22 чэрвеня памёр вялікі Беларус – Радзім Гарэцкі.
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (7 снежня 1928, Менск – 22 чэрвеня 2025, Менск) – беларускі геолаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977, член-карэспандэнт з 1972), доктар геолага-мінералагічных навук; грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.
У 1930-я гады Гарэцкія патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі. Радзім Гарэцкі быў у высылцы, жыў і вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжагорску, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш.
Вучобу ў Маскоўскім нафтавым інстытуце Радзім Гарэцкі сумяшчаў з работай геолагам. Пасля яго закан-чэння ў 1952 годзе прыняты ў Геалагічны інстытут Ака-дэміі навук СССР, дзе працаваў да 1971 года, з 1977 года дырэктар гэтага інстытута, старшыня камісіі па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі.
Першыя навуковыя працы прысвяціў тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. З пачатку 1960-х асаблівую ўвагу надае вывучэнню маладых платформ. Па гэтай праблеме ён надрукаваў шэраг прац, сярод якіх выдзяляецца манаграфія “Тэктоніка маладых платформ Еўразіі” (1972). Даследаванні дазволілі высветліць тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў. У выніку даследаванняў Радзіма Гарэцкага і яго калег у 1965 годзе ў Прыараллі быў адкрыты новы газаносны раён.
Важнае месца ў даследаваннях Гарэцкага займае стварэнне тэктанічных карт. Ён актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій да іх. За ўдзел у стварэнні Тэктанічнай карты Еўразіі Радзім Гарэцкі разам з шэрагам вучоных уганараваны ў 1969 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР.
У 1971 годзе пачаўся этап у навуковай дзейнасці Радзіма Гарэцкага, звязаны з Беларуссю. У снежні ён вярнуўся ў Менск і стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У кола яго навуковых зацікаўленняў уваходзілі праблемы тэктонікі старажытных платформ, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі. У 1972 годзе Гарэцкі быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1976 годзе калектыў спецыялістаў пад яго кіраўніцтвам стварыў Тэктанічную карту Беларусі і сумежных тэрыторый маштабу 1:500 000 і манаграфію “Тэктоніка Беларусі”. У 1977 годзе абраны правадзейным членам АН БССР і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.
Важнае месца ў дзейнасці Радзіма Гарэцкага мелі сумесныя працы з замежнымі геолагамі. Радзім Гарэцкі адкрыў Базайскае радовішча ў Заходнім Казахстане.
Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.
З 1992 па 1997 год Радзім Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. Замежны член Расійскай акадэміі навук (1994).
Член Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва».
Актыўны прыхільнік незалежнасці Беларусі.
З 1990 года Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі – член Рады, а з 1993 года прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На Першым з’ездзе беларусаў свету (Менск, 1993) выступіў з агульным дакладам «Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці».
Актыўна працаваў з беларускай дыяспарай, быў адным з арганізатараў з’ездаў беларусаў свету.
Член рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры і інш. У сваіх шматлікіх выступленнях, публікацыях у газетах і часопісах, многія з якіх сабраны ў асобнай кнізе «Шляхам адраджэння» (1997), Радзім Гарэцкі выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры.
У 2000 годзе, сумесна з Генадзем Бураўкіным і Рыгорам Барадуліным, ініцыятар і арганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць.
Бібліяграфія:
Тектонический анализ мощностей. М., 1960 (совм. с А. Л. Яншиным (руск.) бел.).
Тектоника молодых платформ Евразии. М.: Наука, 1972.
Тектоника Белоруссии. Мн.: Наука и техника, 1976 (в соавт.).
Калиеносные бассейны мира. Мн.: Наука и тех-ника, 1988 (в соавт.).
Проблемы нефтегазоносности верхнепротерозойских и палеозойских комплексов Беларуси и Сибири. Мн.: БЕЛГЕО, 2003 (в соавт.).
У кнізе “Ахвярую сваім “Я”… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)” (1998) апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.
У 2013 выйшла кніга публіцыстычных артыкулаў, лірычных замалёвак, мініяцюр і эсэ “Жыццёвы меланж”.
Узнагароды:
Дзяржаўная прэмія СССР 1969 года за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію “Тэктоніка Еўразіі” (Масква, 1966, у суаўтарстве).
Дзяржаўная прэмія БССР 1978 года за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію “Тэктоніка Беларусі” (Мінск, 1976, у суаўтарстве).
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), медалі.
Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н. С. Шацкага.
Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В. А. Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных прац “Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў” (у суаўтарстве).
Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019).
Памёр 22 чэрвеня 2025 года ў Менску.