фактамі”, “Гады як шторм” (абодва 1930), “Цэхавыя будні” (1931), “Прыход героя” (1935) і іншыя. Пятрусь Броўка пісаў пра сяброўства, каханне, радасць працы, узаемаадносіны людзей і іх пачуцці. Паэта цікавілі падзеі не толькі сучаснага яму жыцця, але і грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэмах “Праз горы і стэп” (1932) і “1914” (1935). У зборніках “Вясна Радзімы” (1937), “Шляхамі баравымі” (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка.

Наш кар.

