Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Страта. Наш незабыўны Валерый Міхайлавіч

Страта. Наш незабыўны Валерый Міхайлавіч

21 лютага 2025, 17:37 ТБМ 68
Страта. Наш незабыўны Валерый Міхайлавіч

У панядзелак, 17 лютага, у Дзятлаве ў апошні шлях правялі грамадска-культурнага дзеяча, педагога і краязнаўца, апошняга кіраўніка Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны Валерыя Петрыкевіча (1946-2025). Развітацца са знакамітым жыхаром Дзятлаўшчыны прыйшлі яго землякі, блізкія і родныя людзі, прыехалі сябры, пісьменнікі, краязнаўцы з Гародні, Лідчыны, Слоніма, Менска, Наваградчыны. Валерыя Міхайлавіча пахавалі побач з жонкай Наталляй на Дзятлаўскіх гарадскіх могілках.

Смерць Валерыя Петрыкевіча – вялікая страта не толькі для Дзятлава, але і для ўсёй Беларусі. Сваёй апантанасцю, шчырасцю, пунктуальнасцю, мудрасцю, талентам Валерый Міхайлавіч быў прыкладам для ўсіх, хто яго ведаў і хто з ім сябраваў. Ён вельмі моцна любіў Беларусь, сваю Наваградчыну і Дзятлаўшчыну, пісаў пра іх у вольны час, наладжваў дзесяткі розных мерапрыемстваў, сустрэч, прэзентацый. А таксама ўмеў сябраваць, дапамагаць і проста цікава жыць.

Застаць дома яго было амаль немагчыма. Ён заўсёды быў у творчых і грамадскіх справах, а спраў гэтых у яго заўсёды хапала. У апошнія 10-15 гадоў Валерый Петрыкевіч шмат зрабіў дзеля захавання памяці сваіх знакамітых землякоў. Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу і калектыву Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, на будынку музея з’явілася мемарыяльная шыльда, прысвечаная яго бацьку Міхасю Петрыкевічу (1913-1999), які заснаваў гэты музей у Дзятлаве.

 У вёсцы Зачэпічы быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай тром заходнебеларускім паэтам – Васілю Струменю, Гарасіму Праменю і Петрусю Граніту, якія былі родам з гэтай вёскі. Яны актыўна друка-валіся ў заходнебеларускіх газетах і часопісах. Пры жыцці толькі Петрусю Граніту ўдалося выдаць дзіцячую кніжку вершаў “Сцяжынка”. Іншым паэтам з Зачэпічаў сваіх кніг пабачыць не ўдалося. Некалькі гадоў запар, дзякуючы Валерыю Міхайлавічу, у Зачэпічах адбывалася Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі і песні. У вёсцы Труханавічы, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба, з’явілася яму прысвечана мемарыяльная шыльда. І гэта ўсё з добрай рукі Валерыя Петрыкевіча.

Валерый Міхайлавіч з’яўляўся арганізатарам ушанавання памяці вядомага грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста, доктара філасофіі Ігната Дварчаніна (1895-1937), які быў родам з вёскі Погіры і якога знішчылі ў сталінскіх лагерах. У вёсцы Погіры Валерый Міхайлавіч разам з супрацоўнікамі мясцовага музея і ТБМ, дзякуючы кампаніі “Зробім лепш-2020”, устанавілі камень з мемарыяльнай шыльдай, аднавілі шыльду на адной з хат у гэтай вёсцы, дзе  знаходзілася хата Ігната Дварчаніна і г.д. На адным з дзятлаўскіх хутароў быў пастаўлены крыж, прысвечаны паўстанцам 1863 года. Валерый Міхайлавіч планаваў яшчэ ў Казлоўшчыне ўстанавіць шыльду, прысвечаную заходнебеларускаму паэту і выдаўцу Сяргею Хмары (1905-1992), які нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына. А таксама хацеў убачыць і помнік Канстанціну Астрожскаму – заснавальніку Дзятлава…

 Валерый Петрыкевіч нарадзіўся 6 верасня 1946 года ў вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям’і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як член зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны на пасаду настаўніка фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў – у Валейскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградка. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе ён скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.

Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыў і працаваў у Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах № 1 і № 3.  З 2006 года знаходзіўся на пенсіі.

На працягу ўсяго жыцця Валерый Міхайлавіч вельмі любіў падарожнічаць. З вучнямі СШ № 1 не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гарадзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым пада-рожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.

Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет “Піянер Беларусі”, “Зорька”. Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету “Перамога”. Падчас вай-сковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацоўнічаў з газетай “Страж Балтыкі”. На старонках “Настаўніцкай газеты” распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ № 1 г. Дзятлава і г.д.

У 2022 годзе Валерый Петрыкевіч напісаў і выдаў кнігу краязнаўчых сустрэч і вандровак “Там, дзе цячэ Маўчадка”. Яе склалі артыкулы пра Канстанціна Астрожскага, пра дзятлаўскую тапаніміку, успамін пра бацьку Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, пра радзіму Адама Міцкевіча, і пра шмат-шмат яшчэ што. Ён быў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса.

Да 75-годдзя Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча я напісаў тэкст песні, а паклаў яго на музыку і выканаў бард Сяргей Чарняк. Вось тэкст той песні:

 

Краяведы ў жыцці не старэюць,

А як дрэвы стаяць да канца.

Лепш за іншых жыццё разумеюць,

Як баец разумее байца.

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч –

Ты да іх, мой сябрук, завітай:  

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.

Хай хвалюецца ў пошуках сэрца,

Нам ад спраў Вашых радасна жыць.

Наш Міхалыч нідзе не здаецца,

Ён умее ствараць і тварыць.

Прыпеў:

Клічуць радасць, надзея і веліч –

Ты да іх, мой сябрук, завітай:  

Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,

Які любіць бацькоўскі свой край.

 

На вялікі жаль, цяпер ужо ў мінулым часе: тут жыў наш Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч, які любіў жыццё, даследаваў сваю Бацькаўшчыну, пракладаў турыстычныя маршруты па рэках і дарогах Беларусі і шчыра сябраваў. Дзякуй Вам за ўсё, Міхалыч!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Фота з архіва аўтара.       

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
"Вёска мілая мая"
Культура

"Вёска мілая мая"

26 чэрвеня 2024, 09:0938
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:2432
Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна
Мова

Еўрапейскі дзень моў прайшоў незаўважна

28 верасня 2022, 09:4831
“Вытокі” звярнуліся да гліны
Культура

“Вытокі” звярнуліся да гліны

9 кастрычніка 2024, 21:3630
Далучайцеся да нас