100 гадоў з дня нараджэння Івана Лепешава
Нарадзіўся Іван Лепешаў у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 годзе скончыў восем класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзявяты клас і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, але паспеў закончыць толькі першы курс. Вучобу перапыніла Другая сусветная вайна.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнам і медалямі.
Аршанскі інстытут скончыў у 1948 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і расейскай мовы і літаратуры ў розных школах. З 1949 года мы маем цмяны перыяд у біяграфіі Івана Лепешава. Але ўжо ў 1959 годзе Іван Лепешаў закончыў з адзнакай філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы (завочна), а потым аспірантуру пры Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1973 годзе педагог абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы”, а ў 1985 г. доктарскую дысертацыю “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы”. Вучонае званне прафесара яму было прысвоена ў 1987 годзе.
З 1971 года Іван Лепешаў працаваў на кафедры беларускай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Асноўнымі сферамі навуковых даследаванняў вучонага з’яўляліся фразеалогія, мова мастацкай літаратуры, розныя аспекты культуры мовы і маўлення, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя нормы і выпадкі іх парушэння ў вуснай і пісьмовай мовах. Першымі працамі ў галіне лексікаграфічнага і тэарэтычнага апісання літаратурнай фразеалогіі сталі “Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы” (1973, з Н.В. Гаўрош і Ф.М. Янкоўскім), “Фразеалогія ў творах Кандрата Крапівы” (1976). Спецыфіку мовы мастацкай літаратуры Іван Лепешаў раскрыў у кнізе “Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора” (1981) – першае даследаванне такога тыпу і першы дапаможнік па гэтай навучальнай дысцыпліне. У ёй даюцца прафесійныя тлумачэнні разнастайных моўных таямніц, загадкавых лінгвістычных з’яў, якія сустракаюцца на старонках мастацкіх твораў, прызначаных для вывучэння ў сярэдняй школе. Аўтар пераконвае ў тым, што цэласнае ўспрыманне і ацэнка твора магчымыя толькі пры адзінстве літаратуразнаўчага і лінгвістычнага падыходу. Плённымі былі даследаванні вучонага ў галіне беларускай фразеалогіі. Каля 450 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы аўтар растлумачыў у “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” (1981) – першая спроба ў беларускім мовазнаўстве стварыць слоўнік такога тыпу. Даследчык раскрыў сэнс, унутраную форму ўстойлівых выразаў са страчанай або зацемненай матывіроўкай сучаснага значэння і іншыя.
У 1993 годзе выйшла другая частка гэтага слоўніка, дзе раскрываецца паходжанне каля 900 фразеалагізмаў. Першая спроба складання дыферэнцыйнага слоўніка дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гаворках Гарадзенскай і Віцебскай абласцей, таксама належыць Івану Лепешаву – “З народнай фразеалогіі” (1991). Даследаванням у сферы фразеалогіі прысвечаны і такія працы, як “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы” (1984), “Фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (1998), “У фразеалагічную скарбонку” (2004). Плёнам саракагадовых пошукаў стаў “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” ў двух тамах (1993). Другое дапрацаванае і дапоўненае выданне выйшла пад назвай “Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы” ў 2008 годзе. Для яго стварэння аўтару давялося прачытаць амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзясяткі тысяч фразеалагічных цытат. Складзена картатэка акадэмічнага тыпу, якая дазволіла апісаць адносна ўсю літаратурную фразеалогію. Гэта фундаментальная праца стала вялікім дасягненнем вучонага, важкім набыткам беларускай лінгвістыкі. Неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як моўныя адзінкі, што рэальна існуюць, абгрунтоўваецца ў дапаможніку “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006). Тут упершыню даецца тэарэтычны і часткова практычны матэрыял для сістэматызаванага вывучэння прыказак з семантычнага, этымалагічнага, граматычнага і стылістычнага пунктаў гледжання. У “Слоўніку беларускіх прыказак” (1996) даследчык апісаў найбольш ужывальныя прыказкі, растлумачыў іх сэнс, даў іх сітуацыйную і стылістычную характарыстыку. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюстравана прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных твораў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых ёсць даведкі пра паходжанне. Таксама ў слоўніку адлюстравана варыянтнасць пры-казак і сінанімічныя адносіны паміж імі. У 2014 годзе быў выдадзены “Этымалагічны слоўнік прыказак”.
Даследчык з’яўляўся аўтарам навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ “Моўныя самацветы” (1985), “У слоўнікавую скарбонку” (1999), “Практыкум па беларускай мове” (2001, у суаўтарстве), “Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні” (2002), “Чаму мы так гаворым” (2003), “Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфа-графіі” (2007, у суаўтарстве), “Культура маўлення” (2007), “Лінгвістычны аналіз тэксту” (2009). Вядомы і такія навукова-папулярныя кнігі Івана Лепешава, як “Дазнанні” (2000), “У пошуках ісціны” (2007), “Літаратура, мова, гісторыя: надзённае” (2010), “Упоравень з часам” (2012), “Перад змярканнем” (2013).
Больш чым за чатыры дзесяцігоддзі Іванам Лепешавым было створана шмат манаграфій, слоўнікаў, навучальных дапаможнікаў, метадычных распрацовак, навуковых і публіцыстычных артыкулаў. На даследчыцкім рахунку вучонага – каля 620 навуковых прац, сярод іх – 45 кніг, якія прынеслі шырокую вядомасць. Ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга” і іншымі, знакам “Выдатнік народнай асветы”, шэрагам ганаровых грамат.
Іван Якаўлевіч Лепешаў быў пастаянным, нязменным і неадменным прыхільнікам газеты “Наша слова”. У “Нашым слове” надрукавана незлічоная колькасць артыкулаў прафесара Івана Лепешава. Незлічоная не таму, што іх нельга палічыць, а таму, што ніхто не лічыў. А тэма “Іван Лепешаў у “Нашым слове” магла б стаць тэмай добрага навуковага даследвання. У рукапісе “Слоўніка фразеалагізмаў” (2008), як сцвярджае Міхась Скобла са слоў самога Івана Якаўлевіча было шмат спасылак на публікацыі ў “Нашым слове”, але ўсе яны былі зняты цэнзурай. Ды як бы там не было, для “Нашага слова” было вялікім гонарам друкаваць артыкулы прафесара Івана Лепешава, як і іншых слаўных гарадзенскіх прафесараў: Паўла Сцяцко, Аляксея Пяткевіча…
Яраслаў Грынкевіч.