Мне пашанцавала на ўласныя вочы ўбачыць у Варшаўскім Нацыянальным музеі вядомую карціну польскага гістарычнага жывапісца Яна Матэйкі “Грунвальдская бітва”, напісаную ў 1878 годзе.
Рэпрадукцыя гэтай карціны часта змяшчалася ў беларускіх падручніках па гісторыі і ў кнігах прафесара Анатоля Пятровіча Грыцкевіча. Але не кожнаму выпадае шанец пабачыць на ўласныя вочы гэтае вялікае гістарычнае палатно, прадмет гонару і павагі. Яно займае цэлую сцяну у асобым зале Варшаўскага Нацыянальнага музея.
Сюжэтам карціны стала Грунвальдская бітва (1410), у якой войскі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага разграмілі нямецкі Тэўтонскі ордэн. Удзельнічалі ў бітве Лідская, Віцебская і іншыя харугвы.
Мастак у час працы ў асноўным выкарыстоўваў хронікі Яна Длугаша – польскага храніста, які паводле расказаў свайго дзядзькі апісаў бітву пад Грунвальдам. Ян Матэйка маляваў карціну прыкладна 6 гадоў (1872-1878).
У цэнтры палатна знаходзіцца князь Вітаўт; без брані і шлема, апрануты ў чырвоны жупан, з мітрай на галаве. У раскінутых і ўзнесеных руках трымае меч і шчыт у трыумфальным жэсце.
З левага боку карціны знаходзіцца крыжацкі магістр Ульрых фон Юнгінген. Ён прыбраны ў белы плашч з чорным крыжам на грудзях. З выразам сполаху на твары абараняецца перад атакай двух ваяроў. Далей па левым баку спяшаецца яму на дапамогу князь Шчэцінскі. Імчыцца ён на чорным кані, у шлеме з паўлінавымі пёрамі. Абаронцу, аднак, атакуе польскі рыцар з дзідай – Якуб Скарбік з Гары. Гермік жа ў сваю чаргу схапіў за лейцы каня, на якім сядзеў князь шчэцінскі Казімір V.
Збоку ля загінуўшага крыжацкага магістра можна ўбачыць барадатага старца. Гэта камандор эльблонгскі Вернер Тэтынген. У сярэдзіне, унізе карціны ляжыць вялікі камандор Конрад Ліхтэнштэйн, які памірае.
З левага боку ўверсе, за князем Вітаўтам ідзе барацьба паміж немцам і палякам. Затое па правым баку можна ўбачыць рыцара з польскім штандарам. Гэты сцяг горда лунае на ветры, у той час, калі нямецкі ваяр хіліцца да зямлі. Гэта з’яўляецца сімвалам канчатковай перамогі.
З правага боку палатна цэнтральным пунктам з’яўляецца рудабароды асілак у зброі: камандор брандэбургскі Марквард фон Зальцбах. Яго конь падае якраз у той час, калі сам камандор ахоплены канатам татараў.
Наперадзе відна постаць чэшскага рыцара Яна Жыжкі ў зброі, які адной нагой стаіць на зямлі, а другой – на паваленым праціўніку. Жыжка падняў меч угору, каб нанесці апошні ўдар ворагу – Генрыху фон Швельборну, тухольскаму камандору. У гэты час перашкаджае яму постаць у цёмным убранні, якая намагаецца нанесці ўдар паляўнічым нажом.
Завіша Чорны прадстаўлены ў фіялетавым убранні, без шлема; атакуе, узброены турнірнай дзідай.
У лютым 1878 года Матэйка прадаў карціну за 45000 злотых пану Разенблюму з Варшавы. Першая выстаўка была адкрыта 28 верасня 1878 года ў залах кракаўскага Гарадскога Урада.
У тым самым годзе палатно было перавезена з Кракава на выстаўку ў Вену, а ў 1880 г. было прэзентавана ў Варшаве. Пасля карціна была паказана па чарзе на мастацкіх выстаўках у Пецярбургу, Берліне, Львове і Бухарэсце.
У красавіку 1880 палатно аказалася ў Парыжы, а потым вярнулася ў Варшаву, дзе назаўжды стала экспанатам у Нацыянальнай Галерэі Падтрымкі Мастацтва.
У 1902 годзе карціна была выкуплена ў нашчадкаў Разенблюма і перададзена ў якасці ахвяравання да збораў Музея Таварыства Падтрымкі Выяўленчых Мастацтваў у Варшаве. У перыяд Першай сусветнай вайны карціна, у мэтах бяспекі, была вывезена ў Маскву. У Польшчу вярнулася ў 1922 годзе і была размешчана ў Варшаве.
У верасні 1939 года, у час навін пра надыход у сталіцу нямецкіх войскаў, было прынята рашэнне аб эвакуацыі і схове карціны – знаходжанне яе ў Варшаве пагражала ёй небяспекай па прычынах бомбавых налётаў ці мэтанакіраванага знішчэння немцамі. Палатно было скручана, запакавана ў спецыяльныя скрыні, пагружана на доўгую платформу і разам са Станіславам Радзецкім-Мікулічам (адміністрацыйным дырэктарам галерэі), мастаком Станіславам Эйсмандам (віцэ-прэзідэнтам “Падтрымкі”) і яшчэ адным мастаком Баляславам Сурала, было накіравана ў Люблін.
9 верасня 1939 а 7.00 ахова з карцінай пад’ехала да Люблінскага Музея, дзе была перададзена інтэнданту музея, прафесару Уладзіславу Войдзе. У час падарожжа, у выніку нямецкай паветранай атакі на Люблін, адна з бомб трапіла ў музей і забіла дзвюх асоб, якія суправаджалі канвой – Станіслава Эйсманда і Баляслава Сурала.
Пасля паражэння Польшчы люблінскае гестапа распачало інтэнсіўныя пошукі карціны. Міністр прапаганды III Рэйха Ёзаф Гебельс прызначыў узнагароду ў 2000 000 нямецкіх марак за знаходку палатна ці звестак пра месца яго знаходжання. Першапачаткова прадстаўнікі гестапа спрабавалі падкупіць прафесара Войду ўзнагародай, нямецкім грамадзянствам і пашпартам у Германію, пасля пагражалі пазбавіць жыцця – Войда ўпэўнена адмаўляўся супрацоўнічаць. У рэшце рэшт польскае радыё ў Лондане выдала ілжывыя звесткі пра тое, што “Бітва пад Грунвальдам” перапраўлена ў Вялікабрытанію. Толькі тады немцы спынілі свае пошукі карціны.
Прафесар Войда пасля арганізаванага фіктыўнага вывазу карціны з Любліна, зробленага з мэтай замесці сляды, абмежавання кола асоб, якія ведаюць пра палатно і месца яго знаходжання, і пасля новай ўпакоўкі ў спецыяльна сканструяваны рулон, вырашыў ізноў схаваць “Бітву пад Грунвальдам” у адной з вёсак пад Люблінам, дзе карціна і прабыла да моманту вызвалення горада Чырвонай Арміяй у 1944 годзе.
Потым карціна была адкапана і здабыта з зацэментаванага раней саркафага і 17 кастрычніка 1944 г. афіцыйна прынята кіраўніком ведамства культуры і мастацтва. Пасля першапачатковага ачышчэння і перавозу карціны ў Нацыянальны Музей у Варшаве яна была рупліва адрэстаўравана пад кіраўніцтвам прафесара Багдана Марцоніна. У хуткім часе палатно размясцілі ў Нацыя-нальным Музеі ў Варшаве, як сталы экспанат экспазіцыі, дзе карціна і знаходзіцца да сённяшняга дня.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.