Да горада Ліды паступова набліжаецца Дзень беларускага пісьменства. Ідзе падрыхтоўка. Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея як літаратурная пляцоўка пракладвае супрацоўніцтва і ў далейшым з іншымі літаратурнымі музеямі.
13, 14, 15 сакавіка ў гісторыю літаратурнай Лідчыны закладзена цікавая падзея, пра якую не павінны забывацца знаўцы гістарычнага мінулага. Роўна 85 год назад (у 1940 годзе) народны паэт Беларусі Янка Купала пабываў у горадзе Лідзе ў якасці кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской акрузе № 306. Гэтыя тры дні ў яго былі насычаны. Тыя аб’екты, дзе адбываліся выступленні, не захаваліся. Засталіся толькі ўспаміны. Сустрэць Івана Дамінікавіча Луцэвіча было даручана Валянціну Таўлаю і іншым маладым паэтам, якія пражывалі ў Лідзе і на Лідчыне (Ніна Тарас, Якуб Міско, Пятрусь Граніт). Адна з сустрэч прайшла і ў гарадской бібліятэцы, якая размяшчалася каля Лідскага замка. На той час на яе паліцах былі кнігі на яўрэйскай, польскай мовах. І тады Янка Купала з партфеля выняў сваю кнігу “Над ракою Арэсай” і падарыў бібліятэкарам. Яна стала першым беларускамоўным выданнем на той час. Гэта факт! Пазней, гэтую ж кнігу атрымаў і Валянцін Таўлай з дарчым надпісам ад аўтара.
Так склалася, што ваенныя падзеі не пашкадавалі ні бібліятэку, ні архіва Валянціна Таўлая. Усё беспаваротна загінула.
І сёння падзея. У Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7 кніга вярнулася. Вярнулася праз 85 год, як страчаная спадчына. З вялікай радасцю яе перадалі на часовае захоўванне калегі з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэтая зялёная кніжачка, якую ўспамінаў Валянцін Таўлай і якая таксама ляжала на паліцах у яго пакоі. Яна і знайшла сёння тут сваё пачэснае месца. Выданне арыгінальнае за 1937 год. Але ж гэта не адна адзінка. Усіх кніг з паэмай “Над ракою Арэсай” экспануецца 5 – выданні з 1933 па 1940 год. Акрамя іх – партрэты, фотаздымкі Янкі Купалы.
На ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “Ад Арэсы да Лідзейкі” наведаліся прыхільнікі спадчыны Янкі Купалы. Сярод гасцей – навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Ісакава Ганна Яўгенаўна. Яна падзякавала за супрацоўніцтва, за сумесны праект. Такое адчуванне, што Янка Купала і Валянцін Таўлай не разлучаліся. Ад рэчкі Арэсы, якая на Любаншчыне Менскай вобласці, да рэчкі Лідзейкі, што на Лідчыне Гарадзенскай вобласці зноў пракладзена сувязь. Атрымаўся сімвалічны неразрыўны мост.
На мерапрыемстве прысутнічала бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Галіна Раманаўна. Яна паказала альбом “Беларускі народны арнамент”, які быў падараваны жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч 29.06.1956 года падчас пераезду ў новы будынак бібліятэкі, якая ўжо мела назву імя Янкі Купалы. Гэтая рэліквія і цяпер радуе чытачоў Лідскай бібліятэкі.Разам з тым, прысутныя і госці змаглі пачуць голас незабыўнага Янкі праз аўдыёзапіс аднаго з выступленняў паэта.
Трэба адзначыць, што ў красавіку споўніцца і 100 год як Янку Купалу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. Сышліся даты і падзеі ў Лідзе!
А Вы не знаёмы з гісторыяй прыезду Янкі Купалы ў Ліду? Вы не бачылі кнігу “Над ракою Арэсай”? Тады Вам да нас у Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7.
Алесь Хітрун.