Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Беларускі пясняр з Беласточчыны

Беларускі пясняр з Беласточчыны

18 красавіка 2025, 14:25 літаратура 11
Беларускі пясняр з Беласточчыны

Ёсць, можа, мовы яшчэ прыгажэйшыя,

Я ж паўтараць безупынку гатоў:

Мне наймілейшая, найдаражэйшая,

Найласкавейшая – мова бацькоў…

 

Гэтыя радкі належаць цудоўнаму чалавеку, паэту, публіцысту і беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу з Беластока Віктару Шведу (1925-2020), якому 23 сакавіка адзначылі 100-гадовы юбілей.

З Віктарам Шведам я сябраваў больш за 30 гадоў. Напісаў і апублікаваў пра яго творчасць шмат артыкулаў, а ў менскім выдавецтве “Кнігазбор” у 2015 годзе выдаў кнігу пра яго жыццё і творчасць “Мора Віктара Шведа”.

Мора – гэта родная вёска Віктара Шведа на Беласточчыне. Гадоў пятнаццаць таму мы трымалі ў руках яго прыгожую, з абвостраным пачуццём кнігу вершаў “Адплываем з Мора”. Ужо тады паэт пісаў, што амаль ўсе яго сваякі з роднай вёскі Мора адплылі ў іншы свет, а цяпер наступае і яго чарга. Я напісаў артыкул пра той зборнік вершаў і назваў яго “Адплываць з Мора яшчэ рана”. Ды куды адплываць, калі наперадзе ў яго было шмат спраў, планаў, літаратурных задумак і адкрыццяў. Эрнэст Хэмінгуэй некалі напісаў празаічны твор “Стары чалавек і мора”. Калі б сёння жыў прадзядуля Хэмінгуэй, і калі б ён сваё апавяданне прысвяціў Віктару Шведу, то ён яго назваў бы не інакш, як, магчыма, “Малады чалавек і Мора”. Бо Віктар Швед тады, нягледзячы на свае дзевяць дзесяткаў гадоў, заўсёды адчуваў сябе маладым, прыгожым, шчаслівым, натхнёным, што нам, маладзейшым літаратарам, заставалася толькі яму пазайздросціць, браць з яго прыклад, вучыцца ў яго літаратуры, цярпенню і аптымізму. А роднае Мора заўсёды натхняла яго на новыя творы, вяртала ў маленства і юнацтва, якія не давалі яму старэць і падаць духам. Вось такі быў ён, Віктар Швед – беларускі пясняр з Беластока.

У маленстве хлопчык Віця вымушаны быў сядзець з хворымі на грозную трахому вачыма ў цемры дзедавай хаціны са шчыльна завешанымі дзяружкамі малымі акен-цамі. І толькі ў чатырохгадовым узросце ўпершыню змог ён убачыць белы свет, які зачараваў яго да такой ступені, што не мог ён не ўсхваляць гэтага чароўнага свету. Таму яшчэ ў дашкольным узросце, пасвіўшы з вясковымі жэўжыкамі каровы, паўтараў Віця з памяці рыфмаваныя куплеты ў мясцовай гаворцы роднай вёскі Мора, чым здзіўляў сваіх сяброў.

Будучы вучнем пятага класа польскай пачатковай школы ў мястэчку Орля, пачаў хлопчык пісаць вершы на польскай мове. Пазнаёмілася з імі настаўніца Гелена Ціжахова і ўпершыню назвала Віцю , “паэтам”.

Падчас савецкай улады ў школьныя 1939-1941 гады, быў ён у мястэчку Орля вучнем беларускай дзесяцігодкі, у якой усе прадметы вывучаліся на беларускай мове, на якой стаў юны Швед пісаць вершы і быў скіраваны школай са сшыткам сваіх твораў на алімпіяду дзіцячай творчасці ў Бельску-Падляшскім.

У пасляваенны перыяд паглыбляў юнак свае моўныя і літаратурныя веды ў беларускіх школах у Гайнаўцы і ў Бельску-Падляшскім, а пазней – на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.

Працуючы рэдактарам у кніжным выдавецтве “Кsiazka i Wiedza” ў Варшаве, Віктар Швед зрэдку друкаваў уласныя вершы ў сваім перакладзе на польскую мову ў адрыўных календарах, якія выдаваліся мільённымі тыражамі. На жаль да 1956 года не было ў Польшчы магчымасці друкавацца на беларускай мове, а яны не мелі ў той час аніякіх кантактаў з Беларуссю.

Пасля польскай “адлігі” ў 1956 годзе, польскія ўлады пачалі заўважаць у Польшчы існаванне нацыянальных меншасцей. Былі пакліканы да жыцця меншасныя аргані-зацыі, у іх ліку і Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і яго друкаваны орган – беларускамоўны тыднёвік “Ніва” ў Беластоку. Уключыўся і Віктар Швед у арганізацыю беларускага культурнага жыцця, навязаў кантакты з беларускім тыднёвікам і ў 1957 годзе стаў яго штатным рэдактарам. Нічога тады дзіўнага не было, што на той час прыпаў яго спознены творчы дэбют.

Віктар Швед жыў і працаваў у Варшаве сорак гадоў, і за гэты перыяд з’явілася толькі тры яго паэтычныя кніжкі. Ніхто паэта не здолеў вырваць з беларускага грунту на Беласточчыне, так глыбока запусціў ён там свае ка-рэнні. Таму не дзіўна, што жывучы ў Варшаве, спадар Віктар пастаянна ўслаўляў сваю малую айчыну-Беласточчыну, а варшаўскай тэматыцы прысвяціў невялікую частку сваіх твораў. Каб не адчуваць сябе адзінокім у польскім асяроддзі, працаваў ён у Варшаўскім аддзеле БГКТ. Аддзел налічваў каля 300 сяброў, напалову былі гэта студэнты вышэйшых навучальных устаноў Варшавы. Арганізавалі яны клубную культурна-асветную працу, праводзілі лекцыйную дзейнасць з беларускай тэматыкай. Наладжвалі аўтарскія сустрэчы з беларускімі і польскімі пісьменнікамі, якія пражывалі ў Варшаве і з пісьменнікамі Беларусі, якія наведвалі Варшаву. Адбыліся сустрэчы з Максімам Танкам, Пятром Глебкам, Уладзімірам Караткевічам, Адамам Мальдзісам, Алегам Лойкам, а таксама з многімі навуковымі супрацоўнікамі з Беларусі. У сваім зборніку , “Мае Айчыны” (Беласток, 2003) паэт сцвярджаў, што ён надта багаты, меў аж тры айчыны: Польшчу, якая яго ўзгадавала, адукавала і дала працу, Беларусь, якая яго натхняла да творчай дзейнасці, і малую айчыну – Беласточчыну, якую ён услаўляў у сваіх вершах, якая з’яўляецца яго калыскай і стала яго спачынам. Толькі ў пенсійны перыяд ён пераехаў на Беласточчыну, дзе і разгарнуў свае крылы, выдаючы дзесяткі сваіх кніг.

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Да болю Віктару Шведу былі патрэбныя кантакты з Беларуссю, з яе творчым асяроддзем. Патрэбныя былі гутаркі з людзьмі, літаратурныя навінкі. Першы раз пабываў паэт ў Менску ў 1957 годзе, калі вяртаўся з Масквы з сёмага Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў. Вельмі папулярная і вядомая ў той час у Беларусі была цёця Уладзя, жонка Янкі Купалы. Яна прыняла яго даволі сардэчна і пазнаёміла з Купалаўскім музеем у Менску. Быў ён знаёмы з таленавітымі беларускімі пісьменнікамі, якія ўжо адышлі ў вечнасць: Ларысай Геніюш, Канстанцыяй Буйло, Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Пятром Глебкам, Піліпам Пестраком, Алесем Адамовічам, Янкам Брылём, Алегам Лойкам, Аляксеем Карпюком, Барысам Сачанкам. Вельмі добра беларускі літаратар з Польшчы ўспрымаў кантакты і сябраваў з Вольгай Іпатавай, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам, Уладзімірам Казбяруком, Уладзімірам Някляевым, Янкам Саламевічам, Сяргеем Панізьнікам, Іванам Пташнікавым, Сяргеем Законнікавым, Анатолем Вярцінскім… У сардэчных адносінах знаходзіўся з выхадцам з Беласточчыны Яўгенам Міклашэўскім, які быў рэдактарам трох яго зборнікаў. Адам Мальдзіс напісаў сцэнарый да тэлефільма аб яго творчасці, які паказала Беларускае тэлебачанне ў 1990 годзе. Сябраваў Віктар Швед таксама з многімі пісьмен-нікамі суседняй Гародні. Юрка Голуб апублікаваў інтэрв’ю з ім на старонках “Гродзенскай праўды”, Марыя Шаўчонак апрацавала тэлефільм з нагоды яго сямідзесяцігоддзя і прысвяціла верш. Ён цешыўся, што ў апошнія гады бываў у Беларусі даволі частым госцем.

Сустракаўся Віктар Швед у сваім жыцці з цікавымі і таленавітымі беларусамі. Прывозіў ён з чэхаславацкай Прагі на гастролі на Беласточчыну славутага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага. Ездзіў у Вільню да вядомага беларускага мастака Пятра Сергіевіча і апублікаваў у беларускім тыднёвіку “Ніва” грунтоўную працу пра яго творы. Знаходзячыся ў Маскве, адведаў пісьменнік таленавітую паэтку Канстанцыю Буйло, з якою зрабіў інтэрв’ю для “Нівы”. Падпісала яна яму свой паэтычны зборнік “Май” з прасвячэннем: “Віктару Мікітавічу Шведу на добры ўспамін. Масква, 10 студзеня 1984 г.”. Цешыўся Віктар, што яшчэ ўбачыўся з паэткай перад яе адыходам у вечнасць. А яе верш “Люблю наш край” стаўся беларусам Беласточчыны народным гімнам, які і сёння спяваецца на ўсіх беларускіх культурных мерапрыемствах у Польшчы.

Быў знаёмы Віктар Швед таксама з вядомым беларускім пісьменнікам Васілём Быкавым, які знаходзіўся ў складзе беларускай урадавай дэлегацыі, якая наведала Беласток у 1993 годзе. Паразмаўлялі яны сардэчна, і Віктар падпісаў пісьменніку свой паэтычны зборнік “Родны схоў”.

У розных жыццёвых абставінах Віктар Швед заставаўся шчырым беларусам. Пра гэта паэт адкрыта і публічна сказаў ажно ў 1957 годзе, калі ў беларускім тыднёвіку “Ніва” (Беласток) апублікаваў свой першы верш “Я – беларус”. А потым пра тое, што ён – беларус, што мова наша беларуская, што мы павінны гэтым ганарыцца, паэт піша ў кожным сваім паэтычным зборніку. Нацыянальная тэма скразной лініяй праходзіць праз усю творчасць Віктара Шведа:

Мы жыць не хочам у няволі.

І беларускай роднай мовы

Не адцураемся ніколі.

Памерці за яе гатовы…

 

Віктар Швед – быў пясняром беларускай вёскі на Беласточчыне. Сваёй роднай вёсцы Мора ён прысвяціў дзесяткі паэтычных радкоў. Шмат настальгічных вершаў па вясковаму маленству і юнацтву, па тых гадах, калі беларуская вёска сапраўды была вялікай, гамандлівай, таленавітай, народнай і дружнай. Толькі сапраўдны паэт мог так апісаць вёску свайго маленства, як гэта рабіў неаднойчы Віктар Швед. Ну, скажыце, чым не хрыстаматыйныя радкі:

Дзедаўская хата

Поўна экспанатаў.

З карэнняў калыска,

Гліняная міска,

Драўляная лыжка,

Двайная гладышка,

Святыя іконы,

Круглы серп зублёны,

Вялікія кросны,

Кадаўбец дзівосны,

Каменныя жорны,

Дзяжа на хлеб чорны,

Стары калаўротак,

Са сноўніцай мотак,

Гладка качалка,

Крэсіва-запалка…

 

Віктар Швед са сваёй мілай спадарыняй Валянцінай быў вельмі шчырым, адкрытым і адказным у любой справе. З імі адчуваўся аптымізм, надзея і вера ў самае светлае і добрае. Аптымізм уласцівы і паэзіі Віктара Шведа. Не бяздумны, як скажам у вядомага героя вальтэраўскай аповесці “Кандыд” Панглоса з яго філасофіяй: “Усё, што на свеце ні робіцца – на лепшае”, а жыццёва дзейсны. І таму нам блізкі і зразумелы клопат паэта пра заўтрашні дзень Беларусі, роднай мовы, беларусаў, калі ён піша:

Таму сэрца маё суму поўнае,

Чаму так у нас бесталкова?

Чаму Беларусь рускамоўная,

Калі маем уласную мову?..

 

Дабрата, шчырасць, інтэлігентнасць духу – вось тыя рысы, якія вызначалі характар так званага лірычнага героя Віктара Шведа. Гэтыя рысы прысутнічаюць у збор-ніках вершаў “Жыццёвыя сцежкі” (1967), “Дзяцінства прыстань” (1975), “Дружба” (1976), “Мая зялёная Зубровія” (1990), “Родны схоў” (1991), “Wiersze wybrane” (1997), “Выбраныя вершы” (2000), “Lata wiatr skrzydlaty” (2000), “Мае Айчыны” (2003), “Адплываем з Мора” (2010) і ў іншых. Віктар Швед ніколі не мудрагеліў у паэзіі, не філасофстваваў над праблемамі і чалавечым жыццём наогул, а таксама ў напісанні і пабудове саміх вершаў. Ён заўсёды быў і заставаўся прыхільнікам традыцыйнай паэзіі:

На свеце мы жывём не вечна,

Усе мы госці тут навокал.

Таму павінны чалавечнасць

Мы праяўляць на кожным кроку…

Чытаючы сёння вершы Віктара Шведа, адчуваеш жывую душу чалавека, яго імкненне сказаць сваё запаветнае. Яго вершы абуджаюць думку і пачуццё. Паэтычны свет беларускага паэта з Беластока – гэта свет сціпласці, стрыманых пачуццяў і замілавання някідкай прыгажосцю жыцця. Паэт – у лепшых і найбольш характэрных для яго творах – настройваў нас на хвалю нейкай асаблівай спагадлівасці, даверлівай шчырасці. З ім, з яго лірычным героем прыемна было быць побач: радавацца жыццю і перажываць яго неўладкаванасць, верыць у шчасце, у будучыню, смуткаваць аб праляцеўшай маладосці і трывожыцца за будучыню не толькі Беларусі, а ўсяго свету, арганічна і проста быць сваім сярод людзей, сваім і пры нялёгкім успаміне, і ў хвіліну весялосці:

А калі ў мяне стомяцца ногі,

Я згару ад жыццёвых трывог,

Хай апошняя сцежка-дарога

Прывядзе на бацькоўскі парог. 

 

Паэт заўсёды верыў людзям і жыццю. Ён стараўся прапаведаваць шчырасць і натуральнасць чалавечых узаемаадносін і заўсёды гарнуўся душою да нас, яго чытачоў, запрашаючы да ўзаемнасці і паразумення.

Шмат вершаў Віктар Швед прысвяціў сваім землякам, сябрам, знакамітым беларусам, якія жылі з ім побач. Многіх з іх ён асабіста ведаў, сустракаўся, сябраваў. Праз яго паэтычныя радкі праходзяць такія асобы, як прафесары Васіль Белаказовіч і Антаніна Амбрэмская-Яблонская, Васіль Быкаў, Кастусь Майсеня, Ада Чачуга, Яўген Міклашэўскі, і дзесяткі іншых асобаў. Ён напісаў і апублікаваў шэраг артыкулаў-успамінаў пра тых людзей, якіх ведаў у Польшчы, у Беларусі і ў іншых краінах свету.

Віктар Швед у сваіх вершах заўсёды паэтызаў па-годненасць сэрцаў, узаемны давер і рашуча адмаўляў няшчырасць і здраду. Без суладдзя з дабратой, чалавечнасцю для яго немагчымы быў свет, разбураліся сувязі не толькі паміж людзьмі, але і паміж чалавекам і прыродай:

Калі цябе не любяць людзі,

Дык ты нікога не віні.

Адмоўна аб табе ўсе судзяць,

Бо ты пазбаўлен дабрыні.

 

За сваё жыццё Віктар Швед наладзіў сотні сустрэч з дарослымі чытачамі, з землякамі, са студэнтамі і школьнікамі. Найбольш у яго было літаратурных спатканняў з юнымі чытачамі. І юным чытачам, як я не памыляюся, ён прысвяціў і напісаў 9 сваіх кніг. Цыкл вершаў для дзяцей паэта былі апублікаваныя ў падручніку для беларускіх дапаўняльных школ “Чытанка” (Нью-Ёрк, 1968). Яго дзіцячыя вершы змяшчаны таксама ў падручніках для пачатковых беларускіх школ у Польшчы. Ён разам з Алесем Барскім з’яўляецца аўтарам падручнікаў для 8 класа пачатковых беларускіх школ “Дружба і праца” (Варшава, 1967) і “Насустрач жыццю” (Варшава, 1974) і многіх іншых. Вершы для дзяцей Віктара Шведа пастаянна друкаваліся ў “Ніве” і на старонках “Зоркі”, у літаратурных альманахах, беларускіх календарах. Напрыклад, у “Беларускім календары” (Беласток, 1970) былі надрукаваны некалькі дзесяткаў вершаў для дзяцей, да якіх музыку напісаў Эдуард Гойлік.

Пра дзіцячую творчасць Віктара Шведа цікава піса-лі Надзея Панасюк, Тарэза Занеўская, Пётр Маляўка і іншыя крытыкі. Падабаюцца і мне дзіцячыя вершы Віктара Шведа. Асабліва люблю чытаць і перачытваць яго зборнікі “Дружба” (1976), “Вясёлка” (1991), “Вершы Натальцы” (1998) і “Смяшынкі” (2009). Неяк дачка Віктара Шведа Наталля Швед сказала, што тата, “вельмі ціхая, спакойная асоба. Заўсёды ў сваім свеце…”. А свет паэта вядомы – гэта новыя творы, гэта задумкі, планы, тэмы. Ён жыў літаратурай, без яе яму жылося б сумна і нецікава.

Вершы Віктара Шведа для дзяцей нас вяртаюць у краіну Дзяцінства і Маленства. Яны не даюць сумаваць ні дзецям, ні дарослым. Асабліва вершы-смяшынкі. Іх аўтар за сваё жыццё напісаў даволі шмат. Гэта вершы-дыялогі, міні-сцэнкі, міні-ўсмешкі. Альбо паэт смяшынку дзесьці чуў, альбо чытаў, а пасля яна ажывала ў яго паэтычных радках з рытмам і рыфмаю. І яны чытаюцца да сённяшніх дзён весела, проста і лёгка. І гэтыя вершы-смяшынкі Віктара Шведа на самыя розныя тэмы: сям’я, школа, вуліца, сяброўства, прырода, любоў да кнігі, да мастацтва. Вось верш пра хлопчыка Мішку, які прыехаў у кнігарню купіць цікавую кнігу. Аўтар у вершы, на маю думку, высмейвае больш ветлівую прадаўшчыцу і ганарыцца кемлівасцю хлопчыка. Другая страфа ў вершы гучыць так:

– Лёгкую ці цяжэйшую

Выбраць табе, каб ведаў?

– Вага не найважнейшая,

Прыехаў я веласіпедам.

 

Вершы-смяшынкі Віктара Шведа дапамагаюць лепш зразумець маленькага чалавека, звярнуць увагу на эстэтычнае і этычнае выхаванне дзяцей, на арганізацыю іх гульняў і захапленняў, вучобу і адпачынак. А самае галоўнае – як бы аўтар пакінуў чытачам магчымасць глянуць на свет дзіцячымі вачыма, але цяпер ужо дарос-лага, з багатым жыццёвым вопытам, прайсціся да сябе самога сцежкаю памяці і ўсміхнуцца голасна:

Бацька вучыць:

– Сыночак,

Чаму ясі і балбочаш?

У памяці запішы:

Калі ясі – не брашы.

Нават сабака Лыска

Не брэша над поўнай міскай.

– Але сабака, тата,

Не мусіць есці шпіната.

 

Дарослым гэтыя радкі – яшчэ адна магчымасць для сур’ёзнага роздуму: можа, не трэба быць заўсёды вельмі строгімі са сваімі дзецьмі. Бо не спецыяльна ж яны робяць некаторыя ўчынкі, якія намі не прымаюцца. Проста ў іх так атрымалася, так выйшла, так захацелася. Бо яны ж – дзеці!

Пры прачытанні вершаў-смяшынак Віктара Шве-да дзеці лёгка знойдуць саміх сябе, сваю штодзённую рэчаіснасць, свае першыя дзіцячыя адчуванні і мары, якія з узростам забываюцца і знікаюць. А яны не павінны знікаць, паколькі нашыя дзіцячыя ўспаміны, мары робяць наш унутраны свет прыгажэй-шым, робяць нас цікавейшымі, дабрэйшымі. Не дарма ж, кожнаму чалавеку ў жыцці даецца дзяцінства:

Кандуктар бацькоў

Запытаў у цягніку:

– Колькі гадкоў

Вашаму сынку?

Маленькі Аркадзь

Адказвае шчыра:

– Дома гадкоў пяць,

А ў цягніку – чатыры.

 

У сваіх вершах-смяшынках паэт закранаў і маральна-этычныя праблемы. Тонкім гумарам, цёплым лірыз-мам, уменнем зацікавіць юных чытачоў займальным сюжэтам вылучаюцца таксама многія паэтычныя смяшынкі аўтара. Тонка адчуваў паэт і спецыфіку твораў для дзяцей – у іх ён удала спалучаў прастату і непасрэднасць з маральным максімалізмам.

Для многіх вершаў-смяшынак Віктара Шведа характэрны жарт і дасціпная ўсмешка. Для вершаў паэта таксама ўласціва іранічная ўсмешка ўмудронага вопытам чалавека, які многае перажыў і не страціў пачуцця здзіўлення дзіцячай непасрэднасцю. Паэт умеў шчырым і душэўным словам выклікаць давер юнага чытача. Для яго творчай манеры характэрна было жаданне зразумець асаблівасці дзіцячага свету. Веданне псіхалогіі дзяцей і шматгадовыя назіранні Віктара Шведа за імі спрыялі нараджэнню цікавых вершаў, якія без усмешак чытаць немагчыма і сёння. Ну, напрыклад, вось гэты верш “Быццам у камісарыяце”:

Пытае мама сынка Колю:

– Як адчуваеш сябе ў школе?

Адказвае сыночак маці:

– Быццам у камісарыяце.

Там, мая мама дарагая,

Усё пытаюць і пытаюць.

Пытаюць часта, надта многа,

А я не ведаю нічога.

 

Пра школу ў Віктара Шведа найбольш напісана вершаў-смяшынак. Пра ўсе ўрокі і прыгоды, узаемаадносіны настаўнікаў і вучняў, пра двоечнікаў і гультаёў, пра бацькоў і іх дзяцей-школьнікаў і г.д. Усе яны чытаюцца з гумарам, выклікаюць усмешкі на тварах, настрой і захапленне чытаць іх больш. Зборнікі паэта для дзяцeй – гэтa шкoлa дaбpыні, cпpaвядлiвacцi, гyмaнiзмy. Шкoлa пpыгaжocцi poднaй бeлapycкaй мoвы, бeлapycкaгa гумару, дa якix ён cтaвiўcя з вялiкiм зaxaплeннeм, як і да ўсёй беларускай літаратуры і творчасці.

У 2015 годзе ў Беластоку з друку выйшаў першы том успамінаў, згадак і вершаў Віктара Шведа “З Мора ў горад”. Ён складаецца з дзесяці раздзелаў. У іх аўтар апісаў свой жыццёвы і творчы шлях, пакінуў успаміны пра Ўладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Васіля Белаказовіча, Мар’яна Пецюкевіча, Янку Жамойціна, Уладзіміра Казберука, Серафіма Андраюка, Аляксея Карпюка, Міхася Забэйду-Суміцкага і іншых вялікіх асобаў Бацькаўшчыны. Другі том “З горада ў Мора” (2020) склалі артыкулы розных гадоў пра беластоцкіх і варшаўскіх беларусаў, пра іх кнігі і даследаванні, пра тыя беларускія падзеі і культмасавыя мерапрыемствы, якія пасля вайны адбываліся ў Польшчы і г.д. 

Сёння пра творчасць беларуса-песняра Віктара Шведа з Беластока можна разважаць доўга. Бо за сваё жыццё было перажыта, напісана і надрукавана вельмі шмат. Паэт заўсёды даражыў творчай радасцю, верыў у беларускае слова, яго вялікія магчымасці і дзейсную сілу. Ён моцна любіў Беларусь і свой народ, а беларусы паважалі і любілі яго.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Фотаздымкі з архіва аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Далучайцеся да нас