Беларускі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора (гміна Чыжы, Гайнаўскі павет). Яго дзейнасць – гэта цэлая эпоха беларускага літаратурнага і грамадскага руху на Падляшшы.
Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і, бацька ваяваў у Першую сусветную вайну ў расейскім войску. Пад час баёў трапіў у палон, аднак змог уцячы. Вучыўся ў польскай школе ў Моры, а пасля ў Орлі. Памятаў сваю першую паездку з іншымі школьнікамі ў “міжваенны” Беласток, якая стала для яго “ўспамінамі на ўсё жыццё”. Сям’я мела шматлікія прэтэнзіі з боку тагачасных польскіх уладаў, бацька Шведа неаднаразова судзіўся. А з прыходам савецкай улады пачаліся прыдзіркі з боку НКВД БССР. Сям’я Шведаў была пастаўлена на ўлік “кулакамі”. У іх забралі ледзь не ўсё збожжа. Верагодна, сям’я трапіла ў спіс на высяленне, але яго ўдалося пазбегнуць.
У 1939 годзе Віктар Швед пайшоў вучыцца ў беларускую школу-дзесяцігодку ў вёсцы Орля, дзе навучалі на беларускай мове. Ён успамінаў, што яго вучыла матэматыцы габрэйка Лея Юнгерман. Яна вучыла на беларускай мове, а сама ўцякла з Варшавы ад нацыстаў. Бальшыню ж настаўнікаў прывезлі тады з БССР. Тады Швед пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Быў на першай алімпіядзе дзіцячай творчасці ў Бельску. Пасля вайны і заканчэння школы пачаў працаваць.
Першая літаратурная публікацыя была ў тыднёвіку “Ніва” 24 сакавіка 1957 года – верш “Я – беларус”. З “Нівай” Швед супрацаваў больш за 50 гадоў, на яе старонках убачыла свет 2 500 яго вершаў. Таксама Віктар Швед быў сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Скончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951 г.), аддзяленне журналістыкі (1955 г.) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969 г.) Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у “Ніве”, рэдактарам у выдавецтве “Кніга і веды” ў Варшаве (1960-1988 гады).
Пасля Другога з’езу БГКТ, які прайшоў 30 красавіка 1958 года, Віктар Швед быў выбраны сакратаром арганізацыі. Ён пераехаў у Беласток. Але ў 1960 годзе захацеў вярнуцца ў Варшаву і працаваць у Варшаўскім аддзеле БГКТ. У 1960-ыя гады ў Варшаве сустрэўся з Ларысай Геніюш. Пісаў Віктар Швед на беларускай і польскай мовах. Апублікаваў наступныя зборнікі вершаў: “Жыццёвыя сцежкі” (1967 г.), “Дзяцінства прыстань” (1975 г.), “Дружба” (Мінск, 1976 г.), “Мая зялёная Зубровія” (Мінск, 1990 г.), “Родны схоў” (1991 г.), “Вясёлка” (1991 г.), “Вершы Натальцы” (1998 г.). У яго паэтычных зборніках раскрываецца тэма вернасці роднай зямлі і мове, адлюстравана драма беларускай вёскі і роднай мовы ў выніку дэнацыяналізацыі і гратэскавай правінцыйнай урбанізацыі. Пісаў таксама для дзяцей. Перакладаў з беларускай, расейскай, украінскай моў на польскую, з польскай – на беларускую. У перакладзе на польскую мову выйшла кніжка Шведа “Выбраныя вершы” (1997). Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку.
Пасля выхаду на пенсію Віктар Швед жыў у Беластоку. Быў далей сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў і Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. Распад СССР і стварэнне незалежнай Беларусі Віктар Швед сустрэў з радасцю. У 1992 годзе сустрэўся з Васілём Бы-кавым і падарыў яму свой зборнік вершаў.
Памёр Віктар Швед 22 кастрычніка 2020 года, пахаваны ў роднай вёсцы Мора.
СМІ.