Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Невялікая замалёўка пра мову

Невялікая замалёўка пра мову

29 мая 2025, 20:23 Мова 28
Невялікая замалёўка пра мову

Неяк у свой час ў мяне міжволі з’явілася думка: “Я нарадзіўся ў Беларусі, жыву і працую ў Беларусі, скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, першае слова ў назве якой “Беларуская”, і пры гэтым дрэнна ведаю найгалоўны духоўны скарб любога народа – нацыянальную мову”. З тых часоў я больш пільна пачаў цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. За годы жыцця давялося пабываць ў розных кутках Беларусі і ў замежжы. У мяне з’явіліся новыя цікавыя сябры і аднадумцы. Беларуская мова і ўвогуле беларушчына зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, разумець прыгожае, шанаваць родную мову, любіць і берагчы Радзіму. Больш таго, менавіта веданне Роднай мовы неаднойчы дапамагло мне ў разнастайных жыццёвых варунках. Вось толькі некалькі выпадкаў.

Сярод базарнага натоўпу ў адным з абласных цэнтраў да мяне падышла жанчына, па-выглядзе – цыганка, і пачала наступную размову:

– Молодой-красивый, дай погадаю, всю правду расскажу!

У адказ я прамовіў:

– Прабачце, я не разумею, што вам патрэбна. Калі ласка, гаварыце па-беларуску.

– Ой, все-то ты понимаешь, дай руку, что было, что будет, всё расскажу…  .

Я, як мог, упэўнена і спакойна адказаў:

– Шаноўная спадарыня, мне вельмі цяжка размаўляць па-расійску. Калі ласка, калі вам нешта патрэбна ад мяне, гаварыце па-беларуску.

У выніку жанчына засмучана адышла і напэўна пайшла шукаць іншага кандыдата на ашуканства.

Потым была паездка ў суседнюю Польшчу. Збіраючыся ў падарожжа, на ўсялякі выпадак, я захапіў расейска-польскі слоўнік. І вось знаходзячыся ў горадзе Любліне па асабістых справах я наведаў мясцовае аддзяленне пошты. З дапамогай слоўніка я звярнуўся да дзяўчыны, супрацоўніцы гэтай установы, і паспрабавў размаўляць нібыта “па-польску”. У адказ дзяўчына прыгожа ўсміхнулася, а потым я пачуў наступнае:

– Пан, не мучайся, гавары па-беларуску.

Я быў вельмі здзіўлены. Я быў ахоплены вельмі моцнымі станоўчымі эмоцыямі. У выніку далейшая размова пайшла лёгка і галоўнае мела станоўчы вынік для мяне.

І вось адзін з апошніх выпадкаў. У апошні час вельмі актывізаваліся тэлефонныя ашуканцы. Ужо некалькі разоў яны тэлефанавалі і да мяне. На кожнае пытанне, з якім яны звярталіся, я адказваў на беларускай мове. У выніку наша размова ну неяк не атрымлівала лагічнага працягу. Суразмоўца, не разумеючы маіх адказаў, бянтэжыўся, і наш дыялог спыняўся. Такім чынам, наша Родная мова не раз мне дапамагала і абараняла ад падману.

Алесь Грудзіна.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5431
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2617
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
Далучайцеся да нас