Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа

160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа

29 сакавіка 2025, 06:40 літаратура 45
160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа

Беларускі паэт і пісьменнік Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, больш ведамы як Стары Улас, нарадзіўся 23 сакавіка 1865 года ў Валожыне. Бацькі будучага пісьменніка былі сялянамі. Маці займалася хатняй гаспадаркай, а бацька служыў кухарам у графа Тышкевіча. Бацькі вельмі рана памерлі, хлопчык асірацеў у 9 гадоў. Маленькага Уладзіслава ўзяла пад апеку цётка Юзэфа Амяльянская. Калі хлопчык крыху падрос, таксама, як некалі бацька, пайшоў працаваць кухарам да Тышкевіча. Пазней быў аб’ездчыкам. З-за сіроцтва не змог атрымаць сістэмнай адукацыі, хоць меў прагу да вучобы. Авалодаць пісьменнасцю яму дапамог выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Зяновіч, чалавек ліберальна-дэмакратычных поглядаў.

Каля дваццаці гадоў Стары Улас працаваў у Тыш-кевіча аб’ездчыкам, потым ляснічым ажно да Першай сусветнай вайны. Сямейнае жыццё склалася ўдала, Сівы-Сівіцкі меў сямейства з 12 чалавек. У сваёй валожынскай хаце адчыніў школку, дзе дзеці вучыліся на роднай беларускай мове. Дапамагаў дзецям беднаты, часта заступаўся за сялян. Нейкі час у 1914-ым годзе жыў у мястэчку Варняны на Астравеччыне, куды быў пераведзены па справах службы. Пазней з сям’ёй перабраўся ў Вільню, але ў трывожны час у горадзе было цяжка. Таму ў 1920-ым Стары Улас пераехаў у вёску Сужаны на Віленшчыне, дзе працаваў у маёнтку ляснічым. Пазней у 1934-ым пераехаў у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам і пражыў там да старасці.

Як паэт Стары Улас дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ўжо ў салідным веку ў “Нашай Ніве”. Змяшчаў свае вершы і вершаваныя апавяданні ў беларускіх дакастрычніцкіх і заходнебеларускіх календарах. Жонка паэта, Антаніна Вайцяхоўская, лічыла сябе польскай шляхцянкай і была незадаволена тым, што яе муж піша па-беларуску. Не знаходзіў паразумення Сівы-Сівіцкі і з некаторымі іншымі блізкімі, але далёкімі духоўна людзьмі. Такая ўжо доля беларускага паэта – заставацца па вялікім рахунку ў адзіноце. Стары Улас цікавіўся народнымі паданнямі, абрадамі, песнямі, прыпеўкамі, выкарыстоўваў іх у сваёй творчасці. Пісаў пра тое, што бачыў у вёсцы, стварыў шмат абразкоў беларускага жыцця. Яго творчасць вельмі высока цаніў Максім Багдановіч. Выявіў Стары Улас сябе і як востры публіцыст, крытыкуючы розныя заганы тагачаснага грамадства.

Многа твораў пісьменніка надрукавана з нагоды розных здарэнняў. За верш “Суд”, дзе крытыкавалася бюракратычная судовая сістэма, Сівіцкага выклікалі самога ў суд і сур’ёзна ўшчувалі. Шэраг вершаў Старога Уласа надрукаваны ў “Анталогіі беларускай паэзіі” (1961), зборніку “Беларуская дакастрычніцкая паэзія” (1969). У наш час выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі “Год беларуса” (1990). У цэлым жа вершы творцы расця-рушаны па розных месцах.

Памёр Стары Улас 30 верасня 1939 года ў веку 74 гадоў. Частка яго раскіданага архіву захоўваецца ў Беларусі і Літве, частка ў Польшчы ў горадзе Гнезна, куды пераехала пасля смерці паэта ягоная жонка.

Памяць пра Старога Уласа ў Беларусі была ўшанавана ў Валожыне – на доме, дзе ён жыў да 1914-га года ўсталявана мемарыяльная шыльда.

СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
20 нечаканых фактаў з жыцьця Багдановіча, якіх вы ня ведалі
Грамадства

20 нечаканых фактаў з жыцьця Багдановіча, якіх вы ня ведалі

10 снежня 2018, 08:5730
160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа
літаратура

160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа

29 сакавіка 2025, 06:4022
З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ
Навіны

З Новым 2021 годам! Віншаванне ад старшыні ТБМ

31 снежня 2020, 11:0320
Наш знакаміты і невядомы зямляк
Грамадства

Наш знакаміты і невядомы зямляк

17 студзеня 2024, 22:0218
Далучайцеся да нас