Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Навіны Германіі. Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі

Навіны Германіі. Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі

26 чэрвеня 2025, 19:10 Гісторыя і краязнаўства 2
Навіны Германіі. Лаўрэш Леанід.  Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі

Восенню 1915 года ваеннае міністэрства Германіі (Kriegsministerium) пачало працу, накіраваную на распрацоўку правілаў ушанавання памяці загінуўшых жаўнераў. Зыходным пунктам яе было накіраванне на ўсходні фронт інспекцыйных камісій, якія складаліся  з архітэктараў, мастакоў, садаводаў, фатографаў і г.д., задачай якіх было азнаёміцца з мясцовымі ўмовамі і стварыць агульную канцэпцыю і дэталёвыя правілы ўладкавання ваенных могілак і іншых мемарыяльных аб’ектаў. Задачай фатографаў была фотадакументацыя ўсіх наведаных магілаў і могілак, на жаль, большасць зробленых у той час фотаздымкаў была знішчана падчас Другой сусветнай вайны.

Першая паездка камісіі Ваеннага міністэрства мела за мэту ацэнку колькасці, месцазнаходжання і стану магіл загінуўшых на Усходзе жаўнераў, а таксама выпрацоўку правіл іх ушанавання. Другая паездка адбылася паміж 15 студзеня і 13 лютага 1916 г.

У абедзвюх інспекцыях, праведзеных па даручэнні ваеннага міністэрства, удзельнічалі розныя спецыялісты, членам другой экспедыцыі стаў скульптар Ульферт Ген-рых Янсен (Ulfert Heinrich Jassen) прафесар Вышэйшай тэхнічнай школы (Hochschule fur Technik) у Штутгарце. Хутчэй за ўсё, гэта была яго першая паездка ва ўсходнюю Еўропу, але далейшы лёс яго звязаны з гэтымі абшарамі.

Пры пошуках пахаванняў загінуўшых жаўнераў асаблівае значэнне надавалася дакладнаму вызначэнню месца пахавання канкрэтнага жаўнера, што матывавалася ў тым ліку і клопатам пра сваякоў, якія, захочуць наведаць магілу ў будучыні. Гэтым абгрунтоўвалася выкарыстанне жаўнерамі персанальных бірак, інфармацыя з якіх была ідэнтычнай з жаўнерскімі кніжкамі.

Цяжка вызначыць і ацаніць маштабы эксгумацыі парэшткаў з палявых магіл і пераносу іх на новаствораныя могілкі. Лічыцца, што 50-60 % парэшткаў загінуўшых былі эксгуміраваны і перавезены на вайсковыя могілкі, якія ствараліся адмыслова для гэтага. Пры тым, калі могілкі размяшчаліся на некаторай адлегласці ад будынкаў і былі акружаныя землянымі валамі, яны лічыліся месцам канчатковага спачыну парэшткаў эксгумаваных з палявых магіл. Неабходнасць землянога вала, як аднаго лепшых рашэнняў для абазначэння межаў могілак, вясной 1916 г., падчас Берлінскай канферэнцыі (17-18 сакавіка 1916 г.) прысвечанай гэтай праблеме, была ўнесена ў інструк-цыю, датычную праектаў вайсковых могілак.

Пры перамяшчэнні парэшткаў з часовых магіл праводзілася праверка і спроба ўстанаўлення асобы загінуўшага. Пахавальным аддзелам было даручана фіксаваць фізічныя характарыстыкі перададзеных парэшткаў: памер цела, колер валасоў, наяўнасць барады і татуіровак, стан зубоў і тып пашкоджанняў, якія прывялі да смерці. Збіраліся пагоны, біркі, нашыўкі на вопратцы і бялізне, асабістыя рэчы: гадзіннікі, ланцужкі, пячаткі, заручальныя пярсцёнкі, кашалькі, партсігары, кнігі, нататнікі, фатаграфіі, пашпарты і іншыя дакументы. Для нямецкага ўсходняга фронту былі характэрны знаходкі лістоў у бутэльках або баваўняных мяшочках, пахаваных разам з загінуўшымі, у якіх баявыя таварышы запісвалі інфармацыю пра іх. Запіскі і ўсе знойдзеныя прадметы адпраўляліся назад у Галоўную ўправу могілак ваеннага міністэрства для перадачы сем’ям. У выпадку эксгумацыі парэшткаў жаўнераў царскай арміі існаваў абавязак прачытаць надпісы на медальёнах і іншых асабістых рэчах з дапамогай перакладчыка, а калі гэта было немагчыма, дык старанна перапісаць ці перамаляваць надпіс кірыліцай1.

Галоўная ўправа могілак дзялілася на дэпартаменты. 5-ты Мастацкі дэпартамент у галіне будаўніцтва і ўтрымання ваенных могілак у Беластоку меў пад апекай прыкладна 15 – 170000 магіл на, каля 30 буйных могілках, і пастаянную каманду з сарака жаўнераў у сваім распараджэнні, якія мелі вопыт работы, звязанай перазахаваннем і будаўніцтвам ваенных могілак2. Менавіта гэты дэпартамент займаўся Лідчынай.

У 1916 г. вайсковыя могілкі былі заснаваны ў Лідзе недалёка ад Паўночнага вайсковага гарадка (зараз – каля СШ № 6). Могілкі агарадзілі невысокім мурам. Па правым баку знаходзіліся магілы нямецкіх і аўстрыйскіх жаўнераў, па левым – расійскіх, парэшткі якіх сабралі па палях пасля заканчэння баёў вакол Ліды. На магілах расійскіх жаўнераў меліся надпісы: “Невядомы жаўнер расійскай арміі” ці проста “Невядомы”. Цікава, што асобна былі пахаваны чэхі – жаўнеры аўстра-венгерскай арміі і палякі – жаўнеры нямецкай ці аўстра-венгерскай арміі. У канцы могілак з паўднёвага боку недалёка ад выязной брамы ўсталявалі прыгожы помнік у форме піраміды, якая, як пісаў ў 1936 г. лідскі краязнавец Аляксандр Снежка, “.. пабудавана з пэўным мастацкім густам з вялікіх груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды ляжыць паміраючы жаўнер, адліты з жалеза, пад ім выразаны надпіс “Fur das Vaterland” (“За Бацькаўшчыну”)3.

Скульптура паміраючага рымскага воіна для лідскіх могілак была выраблены ў 1917 г. прафесарам Ульфертам Янсенам у беластоцкай майстэрні мастацкага дэпартамента. Бронзавая статуя з’яўлялася часткай помніка загінуўшым на вайсковых могілках у Лідзе. У 5-тым Мастацкім дэпартаменце ствараліся макеты помнікаў загінуўшым жаўнерам для патрэб шматлікіх могілак на падпарадкаванай тэрыторыі. Аднак падчас візіту ў канцы 1917 г. члены міністэрскай камісіі асабліва зацікавіліся скульптурай паміраючага воіна. Гэтая створаная ў Беластоку бронзавая статуя, была перавезена і размешчана на могілках жаўнераў нямецкай, рускай і аўстра-венгерскай армій у Лідзе.

Падчас Першай сусветнай вайны прафесар Янсен служыў шарагоўцам у Мастацкім аддзеле Беластоцкага дэпартамента, быў  прызваны ў войска ў 1916 годзе4. Лічылася, што лідскі помнік аддаваў даніну павагі ўсім, хто незалежна ад свайго паходжання, кожны за сваю радзіму, загінуў у баях. Могілкі былі спраектаваны па ўзору  могілак у Звежынецкім лесе, што ў Беластоку.

Трэба сказаць некалькі слоў пра прафесара, скульптара Ульферта Янсена5. (11.12.1878-19.02.1956). Янсен з 1899 па 1902 г. вучыўся у Браўншвайгскім тэхнічным універсітэце і ў Мюнхенскай мастацкай акадэміі. У 1911 г. стаў прафесарам мадэлявання і натурнага малюнка на кафедры архітэктуры Штутгарцкага тэхнічнага ўніверсітэта. У 1909 г. атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Мюнхене, у 1911-1945 гг. – прафесар Тэхнічнай школе мастацтваў Штутгарта, спецыялізацыя – малюнак з натуры і лепка. У 1950-х гг. удзельнічаў у выставах. Працы парфесара захоўваюцца ў музеях Мюнхена, Штутгарта, Дармштадта, Нюрнберга, Дзюсельдорфа, Ульма, Аўгсбурга, Берліна і Рыма. Амаль усё сваё прафесійнае жыццё мастак правеў у Штутгарце.

 

Аўтар выказвае падзяку гісторыку Юрыю Тамковічу.

 

1 Malgorzata Karczewska, Sto lat bede trwac bez opieki niczyjej… Cmentarze wojenne z czasow I wojny swiatowej w Bialymstoku i powiecie bialostockim, Osrodek Badan Europy Srodkowo-Wschodniej, seria Archeologia Pamieci, t. II, Bialystok 2017. S. 43-44.

2 Там жа. S. 46, 49.

3 Гл: Лаўрэш Л., Лаўрэш Г. Там, дзе спыніўся час… . Лідскія гістарычныя некропалі. 2024. С. 32-38.

4 Maдgorzata Karczewska, Sto lat bуdу trwaс bez opieki niczyjej…  S. 46-49.

5 Там жа. S. 48-49.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Далучайцеся да нас