Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

8 лістапада 2024, 07:53 Мова 49
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

 

Заняўшыся дрэвамі мы прапусцілі сам лес. Вось жа, як у прымаўцы, “за дрэвамі лесу не ўгледзелі”.

Беларуская 18-ці томавая энцыклапедыя пра лес пісаць нічога не захацела, маўляў: “ І так усе ведаюць”. Польская паўшэхная энцыклапедыя паступіла так жа. Расейская вікіпедыя расказала пра лес, як пра экасістэму:

“Лес – экалагічная сістэма, біягеацэноз, у якой галоўнай жыццёвай формай з’яўляюцца дрэвы.

Лес – складовая частка прыроды, паняцце “лес” можна разглядаць на розных узроўнях. У глабальным маштабе – гэта частка біясферы, у лакальным – гэта можа быць насаджэнне. Яго таксама можна разглядаць як прыродна-занальнае падраздзяленне, як правінцыйнае падраздзяленне, як лясны масіў…”

Нам глабальны разгляд не патрэбны. Мы спынімся на беларускіх моўных аспектах.

Слова “лес” аднаскладовае, а значыць вельмі старажытнае. Нашы продкі або прынеслі яго з сабой, або засвоілі ўжо ў Еўропе ад папярэднікаў, якіх тут сустрэлі. Слова “лес” бытуе ва ўсіх усходне- і заходнеславянскіх мовах (ёсць варыяцыі з галоснай) і нідзе не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. У той жа час у паўднёвых славян лес называецца ўжо славянскімі словамі “гора”, “шума”, якія маюць празрыстую этымалогію. Пошук моў, адкуль мы маглі б пераняць слова “лес”, ад санскрыта да гэльскай нічога не даў. Таму будзем лічыць слова “лес” запазычаным у невядоых нашых папярэднікаў на еўрапейскім абшары.

Затое сам лес ужо даў мноства вытворных: прад-метных назоўнікаў і тапонімаў – узлесак, пералесак, лясок, падлесак, Залессе, лясіна, лесапаласа, лясніцтва, ляснічы, ляснік, лёсткі, балясы і г.д.

Каб не забыцца, прыпынімся на слове ляснічы. Ляснічы – чалавек, які ахоўвае лес. Слова позняга ўтва-рэння. Мае сэнсавыя аналагі. Паляўнічы – слова, якое мы перакладаем на рускую мову як охотник, на самай справе абазначае чалавека, які ахоўвае поле, ну, вядома, і ад зайцоў ды козаў таксама. Слова змяніла сэнс, але і першапачатак разумець трэба. Наступнае слова – паплаўнічы. Яго зусім рэдка дзе пачуеш. Але яно ёсць у Акадэмічны слоўніку. Паплаўнічы – чалавек, які ахоўвае паплавы. У вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна быў чалавек з мянушкай Паплаўнічы. У старыя часы ў нашых паветах была пасада будаўнічы. Мусіць, адказваў за нешта ў галіне будаўніцтва.

Корань лес лёг у аснову словаў лёстка, ляшчотка, лескатаць, балясы. Лёстка – дошчачка ў драбінах, або яшчэ дзе. Ляшчотка – народны музычны інструмент з дошчачак. Лескатаць, лескатанне – гук ад лёстак. Ну і балясы. У рускай мове ёсць прымаўка “точить лясы” – доўга і без карыснага выніку размаўляць. У нас гэтую прымаўку трэба было б прамаўляць, як “тачыць балясы”, заўважу, не “вастрыць”, а менавіта “тачыць” на такарным станку. Балясы самі па сабе – точаныя фігурныя палачкі ды канстрцкцыі з іх. Праца па выточванні балясін была доўгая, марудная, тым больш на тагачасных станках, дзе рухальным органам была нага самога токара, якая круціла нарыхтоўку на-цісканнем на педаль, падобны на той, які мы памятаем у швейных машынках “Зінгер” ці “Орша”. Точанымі маглі быць спіцы ў колах брычкі і лёсткі ў той жа брычцы, спіцы ў розных лёгкіх калясках, а ў калаўротках абавязкова. З точаных балясін рабілі розныя агароджы і загарадзі ў храмах. Рабілі і агароджы магілаў. Драўляныя агароджы на могілках не даўгавечныя. Яны хутка гнілі і знікалі. Знікла і сама традыцыя ставіць драўляныя балясы, але з’явіліся жалезныя агароджы, і яны тут жа перанялі назву “балясы”, хоць часта ніякіх точаных балясін там ужо не было. Век металічных балясаў таксама заканчваецца. Яны знікаюць з нашых могілак. Прыходзіць бетон, камень, кераміка.

Этымалагічна да слова лес прымыкаюць дзеясловы лезці, пралезці. І хоць тут літала с, а тут з, гукі амаль аднолькавыя, бо з перад ц вымаўляецца амаль як с. А сэнсава прайсці, прабрацца праз густы лес і будзе пра-лезці (пра-лес-ці). І ўжо з гэтага боку можна падысці да дзеяслова лазіць, бо першапачаткова лазілі менавіта па дрэвах, па лясінах.

 

Але вернемся такі да лесу. У Беларусі мы маем у асноўным змешаныя лясы, якія з-за перавагі нейкай пароды дрэваў ці асаблівасцяў іншага кшталту дзеляцца на некалькі асноўных відаў:

– пушча;

– бор;

– гай;

– кнея;

– вомшар.

Гэтыя словы абазначаюць не толькі катэгорыі лясных масіваў, але часта выступаюць у якасці тапонімаў.

Пачнём з пушчы. Беларуская энцыклапедыя ўдзяліла пушчы 21 радок. “ПУШЧА, вялікі масіў густога. цяжкапраходнага лесу, нетры. Часцей складаецца з забалочаных, у мінулым рэліктавых высокаўзроставых лясоў…” і г.д. Пералічваецца шэраг сучасных і гістарычных пушчаў. На самай справе пералічыць іх усе немагчыма. У гістарычных крыніцах іх вялікая колькасць. Толькі на тэрыторыі сучаснага Лідскага раёна іх было дзве: Дакудаўская і Ольжаўская. І калі на тэрыторыі Дакудаўскай пушчы зарах існуе Дакудаўскі заказнік, то ад Ольжаўскай няма і ўспаміну. Суцэльныя палі з рэдкімі пералескамі. І так паўсюль.

Слова пушча па ўсіх прыкметах славянскае, цесна звязанае з дзеясловамі пушчаць, (не пушчаць) – пускаць (не пускаць). Магчыма, што сэнс назвы – запушчаны, занядбаны, не асвоены чалавекам лес. Сапраўды пушчы маглі захавацца ў нечапаным выглядзе перш за ўсё там, куды быў для чалавека цяжкі доступ. Цяжкасць доступу ўзнікала не толькі па прыродных прычынах, але часта тут меўлі месца этнічныя, эканамічныя, палітычныя фактары. І ўжо дзяржаўны клопат таксама меў уплыў на заха-ванасць пушчаў. Зараз асноўныя пушчы ахоўваюцца і міжнародным правам.

Пушчы – вялікія і разнастайныя па структуры лясныя масівы. Меншыя лясныя масівы таксама маюць у нас свае назвы.

У 1997 годзе я напісаў артыкул пра бор (Наша слова, № 17 (333), 1-15 снежня 1997 г., ст. 4). Скарыстаем яго па магчымасці.

Бор – спелы хваёвы лес, які расце пераважна на пясчаных, супясчаных і лёгкасугліністых глебах. Бары пашыраны практычна па ўсёй Беларусі.

Дрэвастоі ў барах часам з дамешкам бярозы, месцамі елкі. Бары бываюць беламошныя, лішайнікавыя, зеленамошныя, верасовыя, бруснічныя, імшыстыя, чарнічныя, сухія, свежыя, вільготныя.

Да слова бор моўна прымыкае слова барана.

Барана – земляробчая прылада для рыхлення, баранавання глебы. Бораны адрознівалі па тыпах: вяр-шаліна, смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Бораны былі драўляныя з драўлянымі зубамі, драўляныя з жалезнымі зубамі, зараз ужываюцца ў асноўным рам-ныя жалезныя бораны з жалезнымі зубамі.

Што ж агульнага паміж гэтымі такімі рознымі аб’ектамі. Агульная карэнная прадметная аснова.

Слова “бор”, як і слова “лес” – слова аднаскладаовае і вельмі старажытнае. Першапачаткова яно азначала проста лес. Узнікла слова на мяжы лесу і стэпу. Лес для нашых прашчураў быў домам, кармільцам і абаронцам. Лес бараніў ад холаду, голаду і ворагаў. “Абараніцца” абазначала напачатку “схавацца ў бары”. Таму словы “абарона”, “барацьба” ўзніклі на аснове слова “бор”. Шырока вядомае ў старжытнасці імя Рацібор, якое паходзіць ад словаў “раць”, “ратнік”, і “бор”. Ад слова “бор” паходзіць і словы “бервяно”, “бярвенне”.

Барана на пачатку, калі яна была вершаліннага тыпу ці простай сукаваткай, і ўяўляла сабой кавалак дрэва з сукамі, які цягнулі за тонкі канец і рыхлілі сукамі зямлю, магла атрымаць сваю назву ад тога ж слова “бор” ці “баравіна”, “барына”, што абазначала проста лясіну, палена, бервяно.

Пазней, калі баранаванне глебы набыло ў цыкле сельскагаспадарчых работаў дадатковы сэнс, а, менавіта бараной пачалі прысыпаць зерне, каб абараніць яго ад птушак, слова “абарона” лёгка звязалася са словам “барана”. Шырока вядомая беларуская прымаўка: “Хай Бог крые і бароніць” у жартоўнай форме загучала: “Хай Бог крые, барануе”.

Вельмі блізкае да слова “барана” слова “баран”. Разам з тым “баран” нічога агульнага з “бараной” і “борам” не мае. Слова “баран” таксама надзвычай старажытнае, але больш позняе чым “бор”. На санскрыце “баран” гучыць як “урана”, на курдскай – як “бэран”. І гэта вельмі далёка ад нашага бору, тым больш, што бары – не для бараноў.

Хваёвыя ў шырокім сэнсе бары могуць мець назвы: хвойнік, ельнік.

У Сібіры ёсць кядроўнік. Ці ёсць слова піхтоўнік, не ведаю. Сібір вялікая.

Са словам бор моцна звязана слова баравік. Мы пра гэта бегла ўжо гаварылі, а ў 1998 годзе прафесар, доктар філалагічных навук Павел Сцяцко напісаў пра гэта больш грунтоўна (Наша слова, № 44 (378), 11 лістапада 1998 г., ст.4).

“Баравік – а не белы грыб. Яшчэ “Беларуска- расійскі слоўнік” М. Байкова і С.Некрашэвіча засведчыў: “Баравік м. – белы грыб” (С.40). I ў першым акадэмічным “Русско-белорусском словаре” 1953 года падаецца: “Бе-лый грыб – баравік” (С.3і\). Тое самае бачым і ў двух-томавым яго перавыданні (РБС-82. Т. 1. С.53: “белый граб – баравік”) і трохтомавым (РБС- 93. Т. 1. С.90.). А вось “Беларуска-рускі слоўнік” 1962 года ўжо натуе і такое: белы грыб – белый гриб (С. 123). Гэта паўтарае і яго двухтомавае перавыданне (Т. І. Мн” 1988. С. 182). Як і іншыя небеларускія словы (белка, белчын, берагавушка, бесступеньчаты, бляшаначны, брыючы палёт, брытвенны і безліч падобных).

А вось тлумачальныя слоўнікі беларускай мовы не падаюць гэтае намінацыі, як рэестравага слова, а толькі натуральную: “Баравік, -а, – і, -оў, -м. Высокакаштоўпы ядомы грыб з светла- ці цёмпакарычневай шапкай і белай тоўстай ножкай” (ТСБМ. Т.І. Мн” 1977. С 340, ТСБЛМ. Мн” 1996. С.82).

Як паказвае карта № 279 “Баравік” у “Лексічным атласе беларускіх народных гаворак (у пяці тамах). Т. 1. Раслінны і жывёльны свет” (Мінск, 1993), лексема баравік пашырана на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Зрэдку сустракаюцца іншыя назвы: грыб, добры грыб, дабрак, добрык, праўдзівы грыб, праўдзівік, праўдзівец, справядлівы грыб, шчыры грыб. А вось наймення белы грыб мы тут не сустрэнем. Такім чынам адзінай нарматыўнай намінацыяй высокакаштоўнага страўнага грыба са светлай ці цёмнакарычневай шапкай і тоўстай ножкай ёсць баравік”.

Да паўнаты малюнка трэба дадаць, што найменне белы грыб ужывалася ў Сейлавічах, але тычылася яно пячарак (шампіньёнаў), якія раслі на пашах і сапраўды мелі белы колер зверху. Што да баравіка, то ўся моладзь ужывала толькі слова баравік, а вось старыя людзі маглі сказаць добры і без слова грыб. “Нарэзала кош добрых”.

І слова бор і слова баравік далі Беларусі мноства тапонімаў па ўсім абшары краіны. Пры гэтым усе тапонімы маюць выразную і правільную беларускую форму.

 

Слову “гай” Беларуская энцыклапедыя ўдзяліла чатыры радкі:

“ГАЙ – невялікі, звычайна адасоблены ад ад асноўнага масіву, участак лесу, які складаюць дрэвы лісцевых парод (бяроза, дуб і інш.), часцей аднаго ўзро-сту”.

Руская вікіпедыя да слова гай падае нарматыўную рощу, але ўказвае, што ў многіх рэгіёнах Расіі таксама ўжываецца гай. Невялікія гаі называюць часта загайнікамі.

Слова гай аднаскладовая, таксама вельмі старажытнае. Яно таксама не нясе сэнсавай нагрузкі, а значыць было запазычана.

Акрамя бярозавых і дубовых на Беларусі распаў-сюджаны альховыя і асінавыя гаі.

Гай таксама даў шмат тапонімаў: Гай, Гаёк, Гайкі і інш. Прозвішчы слынных нясвіжскіх дактароў Падгайскіх таксама паходзяць ад слова гай.

Здаралася, словам гаёвы называлі лесніка. Цяпер словам гаёвы назвыюць ДАІ-шніка, ад расейскай абравіятуры ГАИ.

Дубовы гай на Беларусі называюць яшчэ дубровай і дубравай. І не трэба тут разбірацца, што больш правільна, хаця тапонімы паказваюць перавагу слова дуброва: Дуброўня, Дуброўна.. А так абодва словы беларускія, і не трэба збядняць нашую мову, выкідваючы сінонімы толькі за тое, што яны падобныя на рускую форму. Бо гэта яшчэ хто на каго падобны.

 

І кнея. Гэтае слова цалкам забытае ў Беларусі. Польскі слоўнік утрымоўвае гэтае слова. Абазначае яно там лясныя нетры, гушчар, зараснік. У нас ім варта было б абазначаць больш-менш аднародныя масівы тыпу гай, але не аддзеленыя ад асноўнага лесу. На пытанне, для чаго цягнуць паланізм у беларускую мову? – адказ: не цягнуць, а вярнуць. Справа ў тым што слова кнея шырока ўжывалася ў тэкстах нашых аўтараў у 19-м стагоддзі і не толькі ў польскамоўных, але і ў беларускамоўных. Так Вільгельм Пратасэвіч у сваёй паэме “Суседчык гавейскі” піша: “кнея”, “кнея-дубіна”.

… Мы, нябозе, вышлі па восьмай гадзіне

І цішком пасталі у кнеі ў дубіне,

А навокал сталі на коніках счвачы,

З-за Жалеек гончы вялі наяздачы…

 

… Вышлі мы з дубіны да у кнею нову

Ўсе праз дарогу зараз к Палашову.

Тут як толька гончы зайца выганілі,

Неякісь паны зараз і забілі…

 

… І другі паночак пры агню ляжыць,

Аж у кнеі лісок нішчачком бяжыць.

А тут Мяргялевіч у канцы балота

Крычыць: “Пільнуй ліса!” От табе работа…

Ад лідскіх муроў, № 9.

 

Больш менш аднародны лясны масіў, ці то гай, ці то кнею адпаведна з асноўнай пародай дрэва часта называюць: бярэзнік, асіннік, дубняк, алешнік, маліннік, ажыннік, арэшнік, верасняк. Могуць сказаць грабняк і рабіннік. Ад ясеня, таполі, ліпы, клёна, каштана такіх утварэнняў няма. Здаецца, і лагічна, бо ясеневых ці ліпавых лясоў у нас знайсці цяжка. А вось клёнавы ёсць такі. Знаходзіцца клёнавая кнея ў Вінклераўшчыне Нясвіжскага раёна. Там жа знайходзіцца і грабавая кнея. Вось ужо нетры дык нетры. У грабавым лесе чорна і страшна, то без патрэбы туды не хадзілі.

А вось сок з клёна часта называюць кляновік, як і бярозавы сок – бярозавік. Кляновік нашмат саладзейшы за бярозавік, ды вось аддае яго клён не так ахвотна, як бяроза, але смак у народзе не забыты.

 

Ну і нарэшце вомшар. Вомшар – лес на балоце. Назва сугучная са словам амшарнік, якое ў сваю чаргу выразна звязана са словам мох. Вомшары бываюць розныя. Каля Ліпніцкіх быў вялікі вомшар. Усе лічылі слова Вомшар тапонімам і пісалі з вялікай літары як назву балота. З другога боку ад Ліпніцкіх быў алешнік, назву якога таксама лічылі тапонімам і пісалі Алешнік.

У Вомшары раслі дрэвы: бярозкі, сасёнкі, кусты, раслі буіны і адпаведна багун. З-за гэтага багуна буіны часта называюць дурніцамі, бо людзі збіраюць буіны і дыхаюць багуном, ад якога потым баліць галава. Адпа-ведна ў тым галаўным болі вінавацяць буіны, якія Богу душою ні ў чым не вінаватыя.

У Алешніку раслі алешнік і арэшнік, хоць разжыцца там арэхамі ўдавалася рэдка. Па сутнасці наш Алешнік – таксама вомшар, лес на балоце.

(Працяг у наступным нумары.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20
Культура

ПЕЧКАМ-ЛАВАЧКАМ – 20

6 снежня 2024, 07:3621
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
Культура

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

29 сакавіка 2025, 08:0718
Я краінай сваёй ганаруся
Культура

Я краінай сваёй ганаруся

4 лютага 2025, 16:3118
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0418
Далучайцеся да нас